помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў 1709 у Гродне, уваходзіць у комплекс Гродзенскага кляштара езуітаў. Першапачаткова — прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з мансардай, накрыты вальмавым 2-ярусным дахам. Гал. фасад завяршаўся пяцівугольным франтонам. У 1885 будынак пашкоджаны пажарам і перабудаваны: з левага боку прыбудаваны новы аб’ём, ліквідаваны франтон. У выніку будынак набыў асіметрычную кампазіцыю і стаў тыповым прыкладам архітэктуры эклектыкі. Гал. фасад сучаснага будынка падзелены карнізнай цягай на 2 ярусы: ніжні з руставанымі лапаткамі і сандрыкавымі завяршэннямі акон, верхні з ажурным балконам і складаным атыкам у цэнтры, фігурнымі ліштвамі, фрызам і карнізам. Зараз у будынку знаходзіцца Гродзенская аптэка-музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЭ́КА (ад грэч. apothēkē склад, кладоўка),
медыцынская ўстанова, дзе рыхтуюць, захоўваюць і адпускаюць лякарствы, прадметы санітарыі, гігіены і інш. тавары мед. прызначэння. Папярэднічалі аптэцы лабараторыі для прыгатавання лекаў у краінах стараж. свету (Кітай, Егіпет, Рым). Як установы з дзярж. рэгламентацыяй дзейнасці аптэкі ўзніклі ў Багдадзе ў 8 ст., у Расіі — у 16 ст. (падпарадкоўваліся Аптэкарскаму прыказу). На Беларусі першыя аптэкі з’явіліся ў Пінску (1561), Брэсце (1566). У 16—18 ст. іх было больш за 30, у 1-й пал. 19 ст. — каля 70 прыватных і 15 казённых, у 1913 — 297. На пач. 1994 дзейнічалі каля 1200 аптэк, пачала фарміравацца сетка аптэк недзярж. формаў уласнасці. Пераважная іх большасць — дзярж. гасп.-разліковыя аптэкі (у зах. краінах пераважаюць прыватна-прадпрымальніцкія); існуюць аптэкі самастойныя (у т. л.цэнтр., раённыя), пры лячэбна-прафілакт. установах, бальнічных стацыянарах і г.д.
Асн. функцыя аптэкі — забеспячэнне насельніцтва лек. сродкамі і мед. таварамі — спалучаецца з вытв. (выраб, прыгатаванне і расфасоўка лекаў непасрэдна ў аптэцы, арганізацыя нарыхтовак і закупак лек. сыравіны ў насельніцтва), інфарм.-асветнай (звесткі аб наяўнасці прэпаратаў і іх заменнікаў, пашырэнне ведаў па санітарыі, гігіене, фармацыі, умовах захоўвання лекаў і інш.), фін. і гасп. дзейнасцю. Усім аптэкам устанаўліваецца адзіны парадак захоўвання і рэалізацыі лек. сродкаў, даводзіцца пералік прэпаратаў, на атрыманне якіх патрэбны спец. дазвол (напр. наркатычныя сродкі). Заканадаўствам Беларусі прадугледжаны льготныя формы абслугоўвання некаторых катэгорый насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ АПТЭ́КА-МУЗЕ́Й.
Адкрыта 23.7.1996 у Гродне навук.-вытв. кааператывам «Біятэст» у будынку б. езуіцкай аптэкі (пабудаваны ў 1709, з 1988 помнік гісторыі рэсп. значэння). У музейнай экспазіцыі (пл. 50 м², каля 1 тыс. экспанатаў) паказана гісторыя старэйшай аптэкі Беларусі, створанай езуітамі ў 1687 (першы аптэкар І.Цішкевіч). У аптэцы працавалі вядомыя фармацэўты і грамадскія дзеячы: Ж.Э.Жылібер, І.В.Адамовіч (доўгі час аптэка насіла яго імя), А.Р.Троп-Крынскі і інш.
