ІМАНЕ́НТНАЕ [ад лац. immanens (immanentis) уласцівы чаму-н.],

нешта ўнутранае, уласцівае дадзенаму прадмету, з’яве, працэсу. Напр., аб’ектыўныя законы і заканамернасці іманентныя, г. зн. арганічна ўласцівыя свету, матэрыі. Тэрмін «І.» ўзнік у схаластычнай філасофіі і абазначаў прычыны і дзеянні, што мелі месца ў саміх аб’ектах. Паводле І.​Канта, паняцце «І.» арганічна звязана з гнасеалогіяй, выконвае метадалагічную функцыю ў працэсе выяўлення межаў пазнавальных здольнасцей суб’екта. Процілеглае І. — трансцэндэнтнае. Іманентнай называюць таксама філас. крытыку, якая разглядае тое ці інш. вучэнне з пункту погляду паслядоўнага правядзення яго ўласных прадпасылак. Гл. таксама Іманентная філасофія.

Т.​І.​Адула.

т. 7, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІЗА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

арганізацыя вытв. дзейнасці, якая зыходзіць з неабходнасці яе гарманічнага ўпісання ў прыродныя кругавароты рэчываў. Звычайна біялагізацыя вытворчасці дапускае прыбліжэнне вытв. дзейнасці да законаў біятычнага кругавароту, напр. пераход ад хімізацыі сельскай гаспадаркі да новых біяарган. с.-г. тэхналогій, стварэнне аграэкасістэм, якія арганічна спалучаюць антрапагенныя і прыродныя біяцэнозы.

т. 3, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБЕЛЯ́Н (Канстанцін Агапаронавіч) (н. 29.7.1928, г. Армавір Краснадарскага краю),

армянскі кампазітар, дырыжор. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Ерэванскую кансерваторыю (1961). З 1956 маст. кіраўнік Дзярж. эстраднага аркестра Арменіі. Музыцы Арбеляна ўласцівыя яркая вобразнасць, экспрэсія, дынамічнасць, драматызм. Сярод твораў: балет «Бессмяротнасць» (1969), 2 сімфоніі (1961, 1967); сімф. паэма «Зангезур», «Святочная уверцюра» для сімф. аркестра; струнны квартэт; творы для эстр.-сімф. аркестра; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. У песнях Арбеляна нац. мелас арганічна спалучаецца са сродкамі джаза.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВА́ЙРЭНМЕНТ (ад англ. environment акружэнне, наваколле),

від сучаснага мастацтва, які спалучае твор і адначасова маст. дзеянне, скіраваныя на арганізацыю прасторы, што дае магчымасць гледачу адчуваць сябе арганічна ўключаным у дзею праз аўдыёвізуальныя, кінетычныя і інш. сродкі ўздзеяння і сувязі. Узнік у ЗША і Еўропе ў 1-й пал. 1960-х г. як вынік развіцця поп-арту і постканструктывізму (Р.​Раўшэнберг, К.​Олдэнберг, Дж.​Сігал і інш.). У бел. мастацтве з’явіўся ў пач. 1990-х г. у творчасці А.​Басалыгі, А.​Вярэніча і інш.

т. 7, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЫ́КАЎ (Мікалай Пракопавіч) (21.3.1861, г.п. Мсцёра Вязнікаўскага р-на Уладзімірскай вобл., Расія — 26.10.1944),

расійскі мастак; адзін з заснавальнікаў мсцёрскай мініяцюры. Вучыўся ў бацькі-іканапісца. Выкладаў у Троіца-Сергіевай лаўры, у Строганаўскім маст.-прамысл. вучылішчы. Да 1917 працаваў як іканапісец, пазней рабіў мініяцюры на паверхні лакавых вырабаў з пап’е-машэ. Творы адметныя займальнасцю сял. сцэн, арганічна звязаных з пейзажам, зеленавата-бірузовай (пазней цёпла-вохрыстай) каларыстычнай гамай, жывапіснай мяккасцю і плаўнай размеранасцю рытмаў, некаторай лубачнасцю ў выяўленні фігур людзей: «Навальніца», «Паляванне» (абодва 1934), «Дуброўскі» (1937), «Малацьба» (1944) і інш.

