Аптымізм і песімізм 1/397—398
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫМІ́ЗМ І ПЕСІМІ́ЗМ,
процілеглыя і адначасова ўзаемазвязаныя формы ўспрымання свету, тэндэнцый і заканамернасцяў яго развіцця. Залежаць ад перавагі спрыяльных, стваральных і жыццесцвярджальных, або, наадварот, неспрыяльных і разбуральных пачаткаў. Абазначаюць веру ці нявер’е ў будучае, у здольнасць чалавецтва арганізаваць сваё жыццё на аснове ідэалаў дабра, справядлівасці і г.д. Надаюць пэўную афарбоўку розным ідэйна-паліт. плыням, ідэалогіям, філас. вучэнням, праграмам практычнага дзеяння. Аптымізм становіцца пануючым настроем у эпоху грамадскага ўздыму і пераходу да новага, больш высокага ў параўнанні з ранейшым якаснага стану. Калі пераход заканчваецца і ў грамадстве ўзнікаюць новыя праблемы і цяжкасці, супярэчнасці абвастраюцца, уздым перарываецца спадамі і крызісамі, узмацненнем рэгрэсіўных тэндэнцый у грамадскім жыцці, аптымізм, як правіла, саступае месца песімізму. Крыніцай песімістычных настрояў і змрочных глабальных прагнозаў на будучыню служыць і заснаваная на драпежніцкіх адносінах да прыроды «цывілізацыя спажывання» (экалагічны песімізм). Аптымізм і песімізм здольныя адыгрываць актыўную канструктыўную ролю ў пошуках адказаў на пытанні, што ўзнікаюць перад грамадствам.
Літ.:
Мечников И.И. Этюды оптимизма. М., 1988;
Жибуль И.Я. Экологические потребности: сущность, динамика, перспективы. Мн., 1991.
В.І.Боўш.
т. 1, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Песімізм, гл. Аптымізм і песімізм
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМДЗІ́НАЎ Мікалай Гармаевіч
(н. 6.1.1932, улус Угнасай, Бурація, Рас. Федэрацыя),
бурацкі пісьменнік. Нар. паэт Бураціі (1973). Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1957). Аўтар паэт. зб-каў «Баргузін» (1955), «Чатыры небы» (1963), «Красавік» (1973, за 2 апошнія Дзярж. прэмія Расіі імя М.Горкага 1975), «На гэтай планеце» (1979), п’ес «Даўняя справа» (1967—68), «Даржы Банзараў» (1969), «Кавалі перамогі» (1971), «Кальцо дзекабрыста» (1979 у вершах), кінааповесці «Пара таежнай пралескі» (1958), кніг літ.-крытычных артыкулаў. Паэзіі Д. ўласцівы эмацыянальная адкрытасць, інтэлектуальнасць, гуманізм і гіст. аптымізм.
Тв.:
Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. М., 1981.
Літ.·. Очирова Т.Н. Николай Дамдинов: Лит. портрет. М., 1980.
т. 6, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬТЭ́Р
[Voltaire; сапр. Аруэ (Arouet) Мары Франсуа; 21.11.1694, Парыж — 30.5.1778],
французскі пісьменнік і філосаф, адзін з прадстаўнікоў франц. Асветніцтва. Ранняя лірыка прасякнута эпікурэйскімі і антыклерыкальнымі матывамі. Сталая проза розная па тэмах і жанрах: філас. аповесці «Кандыд, або Аптымізм» (1759), «Прастадушны» (1767), трагедыі ў стылі класіцызму «Брут» (1731), «Танкрэд» (выд. 1761), сатырычная паэма «Арлеанская нявінніца» (1735, выд. 1755), публіцыстыка, гіст. творы. Светапогляд яго супярэчлівы. Выступаючы прыхільнікам механікі і фізікі Ньютана, ён прызнаваў існаванне Бога-творцы, схіляўся да атаясамлівання Бога («вялікага геаметра») і прыроды. Дзейнасць яго звязана з барацьбой супраць рэліг. нецярпімасці і цемрашальства, крытыкай феад.-абсалютысцкай сістэмы, заганаў цывілізацыі. Асн. творы: «Філасофскія пісьмы» (1733), «Трактат пра метафізіку» (1734), «Нарыс пра норавы і дух народаў...» (1756), «Філасофскі слоўнік» (1764—69). Яго творчасць значна паўплывала на развіццё сусветнай, у т. л. беларускай, філас. думкі. На Беларусі і ў Літве творы Вальтэра пачалі пашырацца з сярэдзіны 18 ст. ў франц. арыгіналах і ў перакладах. У тэатрах Вільні, Нясвіжа і інш. гарадоў ставіліся яго п’есы.
Тв.:
Рус. пер. — Орлеанская девственница;
Магомет: Филос. повести. М., 1971;
Философские сочинения. М., 1988.
Літ.:
Державин К.Н. Вольтер. М., 1946;
Вольтер: Ст. и материалы. М.; Л., 1948;
Кузнецов В.Н. Вольтер и философия французского просвещения XVIII в. М., 1965;
Акимова А.А. Вольтер. М., 1970.
т. 3, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)