ЛАГ (ад англ. lag запазненне),

паказчык, які характарызуе адставанне або апярэджанне ў часе адной з’явы ў параўнанні з іншай, звязанай з ёй з’явай. У эканоміцы найб. важныя віды Л. — інвестыцыйны (характарызуе час абароту ўсіх вытв. капіталаўкладанняў) і будаўніцкі (сярэдні тэрмін будаўніцтва вытв. аб’екта), а таксама запазненне прапановы тавараў ад іх вытворчасці, попыту ад прапановы, спажывання ад попыту, запазненне выпуску кадраў ад пачатку іх абучэння і інш.

т. 9, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСТРЭ́ЧНЫ БОЙ,

від баявых дзеянняў падраздзяленняў, часцей, злучэнняў, калі абодва бакі вырашаюць пастаўленыя задачы наступленнем. Можа ўзнікнуць пры сустрэчы з праціўнікам на маршы; у наступленні — пры адбіцці атак, контрудараў і інш.; у абароне — пры ажыццяўленні контратак і контрудараў, пры дзеяннях супраць паветр. і марскіх дэсантаў. С.б. характарызуецца няяснасцю становішча, хуткацечнасцю і рашучасцю дзеянняў бакоў. Умовамі яго поспеху з’яўляюцца бесперапынная разведка, своечасовае прыняцце рашэнняў, імгненнае давядзенне задач да войск, апярэджанне праціўніка ў манеўры, адкрыцці агню і інш. С.б. можа перарасці ў абарончы бой, адыход, праследаванне, а таксама ў сустрэчную бітву аператыўных аб’яднанняў.

т. 15, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)