т. 8, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКЕЛУ́ЧЫ ((Michelucci) Джавані) (2.1.1891, г. Пістоя, Італія — 1990),

італьянскі архітэктар. Вучыўся ў Фларэнцыі. Праф. ун-таў у Фларэнцыі (1932—48) і Балонні (з 1948). З 1946 дырэктар час. «La Nuova Cittá» («Новы горад»). У 1930—50-я г. прыхільнік рацыяналізму, пазней эвалюцыяніраваў да арганічнай архітэктуры. Арганічна спалучаў смелыя паводле канструкцыі сучасныя збудаванні з гіст. забудовай (цэнтр. вакзал у Фларэнцыі, 1930—36, з арх. Н.​Бароні і інш.; таварная біржа ў Пістоі, 1949—50), складаныя кампазіцыйныя вырашэнні лаканічныя, пластычна выразныя (царква Сан-Джавані на Вія дэль Соль каля Фларэнцыі, 1964).

т. 10, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРО́СА»,

«Ляда», бел. нар. гульня. Вядома ўсім усх.-слав. народам. Верагодна, была прымеркавана да веснавых аграрна-магічных абрадаў, элементы якіх арганічна спалучаліся са шлюбнай сімволікай. Удзельнікі становяцца ў 2 рады (хлопцы насупраць дзяўчат) і, узяўшыся за рукі, спяваюць па чарзе: «Дзеўкі проса сеялі, сеялі» — «А мы проса вытапчам, вытапчам». Заканчваецца песня словамі: «Мы дзевачку забяром, забяром» — «Мы вам коней аддаём, аддаём». Затым хлопцы забіраюць дзяўчыну ў свой рад або ловяць удзельніка, які бяжыць паміж радамі («Ляда»). Гульня спыняецца, калі ўсе ўдзельнікі з аднаго рада пяройдуць у другі.

А.​Ю.​Лозка.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІКЛЕ́Т (Polykleitos) Малодшы, старажытнагрэчаскі архітэктар 4 ст. да н.э. Працаваў у Эпідаўры, дзе стварыў грабніцу-толас (з дарычнай каланадай звонку і карынфскай — унутры) і т-р на 14 тыс. месцаў (350—330 да н.э.). Т-р адметны велічнай гармоніяй кампазіцыі, арганічна ўпісанай у ландшафт, які служыць фонам для дзеяў, а таксама асобных арх. элементаў (урачыстыя парталы праходаў, якія аддзяляюць скене ад тэатрона). Выдатная акустыка т-ра забяспечваецца спец. профілем тэатрона і рэзанатарамі пад лавамі. Грабніца і т-р П. ўваходзяць у археал. запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Паліклет Малодшы. Тэатр у Эпідаўры. 350—330 да н.э.

т. 11, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІЯ́Н (Лівіў Сцяпанавіч) (13.3.1935, с. Лядавены Рышканскага р-на, Малдова — 20.7.1986),

малдаўскі паэт. У паэт. зб-ках «Прадказанні» (1965), «Карані» (1966; Рэсп. літ. прэмія імя М.​Астроўскага 1966), «Дзеяслоў» (1968), «У хованкі з травой» (1972), паэмах «Наша доля — палёт» (1974), «Гордасць і цярпенне» (1977), «Сэрца і гром» (1981), «Ценявы вянец» (1982) і інш. выявіў сябе як лірык медытатыўнага складу, арганічна звязаны са сваёй эпохай. Эстэтычныя і этычныя прынцыпы Д. ў кнізе публіцыстычных нарысаў і эсэ «Задумлівыя вароты» (1975). На бел. мову творы Д. пераклалі Г.​Бураўкін, Т.​Бондар, Я.​Янішчыц.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Гронкі радасці. Мн.. 1986;

Рус. пер. — Тяжесть крыльев. М., 1988.

т. 6, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ГІН (Лазар Іосіфавіч) (4.12.1903, г. Віцебск — 16.7.1979),

расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ін-т нар. гаспадаркі імя Пляханава (1925), вучыўся ў Ін-це чырв. прафесуры ў Маскве (1930—33). Працаваў у газ. «Правда», час. «Крокодил». Друкаваўся з 1921. Аўтар аповесці-казкі для дзяцей «Стары Хатабыч» (1938, сцэнарый аднайм. фільма, 1957). У раманах «Патэнт «АВ» (1947), «Востраў расчаравання» (1951), «Атавія Проксіма» (1956; пад назвай «Трагічны астэроід», 1972), «Блакітны чалавек» (1966) арганічна спалучаны фантастыка і рэальнасць. Напісаў ваен. аповесць «Браняносец «Анюта» (1945), сатыр. цыкл «Крыўдных казак» (нап. 1942—63), сатыр. аповесць «Маёр Вэл Энд’ю» (1962) і інш., успаміны пра У.​Маякоўскага «Жыццё таму назад» (1974).

Тв.:

Избранное. М., 1975.

т. 9, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)