ПАСТАЯ́ННАЯ ПАЛА́ТА ТРАЦЕ́ЙСКАГА СУДА,

міжнародны пастаянны арбітражны орган. Утвораны ў 1899 у г. Гаага (Нідэрланды) на падставе Гаагскай канвенцыі аб мірным вырашэнні міжнар. сутыкненняў. Пастаянны орган суда — Міжнар. бюро, дзейнасцю якога кіруе Пастаянны адм. савет.

т. 12, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАМО́ЦТВА,

прадугледжаная законам магчымасць удзельніка праваадносін ажыццяўляць пэўныя дзеянні або патрабаваць вядомых дзеянняў ад інш. ўдзельніка гэтых праваадносін. Рэальнасць П. гарантуецца дзяржавай; пры невыкананні асобай сваіх абавязкаў правамоцны бок можа звярнуцца ў суд, арбітражны суд або інш. дзярж. орган для абароны свайго права.

т. 12, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ ГАНДЛЁВАЯ ПАЛА́ТА (МГП; International Chamber of Commerce),

няўрадавая міжнар. арг-цыя. Засн. ў 1919. Аб’ядноўвае гандл. палаты каля 100 краін. Месцазнаходжанне — Парыж. Садзейнічае паляпшэнню эканам. адносін паміж краінамі, устанаўленню дзелавых кантактаў і ўзаемаразумення, забяспечвае аднастайнае тлумачэнне асн. правіл міжнар. гандлю. Пры МГП дзейнічаюць Міжнар. арбітражны суд і Бюро сувязі з ААН і яе спецыялізаванымі ўстановамі. Рашэнні МГП носяць рэкамендацыйны характар.

т. 10, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКАМО́РСКІ СУД,

судова-арбітражны орган у феад. Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне да пач. 19 ст. па разглядзе памежных зямельных спрэчак феадалаў. У ВКЛ утвораны ў 1565 у кожным павеце. Суд ажыццяўляла адна асоба — падкаморы, які наймаў сабе памочнікаў — аднаго або двух каморнікаў, грабароў, пісара. Аглядаў межавыя знакі, вывучаў дакументы, дапытваў сведак, пазначаў новыя межы ўладанняў умоўнымі знакамі. Апеляцыі на рашэнні П.с. падаваліся ў Трыбунал ВКЛ. На Беларусі скасаваны 23.5.1832.

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АЛАБА́МА»,

канфлікт паміж ЗША і Англіяй у час Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. Выкліканы ваен. дапамогай Англіі мяцежным рабаўладальніцкім штатам. Англ. крэйсер «Алабама» ў 1862—64 захапіў і знішчыў 68 гандл. і 1 ваен. карабель паўн. штатаў. Сам быў патоплены 14.7.1864. Пасля заканчэння вайны ЗША узнялі пытанне пра адказнасць Англіі за дзеянні «Алабамы» і інш. яе крэйсераў. Арбітражны суд у Жэневе 14.9.1872 вынес рашэнне, паводле якога Англія заплаціла ЗША 15,5 млн. долараў.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБІТРА́Ж МІЖНАРО́ДНЫ,

міжнародны орган па мірным вырашэнні спрэчак паміж дзяржавамі. Прадугледжаны многімі міжнародна-прававымі актамі, у т. л. Статутам ААН. Парадак фарміравання арбітражу міжнароднага і яго працэдура рэгулююцца Гаагскай канвенцыяй аб мірным вырашэнні міжнар. сутыкненняў 1907 і Узорнымі правіламі арбітражнага працэсу 1958. Ствараецца для разгляду адной або некалькіх спраў ці на пастаяннай аснове. Арбітраў выбіраюць самі дзяржавы — удзельніцы спрэчкі ў складзе 1 прадстаўніка ад кожнай з іх і прадстаўнікоў ад трэціх дзяржаў. Пастаянны міжнар. арбітражны орган — Пастаянная палата трацейскага суда, заснаваная ў Гаазе ў 1899. Бакамі ў арбітражным працэсе звычайна выступаюць дзяржавы, але могуць быць міжнар. арг-цыі або прыватныя фірмы, карпарацыі.

т. 1, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́РЖА (ням. Börse ад грэч. byrsa кашалёк),

форма рэгулярна дзеючага аптовага рынку заменных тавараў, каштоўных папер і замежнай валюты. Адпаведна бываюць таварныя біржы, фондавыя біржы і валютныя біржы. Сама біржа не выступае ў якасці аднаго з бакоў у гандл. аперацыях, а толькі забяспечвае найб. спрыяльныя ўмовы для гэтых аперацый: устанаўлівае для ўсіх удзельнікаў агульныя прынцыпы заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння кантрактаў і прадастаўляе месца для іх заключэння ў пэўны час. Членамі біржы могуць быць толькі пэўныя асобы, у т. л. давераныя прадстаўнікі кампаній. Кіруе біржай савет дырэктараў, якому падначалены розныя камітэты (фін., арбітражны і інш.). Пасрэднікам паміж пакупнікамі і прадаўцамі выступаюць брокеры — пэўныя асобы ці фірмы (брокерскія канторы). Біржавыя органы ажыццяўляюць біржавую каціроўку — рэгіструюць курс валют і каштоўных папер, цэнаў на тавары, што стыхійна склаліся на біржы. Кожная біржа вядзе ўлік і сістэматызацыю такіх каціровак і публікуе іх у спец. бюлетэнях. Біржавая каціроўка — адзін з паказчыкаў біржавай кан’юнктуры, індыкатар дзелавой актыўнасці ў розных сектарах эканомікі.

Зачаткі таварнай і вэксальнай (валютнай) біржы з’явіліся ў 15—16 ст. у гарадах Італіі (Венецыя, Генуя, Фларэнцыя). Важнымі этапамі ў развіцці біржавага гандлю стала заснаванне Антверпенскай (1531) і Амстэрдамскай (1608) біржаў. У Расіі першая біржа засн. ў 1705 у Санкт-Пецярбургу. Росквіт біржавай дзейнасці прыпадае на 2-ю пал. 19 ст. і звязаны з развіццём капіталіст. вытв-сці, транспарту, сувязі, гандлю і акц. т-ваў. На сучасным этапе пераважная частка біржавага абароту сканцэнтравана ў вядучых гандл. і фін. цэнтрах ЗША, Вялікабрытаніі і Японіі (больш за 90% аб’ёму біржавых здзелак з таварамі ў вартасным выражэнні, з іх больш за 80% прыпадае на ЗША, дзе знаходзіцца гіганцкая фондавая біржа ў Нью-Йорку).

На Беларусі ў пач. 20 ст. існавалі 2 біржы, якія спынілі дзейнасць у 1-ю сусв. вайну. У 1920-я г. біржавы гандаль аднавіўся, але ў 1927 ліквідаваны. Аднаўленне біржы як адной з найважнейшых структур рыначнай эканомікі пачалося ў 1991.

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)