Літ.:
Дорошкевич Н.А., Игнатович Ф.И. Концепция и модель создания первой в Беларуси аптеки-музея // Исторические аспекты и современные проблемы сестринского движения на Гродненщине. Гродно, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРКО́Ў (Леанід Васілевіч) (н. 15.10.1946, в. Сцяпанава Смаленскай вобл., Расія),
бел. вучоны-фармацэўт. Д-р фармацэўтычных навук (1992). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1973). З 1975 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, з 1994 загадчык-правізар цэнтр. раённай аптэкі ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЕНКА (Уладзімір Іванавіч) (н. 17.8.1928, Мінск),
бел.паэт. Скончыў Мінскае мед. вучылішча (1956). З 1958 працуе тэхнікам-артадонтам. Друкуецца з 1973 як дзіцячы пісьменнік і ў жанры сатыры. Адзін з аўтараў зб-каў для дзяцей і юнацтва «Заранка», «Цвіце верас» (абодва 1987), сатыр. кніжкі «Асцюкі за каўняром» (1989) і інш. Яго творы вызначаюцца гумарам, вынаходлівасцю, дасціпнасцю і забаўляльнасцю (зб-кі «Лекі без аптэкі», 1987; «Загадкі Зайкі-загадайкі», 1990; «Азбука ў загадках», 1992; «Загаданачка», 1993; «Сябрынка», 1995, Літ. прэмія імя Я.Маўра 1996; «Сорак скорагаворак», 1998; «Загадкі з хаткі дзеда Уладкі», 1999).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНАРДЗІ́НЦЫ,
1) другая назва цыстэрыянцаў, якая замацавалася за імі з 12 ст. пасля рэарганізацыі ордэна Бернарам Клервоскім (1090—1153, кананізаваны ў 1174).
2) Манахі-францысканцы, якія строга прытрымліваліся першапачатковага статута гэтага жабрацкага ордэна і ў 1473 аселі ў Польшчы пры саборы св. Бернарда ў Кракаве (названы ў гонар францысканскага рэфарматара Бернарда Сіенскага, 1380—1444). На Беларусі вялі місіянерскую і пастырскую дзейнасць сярод правасл. насельніцтва. Іх кляштары (мужчынскія і жаночыя) існавалі ў Брэсце, Будславе, Беразіне, Віцебску, Гродне, Друі, Заслаўі, Мінску, Магілёве, Нясвіжы, Оршы, Полацку, Слоніме і інш. Пры іх былі школы (у Будславе і музычная), б-кі, часам аптэкі. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ўплыў бернардзінцаў паступова змяншаўся. У 1860-я г. амаль усе іх кляштары забаронены і спынілі сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІШТЭ́КІ індзейскі народ у Мексіцы. Жывуць у штатах Аахака, Герэра і Пуэбла. 270 тыс.чал. (1998). Гавораць на мове міштэкскай групы сям’і ата-манге і іспанскай. Вернікі — католікі. У 1200-я г. М. прыйшлі ў дзяржаву сапатэкаў (даліна Аахакі), што напачатку выклікала заняпад, а пазней росквіт змешанай міштэкска-саматэкскай культуры. У 15 ст. іх перамаглі аптэкі, у 1523 заваявалі іспанцы. У М. былі развіты сельская гаспадарка, рамёствы, медыцына, мастацтва. Пра унікальнасць іх школы жывапісу сведчаць міштэкскія кодэксы (маляваныя кнігі) — своеасаблівыя гіст. дакументы, якія змяшчаюць звесткі пра генеалогію, гісторыю, фаўну і этнаграфію. У наш час М. займаюцца земляробствам, паляўніцтвам, рыбалоўствам, жывёлагадоўляй, рамесніцтвам.
Літ.:
Галич М. История доколумбовых цивилизаций: Пер. с исп. М., 1990. С. 81-99.
Да арт.Міштэкі. Фрагмент міштэкскага кодэкса даіспанскага перыяду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ЎСКАЯ (Таццяна Антонаўна) (14.12.1946, Мінск — 9.6.2000),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва ў галіне керамікі. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). З 1975 працавала на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Асн. творы: кампазіцыі «Сад» (1975), «Сінія мроі» (1976), «Кветкі з саду» (1980), «... Быў дзень» (1981), «Палессе» (1982), «Спадчына» (1983); сервізы «Дэсертны» (1975), «Белавежская пушча» (1979); дэкар. скульптура «Ля электрычкі», «У разгар чэрвеня» (абедзве 1990—92), «Канцэрт» (1993), «Суседка» (1995), «Раніца нядзельная», «Незабудкі» (абедзве 1997—98); вазы, блюды, чайнікі, талеркі. Выканала дэкар. рэльефы «Музыка» для Барысаўскага Палаца культуры (1981); пластыку для Палаца культуры і тэхнікі ВА «Хімвалакно» ў Магілёве (1982), для Дома творчасці тэатр. работнікаў у в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на (1986—88), для аптэкі (1990) у Барысаве; рэльефы «Стары горад», пластыку і свяцільні для загса Цэнтральнага р-на Мінска (з З.Раўко, 1985—87).
