ПРАКЛАМА́ЦЫЯ (ад лац. proclamatio адозва, заклік),

1) агітацыйны лісток з паліт. зместам, лістоўка.

2) Урачыстае абвяшчэнне, апублікаванне.

т. 12, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМУЛЬГА́ЦЫЯ (ад лац. promulgatio публічнае абвяшчэнне),

у канстытуцыйным праве шэрагу дзяржаў апублікаванне прынятага і зацверджанага закона ў афіц. друкаваным органе, якое ажыццяўляецца кіраўніком дзяржавы ва ўстаноўленыя канстытуцыяй або законам тэрміны. Толькі пасля П. закон, як правіла, набывае абавязковую сілу.

т. 13, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБНАРО́ДАВАННЕ ЗАКО́НУ,

давядзенне закону да ўсеагульнага ведама; афіцыйнае апублікаванне закону. Ажыццяўляецца органам, які прыняў закон, або кіраўніком дзяржавы ў вызначаныя дадзеным ці спец. законам тэрміны і ўстаноўленым парадку. У Рэспубліцы Беларусь законы і інш. акты, прынятыя Вярх. Саветам, публікуюцца ў «Ведамасцях Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь», перадаюцца праз сродкі масавай інфармацыі (газеты, тэлебачанне, радыё), сродкі сувязі.

А.​М.​Абрамовіч.

т. 1, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КІ́ЕЎСКАЯ КАЗА́ЧЧЫНА»,

масавы антыпрыгонніцкі рух сялян на Украіне ў 1855. Апублікаванне царскага маніфеста аб прызыве апалчэнцаў для ўдзелу ў Крымскай вайне 1853—56 садзейнічала распаўсюджванню сярод сялян чутак аб запісе ў апалчэнне (у казакі), каб вызваліць іх ад прыгону. Сяляне, патрабуючы пагалоўнага запісу ў казакі, спынілі працу. Хваляванні ахапілі 9 з 12 паветаў Кіеўскай губ. Супраць сялян былі накіраваны войскі. Сяляне вёсак Быкава Грэбля, Бярэзна, Бяседка, Сітнікі, мяст. Корсунь, Таганча аказалі ўпартае супраціўленне (забіта каля 60 чал., больш за 100 чал. паранена).

т. 8, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАГІЯ́Т (ад лац. plagio выкрадаю),

наўмыснае прысваенне аўтарства на чужы твор літаратуры, навукі, мастацтва, на вынаходства або рацыяналізатарскую прапанову. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь П. разглядаецца як істотнае парушэнне канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна і цягне адказнасць у крымінальным або цывільна-прававым парадку. П. прызнаецца выпуск у свет чужога твора без спасылкі на аўтара, апублікаванне створанага сумесна з сааўтарамі твора толькі пад сваім імем, а таксама незаконны перадрук ці распаўсюджванне чужога твора, прымус да сааўтарства або незаконнае выкарыстанне інш. аб’ектаў аўтарскага права і сумежных правоў. Крымін. адказнасць за П. прадугледжана арт. 201 КК. Аўтар і яго правапераемнікі маюць права ў цывільна-прававым парадку патрабаваць унясення адпаведных паправак, публікацыі ў друку або інш. спосабам апавяшчэння пра дапушчаныя парушэнні, патрабаваць забароны выпуску твора ў свет ці спыніць яго распаўсюджванне і пакрыцця панесеных у выніку П. страт.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎТАРСКАЕ ПРА́ВА,

раздзел заканадаўства, нормы якога рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі са стварэннем і выкарыстаннем твораў навукі, літаратуры і мастацтва. Аўтару належаць правы на апублікаванне твора, узнаўленне і распаўсюджванне яго дазволенымі законам спосабамі, на недатыкальнасць твора, атрыманне ганарару за яго выкарыстанне. Нормы аўтарскага права, якія дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь, змешчаны ў Цывільным кодэксе і законе «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996. Аўтарскае права дзейнічае на працягу ўсяго жыцця аўтара і 50 гадоў пасля яго смерці, пераходзіць у спадчыну (за выключэннем права аўтара на імя і на недатыкальнасць твора). Парушэнні аўтарскага права (плагіят, незаконнае ўзнаўленне або распаўсюджванне твора, прымус да сааўтарства) цягнуць за сабой адм. або крымін. адказнасць. Апрача таго аўтар і яго правапераемнікі маюць права патрабаваць аднаўлення парушанага аўтарскага права і пакрыцця матэрыяльных стратаў. Міжнар. ахову аўтарскага права забяспечваюць Бернская 1886 (рэд. 1971) і Жэнеўская 1952 (рэд. 1971) міжнар. канвенцыі па ахове аўтарскага права.

Г.​А.​Маслыка.

т. 2, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)