Ваенна-статыстычныя апісанні губерняў 12/490
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХА́НІКА СЫ́ПКІХ АСЯРО́ДДЗЯЎ,
раздзел механікі суцэльных асяроддзяў, дзе вывучаюцца раўнавага і рух сыпкіх асяроддзяў (напр., пясчаных грунтоў, здробненага вугалю, зерня). Найб. развіты раздзел М.с.а. — механіка грунтоў.
Займае прамежкавае становішча паміж механікай суцэльных асяроддзяў і механікай сістэм матэрыяльных пунктаў, што абумоўлівае фенаменалагічны і статыстычны спосабы апісання руху асяроддзяў (напр., вызначэнне ціску асяроддзя на апорныя сценкі, магчымых форм паверхні асыпання адхонаў). Пры фенаменалагічным апісанні грануляваныя асяроддзі разглядаюцца як рэчывы з уласцівасцямі, прамежкавымі паміж уласцівасцямі цвёрдага цела і вадкасці. Пры статыстычным апісанні з дапамогай розных працэдур асярэднення мікраўласцівасцей часцінак атрымліваюць ураўненні, якія апісваюць макраўласцівасці грануляванага асяроддзя.
А.У.Чыгараў.
т. 10, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЮЧАВЫ́ ЎЧА́СТАК, тэставы ўчастак,
участак тэрыторыі, выбраны ў якасці эталона для даследавання ўзаемасувязі і ўзаемадзеяння кампанентаў пэўнага ландшафту. Яго вывучаюць экспедыцыйнымі (палявымі) і стацыянарнымі (сістэматычныя назіранні) метадамі, з выкарыстаннем аэрафотаздымкі праз пэўныя інтэрвалы часу і г.д. Апісанні К.у. экстрапалююцца на ландшафт у цэлым. Сістэма К.у. з’яўляецца часткай экалагічнага маніторынгу.
т. 8, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛЬЦМАНА ПАСТАЯ́ННАЯ,
адна з асноўных фіз. пастаянных, роўная адносінам універсальнай газавай пастаяннай да Авагадра пастаяннай. Пазначаецца k. Названа ў гонар Л.Больцмана. Прымяняюць пры матэм. апісанні заканамернасцяў малекулярнай фізікі і тэрмадынамікі (ураўненне стану ідэальнага газу, выраз для сярэдняй энергіі цеплавога руху малекул і інш.). Прынятае значэнне Больцмана пастаяннай k = 1,380658(12)∙10−23 Дж/К.
т. 3, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГЛІ́ЙСКАЯ ХВАРО́БА,
захворванне, што ўзнікае ад дэфіцыту сонечнай энергіі, неабходнай для сінтэзу ў арганізме чалавека і жывёл вітаміну D. Пры першым апісанні ўрачы звязалі яе з вял. воблачнасцю над Брытанскімі а-вамі, асабліва над Лонданам (адсюль назва). Садзейнічае ўзнікненню англійскай хваробы таксама смог, які памяншае празрыстасць атмасферы (назіраецца над буйнымі гарадамі і прамысл. цэнтрамі).
т. 1, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ КРАЯЗНА́ЎЧАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ (Адбылася 7—12.1.1929 у Мінску. Прысутнічалі 72 дэлегаты ад 300 краязн. арг-цый) (аб’ядноўвалі больш за 10 тыс. чл.),
прадстаўнікі краязн. т-ваў РСФСР і УССР. З дакладамі выступілі У.Ігнатоўскі, В.Ластоўскі, Я.Лёсік, А.Ляўданскі, М.Каспяровіч, І.Сербаў і інш. Вырашыла арганізац. пытанні: кіраўніцтва краязнаўствам Акадэміяй навук, падрыхтоўка краязнаўцаў сярэднімі і вышэйшымі навуч. ўстановамі, справаздача Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК) і акр. т-ваў, змены ў статуце і выбары ЦБК, зацвярджэнне новых чл.-кар. ЦБК. У справаздачы адзначана пашырэнне краязнаўчага руху ў Беларусі — адкрыты 22 краязн. музеі, выдадзены чарговыя зб-кі краязн. прац «Аршаншчына», «Віцебшчына», апісанні Асіповіцкага і Горацкага р-наў, у друку знаходзіліся слоўнікі Віцебшчыны, Мазыршчыны, Чэрвеньшчыны, падрыхтаваны да выдання апісанні шэрагу нас. пунктаў. Праца канферэнцыі праходзіла ва ўмовах узмацнення таталітарнага рэжыму: абмежаваныя тэмы краязн. даследаванняў, узмоцненае вывучэнне рэв. руху, новых рыс у побыце працоўных мас.
В.С.Вяргей.
т. 6, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНГУМА́ЦЫЯ (англ. inhumation inhumo, ingumare пакрываць зямлёй) у археалогіі, пахаванне нябожчыка паводле абраду трупапалажэння ў грунтавой магіле, а таксама пад курганом на гарызонце, у яме або на падсыпцы ў курганным насыпе ў адрозненне ад абраду крэмацыі (трупаспалення). Упершыню ў беларускамоўным археал. выданні тэрмін І. выкарыстаны ў 1928 А.М.Ляўданскім пры апісанні пахавальнага абраду ў Заслаўскіх курганных могільніках.
Г.В.Штыхаў.
т. 7, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАХМА́НЫ,
1) група вышэйшых кастаў у Індыі. У Стараж. Індыі — выканаўцы ахвярапрынашэнняў, знаўцы і тлумачальнікі Ведаў, адно з двух пануючых саслоўяў (варн). У перыяд феадалізму крыніца існавання брахманаў — служба ў апараце кіравання, судзе, землеўладанне.
2) Стараж.-інд. кнігі, якія належаць да літаратуры Ведаў. Створаны ў 8—6 ст. да н.э., уключаюць міфы і паданні, падрабязныя апісанні рытуалаў ведыйскай рэлігіі, звесткі па сац. і культ. гісторыі Стараж. Індыі.
т. 3, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЗНАЧЭ́ННЕ, дэфініцыя,
устанаўленне, раскрыццё зместу якога-небудзь паняцця. Дае магчымасць фармуляваць крытэрыі вылучэння аб’екта, які вывучаецца, сярод іншых аб’ектаў, а таксама магчымасць фармуляваць або ўдакладняць значэнне тэрмінаў (слоў, словазлучэнняў). Вызначэнні фармулююцца ў працэсе навук. даследавання ў наяўным выглядзе і складаюць найважнейшую частку навук. тэорый і іх фрагментаў, адносна завершаных разважанняў. Адлюстроўваючы аб’екты ў іх істотных прыкметах, вызначэнні скарачаюць складаныя апісанні і замяняюць іх больш простымі.
У.К.Лукашэвіч.
т. 4, с. 309
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМПО́ЎКА ў лазернай фізіцы,
працэс стварэння нераўнаважнага стану рэчыва пад уплывам знешніх уздзеянняў (магн. поля, эл. разраду, рэзкага ахаладжэння папярэдне нагрэтага газу і інш.). Можа перавесці рэчыва са стану тэрмадынамічнай раўнавагі ў актыўны стан (гл. Актыўнае асяроддзе), пры якім яно набывае здольнасць узмацняць і генерыраваць эл.-магн. хвалі (гл. Лазер). Тэрмін «П.» выкарыстоўваецца таксама ў радыётэхніцы і оптыцы пры апісанні працэсаў уздзеяння на актыўныя элементы параметрычных сістэм (гл. Параметрычныя ваганні).
т. 12, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)