Арабскае пісьмо 1/402

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БСКАЕ ПІСЬМО́,

алфавітная сістэма пісьма. Пашыраная ў арабамоўных краінах, а таксама сярод шэрагу інш. мусульманскіх (ісламскіх) народаў (Іран, Пакістан, Афганістан і інш.). Выпрацавана ў 4—6 ст. для арабскай мовы на базе арамейскага пісьма. Да канца 1920-х г. арабскае пісьмо выкарыстоўвалі носьбіты многіх цюркскіх моў (туркі, узбекі і інш.). Ім карысталіся бел. татары для напісання т.зв. кітабаў. З 7—8 ст. н. э., калі быў напісаны Каран, арабскае пісьмо мала змянілася. Мае кансананты характар. 28 літар перадаюць зычныя; 3 з іх ужываюць і для доўгіх галосных, кароткія галосныя перадаюцца дыякрытычнымі знакамі. Кожная літара арабскага пісьма мае 4 абрысы: на пачатку, у сярэдзіне, на канцы слова і пры ізаляваным ужыванні. Для прыстасавання арабскага пісьма ў асобных мовах выкарыстоўваліся дадатковыя знакі. Так, для перадачы бел. гукаў «дз’ (дзь)» і «ц’ (ць)» ужываліся звычайна літары «даль» і «сад» з трыма падрадковымі дыякрытычнымі кропкамі, для абазначэння гука «с» — розныя знакі: «сад» — для цвёрдага «с», а «са», «сін» або «шын» — для мяккага «с’ (сь)». Накірунак арабскага пісьма гарызантальны, справа налева. Развітая каліграфія дала высокамастацкія ўзоры арнаментальнага пісьма арабскай вяззю.

А.Я.Супрун.

т. 1, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЭ́ЙШ арабскае племя, члены якога складалі асн. насельніцтва Меккі. Падзялялася на 10 родаў, найб. вядомыя род амея, вярхі якога панавалі ў Мецы ў даісламскі час, і род хашым, з якога паходзіў Мухамед — заснавальнік ісламу. З К. паходзілі дынастыі Амеядаў, Абасідаў і меканскіх шэрыфаў. У найноўшы час паходжанне з К. выводзяць каралі Ірака (да 1958) і Іарданіі.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТА́НІЯ, Арсанія,

Арта, адзін з трох раннефеадальных цэнтраў Стараж. Русі 8—9 ст. Упамінаецца разам з Куявіяй (Кіеўская зямля) і Славіяй (наўгародскія, ці ільменскія, славяне) араб. і перс. географамі. Адны з даследчыкаў атаясамліваюць Артанію з тэр. антаў, другія — з Тмутараканню, трэція — з гарадамі Разань ці Чарнігаў. Ёсць меркаванне, што Артанія мае дачыненне да тэр. Беларусі і, магчыма, знаходзілася недзе на рацэ Рша (сучасная Аршыца, прыток Дняпра), на скрыжаванні падняпроўскіх гандл. шляхоў; арабскае напісанне Арсанія атаясамлівалі з Аршаніяй (ад Орша, Рша).

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАНЕЗІ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,

сям’я моў, пашыраных на Малайскім архіпелагу (Інданезія, Філіпіны), п-ве Малака, у некаторых паўд. раёнах Індакітая, у Акіяніі, на а-вах Мадагаскар і Тайвань. Уключае 4 групы моў: інданезійскую, палінезійскую, меланезійскую, мікранезійскую (апошнія 3 часам аб’ядноўваюць пад назвай «акіянійскія мовы»).

Ядро сям’і аўстранезійскіх моў — малайска-палінезійскія мовы. У шэрагу моў мацерыковай і астраўной Паўд.-Усх. Азіі (чамскай, малайскай, яванскай і інш.) у 1-м — пач. 2-га тыс. нашай эры былі распрацаваны сістэмы пісьма на інд. аснове. З пранікненнем ісламу ў некаторых мовах стала выкарыстоўвацца арабскае пісьмо. Практычна ўсе літ. аўстранезійскія мовы карыстаюцца пісьменствам на лац. аснове (створаны ў 19—20 ст., у філіпінскай мове — з 16 ст.).

т. 2, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)