НАГУМО́ВІЧ (Леў Казіміравіч) (Якаўлевіч; 1792, г. Магілёў — 26.4.1853),
хірург. Д-р медыцыны (1812). Скончыў Віленскі ун-т. З 1812 ваен. ўрач. Удзельнічаў у вайне 1812. У 1818—26 ардынатар Магілёўскага ваен. шпіталя. Навук. працы па лячэнні агнястрэльных ран, халеры.
т. 11, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУНЦ (Восіп Лазаравіч) (29.12.1842—1930),
бел. вучоны ў галіне тэрапіі, заснавальнік процітуберкулёзнай дапамогі ў Мінску. Д-р медыцыны (1869). Скончыў Маскоўскі ун-т (1866). З 1867 працаваў у Мінску: ардынатар ваеннага шпіталя, урач рэальнага вучылішча, чл. камісіі па арганізацыі БДУ. Заснаваў першы на Беларусі дзіцячы процітуберкулёзны санаторый (1898). Навук. працы па пытаннях туберкулёзу, эндакрыналогіі, педыятрыі.
т. 9, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́СТАЎ (Аляксандр Фёдаравіч) (9.3.1855, Разанская вобл., Расія — 30.8.1908),
бел. вучоны ў галіне клінічнай медыцыны, грамадскі дзеяч. Д-р медыцыны (1888). Скончыў Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1881). Працаваў у г. Магілёў: з 1889 ардынатар губ. бальніцы, з 1892 дырэктар фельчарскай школы. Навук. працы па спосабах увядзення лякарстваў у арганізм. Заснаваў т-ва Чырв. Крыжа ў Магілёве.
Тв.:
Внутригорловое распыление (интратрахеальная пульверизация) как способ введения лекарств в организм. СПб., 1888.
т. 9, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)