АПЁК,

пашкоджанне тканак арганізма, якое выклікаецца высокай т-рай (тэрмічны апёк), хім. сродкамі (хімічны апёк), электрычным токам (электрычны апёк), сонечнымі і рэнтгенаўскімі прамянямі (сонечны і радыяцыйны апёк). У чалавека і жывёл адрозніваюць 4 ступені апёку: 1-я — пачырваненне скуры, ацёк; 2-я — узнікненне пухіроў; 3-я — амярцвенне скуры на ўсю таўшчыню; 4-я — амярцвенне падскурнай тлушчавай клятчаткі, мышцаў і касцей (абвугліванне). Лячэнне залежыць ад памераў апечанай паверхні, агульнага стану арганізма і г.д., уключае барацьбу з шокам, хірург. апрацоўку апечаных месцаў, тэрапеўтычныя метады. У раслін бываюць апёкі кары (напр., сонечны апёк пладовых дрэў), лісця і пладоў пры няправільным карыстанні ядахімікатамі, пашкоджанні грыбковымі і бактэрыяльнымі хваробамі.

т. 1, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСЁНАЎ Васіль Паўлавіч

(н. 20.8.1932, Казань),

рускі пісьменнік. Сын А.С.Гінзбург. Скончыў Ленінградскі мед. ін-т (1956). З 1980 жыве за мяжой. На пач. літ. творчасці перавагу аддаваў творам пра жыццё моладзі, напісаным у жанры т.зв. «спавядальнай» прозы — аповесць «Калегі» (1960, аднайм. фільм 1963), раман «Зорны білет» (1961), зб-кі «Катапульта» (1964), «На паўдарозе да Месяца» (1966). Аўтар сатыр.-фантаст. аповесці «Затавараная бачкатара» (1968), раманаў «Пошукі жанру» (1978), «Апёк» (1980), «Востраў Крым» (1981), кнігі пра Амерыку «У пошуках сумнага бэбі» (1986).

т. 1, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́НІІ,

марскія анемоны (Actiniaria), атрад марскіх кішачнаполасцевых жывёл. Існуюць як адзіночныя, радзей каланіяльныя бесшкілетныя паліпы. Каля 1,5 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных морах. Трапляюцца ў Чорным, Баранцавым і далёкаўсходніх морах.

Цыліндрычнай формы, у папярочніку ад некалькіх міліметраў да 1,5 м, з венчыкам шчупальцаў вакол рота, звычайна ярка афарбаваныя. Сядзячыя або павольна перамяшчаюцца, закопваюцца ў грунт, зрэдку плаваюць. Кормяцца дробнымі воднымі жывёламі, у т. л. рыбамі. Размнажэнне палавое і вегетац. дзяленнем. Для многіх характэрны сімбіёз з ракамі-пустэльнікамі і інш. беспазваночнымі. Дотык шчупальцаў да чалавека можа выклікаць апёк скуры.

т. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)