Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
А́РГАС, Аргус,
у грэчаскай міфалогіі велікан, сын Геі. Цела Аргаса пакрыта мноствам вачэй (паводле інш. міфаў, 100 ці 4 вокі), прычым спалі адначасова толькі 2. Гера даручыла Аргасу пільнаваць каханку Зеўса Іо, якую ператварыла ў карову. Паводле загаду Зеўса Аргас быў забіты Гермесам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РГАС (Argos),
горад у Грэцыі на п-ве Пелапанес. Засн. ў пач. 2-га тыс. да н.э. У 15—14 ст. да н.э. адзін з цэнтраў ахейскага аб’яднання. Пасля захопу яго ў 12—11 ст. да н.э. дарыйцамі гал. сапернік Спарты. Дасягнуў росквіту ў час праўлення тырана Федона (7 ст. да н.э.), які першы ў Грэцыі пачаў чаканіць сярэбраную манету. У час грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. захоўваў нейтралітэт. У 4 ст. да н.э. трапіў у залежнасць ад Македоніі. У 229 да н.э. ўвайшоў у Ахейскі саюз. З 146 да н.э. пад уладай Рыма. У 297 і 395 н.э. разбураны готамі. У ант. часы з мастацкай школы Аргаса выйшлі грэч. скульптары Агелад, Паліклет, Палімед. Археал. раскопкі вядуцца з 1902.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́РЫХ I (Alaricus, Alarich; каля 370—410),
кароль вестготаў [395—410]. У 395 пранік у Фракію, захапіў Афіны, разбурыў Карынф, Аргас, Спарту, Рым. Імператар Аркадзій заключыў з ім мір і прызначыў намеснікам Ілірыі, дзе ў якасці федэратаў былі паселены вестготы. У 401 Аларых І узняў паўстанне, уварваўся ў Італію, але, разбіты Стыліхонам, адступіў. У 408 тройчы асаджаў Рым, 24.8.410 захапіў яго і разрабаваў. Памёр у Паўд. Італіі, рыхтуючыся да паходу ў Сіцылію і Афрыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНАІ́ДЫ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі 50 дачок аргоскага цара Даная. Супраць сваёй волі і волі бацькі яны павінны былі выйсці замуж за стрыечных братоў. Д. ўцяклі з бацькам у Аргас, але юнакі іх дагналі. Данай вымушаны быў згадзіцца на шлюб, але дочкам загадаў забіць жаніхоў у шлюбную ноч. Усе, акрамя Гіпермнестры, зрабілі гэта. У пакаранне Д. павінны былі ў Аідзе вечна напаўняць вадой бяздонную бочку. У пераносным сэнсе «бочка Д.» ці «работа Д.» — бессэнсоўная і бясконцая праца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМЕ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
спаборніцтвы, якія адбываліся ў Стараж. Грэцыі ў Немейскай даліне (у Аргалідзе, Пелапанес) каля храма Зеўса. Паводле падання засн. Адрастам, які ўзначаліў паход семярых супраць г. Фівы, ці Гераклам. Вядомы з 573 да н.э. Праходзілі адзін раз у 2 гады ў маладзік чэрвеня. У праграму гульняў уваходзілі спарт. і муз. спаборніцтвы. Арганізатарамі Н.г. былі жыхары г. Клеон, з 460 да н.э. — г.Аргас. Пераможцы ўзнагароджваліся вянкамі з аліўкавых галін, пазней — з сельдэрэю. Н.г. спыніліся ў 4 ст.н.э. пасля ўсталявання хрысціянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЫ́ЙЦЫ, даране (Dōrieis),
адно з асноўных стараж.-грэч. плямён паўн.-зах. дыялектнай групы. Першапачаткова жылі ў Паўн. і Сярэдняй Грэцыі. На працягу 12 ст. да н.э. разам з інш.паўн. плямёнамі перасяляліся ў паўд.-зах. напрамку, што прывяло да выцяснення ахейцаў і знішчэння ахейскіх цэнтраў — Мікенаў, Тырынфа, Піласа і інш. Д. занялі вобласці Лаканіка, Месенія, Кінурыя, Аргаліда, Мегарыда (п-аў Пелапанес), Карынфія (Істмійскі перашыек), потым каланізавалі а-вы Родас, Крыт, Фера, Мелас, Кос, Калімнас, узбярэжжа М.Азіі (гарады Кнід, Галікарнас і інш.). У 8—6 ст. да н.э. аформіліся іх раннерабаўладальніцкія дзярж. аб’яднанні (Спарта, Аргас, полісы Крыта) і ўзніклі іх калоніі па-за межамі Грэцыі (напр., Сіракузы). Ад імя Д. паходзіць назва арх.дарычнага ордэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФСКАЯ ВАЙНА́,
баявыя дзеянні паміж кааліцыяй стараж.-грэч. гарадоў-дзяржаў (Фівы, Аргас, Карынф, Эліда, Акарнанія і інш.) на чале з Афінамі супраць Пелапанескага саюза на чале са Спартаю ў 395—387 да н.э. Выклікана імкненнем грэч. дзяржаў вызваліцца ад гегемоніі Спарты. Антыспартанскую кааліцыю падтрымала Персія, якая з 399 вяла вайну супраць Спарты. Пабудаваны за грошы Персіі ваен. флот пад камандаваннем афіняніна Конана нанёс у 395 каля в-ва Кнід паражэнне спартанцам. Баючыся ўзмацнення Афін ва ўмовах перамог антыспартанскай кааліцыі, Персія перайшла на бок Спарты. Эканамічна спустошаныя Афіны вымушаны былі прыняць прадыктаваны Персіяй Анталкідаў мір (387 ці 386), паводле якога Персія стала гал. арбітрам грэч. спраў, большасць грэч. дзяржаў атрымала аўтаномію, абмяжоўваліся дзеянні Афін, забараняліся ўсялякія саюзы (акрамя Пелапанескага).