Аргон 1/427; 3/288; 5/105, 401; 7/588; 8/415 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АРГО́Н (лац. Argon),

Ar, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы элементаў, ат. н. 18, ат. м. 39,948; інертны газ. Атмасферны аргон складаецца з трох стабільных ізатопаў: ​36Ar (0,337%), ​38Ar (0,063%), і ​40Ar (99,6%). У атмасферы 16∙10​12 т аргону, у зямной кары 0,165∙10​12 т, у вадзе 0,75∙10​12 т. Адкрыты ў 1894. Газ без колеру і паху, малекула аднаатамная, пры звычайных умовах хімічна інертны, tкіп -185,9 °C. Атрымліваюць раздзяленнем газаў пры глыбокім ахаладжэнні паветра. Выкарыстоўваецца ў металургічных (аргонадугавая зварка алюмініевых і алюмамагніевых сплаваў) і хім. працэсах (пры атрыманні звышчыстых рэчываў), для запаўнення эл. лямпаў і газаразрадных трубак, вызначэння ўзросту мінералаў.

т. 1, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТМАФІ́ЛЬНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,

некаторыя хімічныя элементы атмасферы Зямлі. Паводле геахім. класіфікацыі элементаў да атмафільных элементаў адносяцца вадарод, азот і інертныя газы (гелій, неон, аргон, крыптон, ксенон і радон), якія ў атмасферы знаходзяцца ў стане свабодных атамаў або малекул. Кісларод належыць да літафільных элементаў (складае 47% літасферы).

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬШЭ́ЎСКІ ((Olszewski) Кароль Станіслаў) (29.1.1846, Бранішаў Тарноўскі, Польшча — 24.3.1915),

польскі фізік і хімік. Чл. Кракаўскай АН (1888). Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1872). З 1876 праф. Кракаўскага ун-та. У 1883 разам з З.​Ф.​Урублеўскім упершыню атрымаў вадкі кісларод, у 1895 — вадкі аргон. Адыябатычным расшырэннем сціснутага і ахалоджанага вадароду дабіўся яго звадкавання. У 1896—1905 спрабаваў атрымаць вадкі гелій і дасягнуў пры гэтым т-ры парадку некалькіх кельвінаў. Даследаваў фіз. ўласцівасці кандэнсаваных газаў (метану, цвёрдага азоту і інш.).

т. 1, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ІНКАЎ (Васіль Віктаравіч) (25.4.1902, Тбілісі — 4.3.1986),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1968). Творчую дзейнасць пачаў у Сухумі. З 1932 у Рус. драм. т-ры БССР. Майстар псіхалагічна дакладнага раскрыцця характараў персанажаў, ствараў каларытныя эпізадычныя вобразы: Міхей, Гарнец («Галоўная стаўка», «Дзеля жыцця» К.​Губарэвіча), Фірс («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Трубач, Галавасцікаў, Бяссеменаў («Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары», «Мяшчане» М.​Горкага), Князь Турэнін («Цар Фёдар Іаанавіч» А.​К.​Талстога), Аргон («Хітрыкі Скапэна» Мальера), Бернарда («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі) і інш.

т. 4, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ЗВА́РКА,

спосаб злучэння металаў у асяроддзі ахоўных газаў; від дугавой зваркі. Газы падаюцца гарэлкай зварачнай або напаўняюць камеру з вырабамі. Яны засцерагаюць метал ад шкоднага ўплыву атм. паветра, паляпшаюць якасць зварнога шва, павышаюць устойлівасць гарэння дугі. Газаэлектрычная зварка бывае ручная, паўаўтаматычная і аўтаматычная. Выкарыстоўваецца для злучэння дэталей малой і сярэдняй таўшчыні.

Газаэлектрычная зварка ў вуглякіслым газе (найб. пашырана) зварваюць сталь розных марак, у інертных газах — большасць каляровых металаў і нержавейных сталей. З інертных газаў найчасцей выкарыстоўваюць аргон (аргонадугавая зварка), радзей — гелій. Зварка робіцца электродамі, якія плавяцца (напр., стальныя, алюмініевыя) або не плавяцца (вальфрамавыя, вугальныя і інш.). Разнавіднасць газаэлектрычнай зваркі — плазмавая зварка.

т. 4, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́НУЛЬНАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,

атрыманне канструкцыйных металічных матэрыялаў ізастатычным прасаваннем пры высокіх цісках (кампактаваннем) найдрабнейшых часціц сплаваў пэўнага хім. саставу (гранул), якія закрышталізаваліся з высокай скорасцю; адзін з перспектыўных кірункаў парашковай металургіі.