Л.Ф.Салавей.
Т.Пятроўская. Пластыка для загса Цэнтральнага раёна Мінска. 1985—87.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́СНАЯ ПЛО́ШЧАў Маскве,
цэнтральная плошча горада. Размешчана каля Крамля Маскоўскага. Створана ў канцы 15 ст. Першапачаткова наз. Торгам, у 16 ст. — Троіцкай, пасля пажару 1571 — Пажарам, з 1662 — Красная (прыгожая). У фарміраванні яе арх. ансамбля вядучую ролю адыгрывае Крамлёўская сцяна са Спаскай (Фралоўскай), Сенацкай і Нікольскай вежамі Крамля, што вызначае падоўжную кампазіцыю плошчы, і Васіля Блажэннага храм, які замыкае яе з Пд. У 16—17 ст. уздоўж сцяны праходзіў абарончы роў (засыпаны пасля 1812) з мастамі, агароджанымі зубчастымі сценамі. У 1-й пал. 16 ст. на плошчы ўстаноўлены памост-трыбуна, т. зв. Лобнае месца (перабудавана ў 1786, арх. М.Ф.Казакоў), у канцы 17 ст. пастаўлены будынкі Манетнага двара, Земскага прыхода, Гал.аптэкі. У пач. 18 ст. К.п. — культ. цэнтр горада: каля Спаскіх варот ішоў кніжны гандаль (існаваў да канца 19 ст.) і адкрылася першая публічная б-ка, каля Нікольскіх варот — т-р («камедыйная хараміна»), У 1755 у будынку Гал.аптэкі адкрыўся Маск. ун-т, з 1785 — дзярж. ўстановы. У 1786 перабудаваны старыя гандл. рады (паводле праекта Дж.Кварэнгі), узнік новы корпус насупраць Крамлёўскай сцяны (перабудаваны ў 1814—15 арх. В.І.Бавэ; не захаваўся). У 1818 пастаўлены помнік К.Мініну і Дз.Пажарскаму (скульпт. І.П.Мартас), які разам з купалам Сената (1776—87, арх. Казакоў) ствараў папярочную вось ансамбля. Пабудовы 2-й пал. 19 ст. ў псеўдарус. стылі: будынак Гіст. музея (1875—81, арх. У.В.Шэрвуд), Верхнія (цяпер дзярж. універмаг, 1889—93, арх. А.Н.Памяранцаў) і Сярэднія (1892, арх. Р.І.Клейн) гандл. рады. З К.п. звязаны некат. гіст. падзеі ў Маскве: «саляны бунт» (1648), «медны бунт» (1662), стралецкае паўстанне (1682) і інш. У сав. часы на плошчы пабудаваны маўзалей У.І.Леніна (1924—30, арх. А.В.Шчусеў), у 1930—31 створаны трыбуны (арх. І.А.Француз), пасаджаны елкі, плошча забрукавана. Каля Крамлёўскай сцяны магілы, у сцяне урны з прахам рас., сав. і замежных дзеячаў. У 1992—94 тут адноўлены Казанскі сабор (каля 1636, разабраны ў 1936). К.п. — месца правядзення ўрачыстасцей. Ад яе вядзецца адлік адлегласці па ўсіх дарогах, што ідуць ад Масквы. К.п. разам з Крамлём уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ДЗІШКІ,
вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Вілія, на аўтадарозе Варняны—Нарач. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на Пн ад горада і чыг. ст. Смаргонь, 240 км ад Гродна. 891 ж., 251 двор (1997).
Вядомыя з 1511 як замак і мястэчка, засн. М.Мішковічам. У 16—17 ст. належалі Падбейпецічам, Забярэзінскім, Осцікавічам, Кішкам, Комарам, Мінкевічам. У 1709—73 дзейнічаў Жодзішкаўскі езуіцкі калегіум. З 1795 у Рас. імперыі. У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. ў Свянцянскім пав. Віленскай туб. У 1859—222 ж., 39 двароў. З 1921 у Польшчы, у Вілейскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Смаргонскім р-не. У 1971—794 ж., 276 двароў.
Малое прадпрыемства «Надзея», лясніцтва. Сярэдняя школа, дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Лясная паляна», Дом культуры, б-ка, 2 бальніцы, амбулаторыя, 2 аптэкі, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Жодзішкаўскі кальвінскі збор (1612) і сядзібны дом (з пейзажным паркам 19 ст.), пад які прыстасаваны кляштар езуітаў 17 ст.