Гранулы металаў атрымліваюць метадамі цэнтрабежнага распылення вадкага металу і распылення расплаву струменем нейтральнага газу ў спец. устаноўках. Атрыманне вырабаў з гранул уключае: магнітную сепарацыю і актывацыю гранул, раздзяленне на фракцыі, дэгазацыю і заварку капсул, прасаванне пры высокай т-ры ў газастаце (высокім ціскам аргону ці інш. газу), тэрма- і мех. апрацоўку вырабаў.

Да арт. Гранульная металургія. Схема ўстаноўкі для атрымання гранул цэнтрабежным распыленнем вадкага металу: 1 — гранулы; 2 — камера распылення; 3 — вакуумныя затворы; 4 — вакуумная індукцыйная печ; 5 — аргон; 6 — кампрэсар; 7 — фільтр; 8 — кантэйнер для гранул.

т. 5, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАТРА́ТЫ, злучэнні ўключэння,

злучэнні, якія ўтвараюцца ўключэннем малекул ці іонаў малых памераў у поласці крышт. рашоткі (рашэцістыя) ці ў поласць адной вял. малекулы. К. называюць злучэннямі тыпу «гаспадар-госць».

Рашэцістыя К., ці інтэркалаты, існуюць толькі ў крышт. стане. Паводле формы поласці адрозніваюць К. клетачныя і слаістыя. Напр., клетачныя К. — газавыя гідраты, у якіх «гасцямі» з’яўляюцца малекулы газаў — аргон, крыптон, хлор, метал і інш., а «гаспадарамі» — малекулы вады, што ўтвараюць крышт. каркас. Знешне яны нагадваюць снег, але могуць існаваць пры дадатнай т-ры. Слаістыя К. ўтвараюцца пры ўкараненні малекул ці іонаў паміж слаямі крышталёў са слаістай рашоткай (напр., злучэнне ўключэння графіту з сернай к-той C​+24HSO​4∙H2SO4). Утварэнне К. выкарыстоўваюць пры сінтэзе стэрэарэгулярных палімераў, апрасненні марской вады, захоўванні газаў і высокатаксічных рэчываў, у храматаграфіі.

В.​В.​Свірыдаў.

т. 8, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯ́ГІН (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 25.5.1942, г. Малмыж Кіраўскай вобл., Расія),

расійскі акцёр і рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1983). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1965). На сцэне з 1965, з 1971 у МХАТ. Заснавальнік і кіраўнік драм. т-ра «Et cetera» (з 1993).

Творчасці ўласцівы шырокі артыстычны дыяпазон — ад стрыманага драматызму да феерычнага гумару, ад камедыйнасці да тонкага псіхалагічнага аналізу і спавядальнай адкрытасці. Сярод тэатр. роляў: Ленін («Так пераможам!» М.​Шатрова, 1981), Аргон («Тарцюф» Мальера, 1981), Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога, 1982), Сіман («Тамада» А.​Галіна, 1986) і інш. Здымаецца ў кіно («Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх», 1974; «Добры дзень, я ваша цёця!», 1975; «Раба кахання», 1976; «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна», 1977; «Допыт», 1979; «Іван, ты абраж», 1992; «Прахіндзіяда», 1994, і інш.). Дзярж. прэміі СССР 1981, 1983.

т. 7, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗЫ ПРЫРО́ДНЫЯ ГАРУ́ЧЫЯ,

прыродныя сумесі вуглевадародаў метанавага рада (метан, этан, прапан і інш.), якія запаўняюць поры і пустоты горных парод, рассеяны ў глебе, раствораны ў нафце і пластавых водах. Падзяляюць на ўласна прыродныя газы, што залягаюць у пластах, якія не ўтрымліваюць нафты (маюць 93—98% метану); газы нафтавыя спадарожныя, газы газакандэнсатных радовішчаў, цвёрдыя газавыя гідраты (газагідратныя паклады).

Па колькасці цяжкіх вуглевадародаў (ад прапану і вышэй) прыродныя газы адносяць да т.зв. сухіх ці бедных газаў (менш за 50 г/м³), астатнія газы прыродныя гаручыя — да газаў сярэдняй тлустасці (50—150 г/м³) і тлустых (больш за 150 г/м³). Газы прыродныя гаручыя маюць таксама азот, вуглякіслы газ, серавадарод, некаторыя рэдкія газы (напр., гелій, аргон) і вадзяную пару. Выкарыстоўваюць як паліва (цеплата згарання 34,3 МДж/м³) і сыравіну ў вытв-сці аміяку, ацэтылену, вадароду, метанолу і інш. хім. рэчываў.

т. 4, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)