Існавала ў 18 — пач. 20 ст. Пабудавана да 1740 у в. Быцень (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.), уваходзіла ў комплекс базыльянскага манастыра. Мураваная 3-нефавая крыжова-купальная базіліка з 2-вежавым фасадам. Выразнасць збудавання стваралася пластыкай ліній паўкруглых крылаў трансепта і алтарнай апсіды, сферычнага купала са светлавым барабанам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ УВЯДЗЁНСКАЯ ЦАРКВА́.
Існавала ў Віцебску ў 17 ст. Пабудавана з дрэва ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Складалася з 3 аб’ёмаў: 2-яруснага цэнтр. чацверыковага, завершанага 4-схільным дахам, гранёнай апсіды з шатровым дахам, чацверыковай званіцы, завершанай ізбіцай і шатровым дахам з купалам. Усе дахі ўвянчаны купальнымі галоўкамі на светлавых барабанах. Вядомая з «Чарцяжа» Віцебска 1664.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́.
Існавала ў Віцебску ў 17 ст. на тэр. Узгорскага замка. Пабудавана з дрэва ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Складалася з высокіх прамавугольных у плане асн. аб’ёму і гранёнай апсіды, накрытых 2-схільнымі дахамі, і 3-яруснай званіцы (2 ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні з высокімі вузкімі вокнамі ўвянчаны васьмерыковым купалам). Асн. аб’ём завяршаўся галоўкай на высокім барабане. Фасады расчляняліся высока размешчанымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Вядомая з «Чарцяжа» Віцебска 1664.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЙНАЎСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудавана ў 1-й пал. 19 ст. ў в. Вейна (Магілёўскі р-н). Цэнтрычны, у плане блізкі да квадрата будынак са скругленымі вугламі. У сілуэце дамінуе цыліндрычны барабан са сферычным купалам. Вуглавыя часткі гал. фасада завершаны круглымі вежамі з купальнымі пакрыццямі. Бакавыя ўваходы вылучаны рызалітамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. У інтэр’еры фрэскавая размалёўка ў стылі класіцызму, выявы 4 евангелістаў і 4 шматфігурныя кампазіцыі на біблейскія сюжэты. Размаляваны таксама скляпенні і сцены апсіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙЦЮ́НІШСКАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік архітэктуры барока з элементамі абарончага дойлідства. Пабудавана, ў 1614 (паводле інш. звестак у 1633) у в. Гайцюнішкі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.) каля Гайцюнішскага дома-крэпасці як кальвінская капліца па фундацыі дачкі ўладальніка Гайцюнішак П.Нонхарта Зузаны. Стала сямейнай пахавальняй Нонхартаў і інш. уладальнікаў вёскі кальвінскай веры. Кампактны прамавугольны ў плане мураваны будынак з развітой апсідай быў накрыты вальмавым дахам, з трох бакоў умацаваны магутнымі контрфорсамі. Над уваходам на даху ўзвышалася вежачка-сігнатурка. Тарэц апсіды быў завершаны трохвугольным франтонам. Аконныя праёмы мелі лучковыя завяршэнні. Захаваліся руіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́НСКІ САБО́Р, сабор Нотр-Дам,
помнік архітэктуры франц. готыкі 12—13 ст. у г. Лан. Пабудаваны ў 1150—1215 на месцы сабора, што згарэў у 1111. Крыжападобная ў плане 3-нефавая базіліка ўключае гал. неф з галерэяй і трыфорыем, трансепт, фланкіраваны 4 вежамі (2 не скончаны), хор без апсіды, квадратную ў плане вежу-ліхтар над сяродкрыжжам. Зах. фасад з 3 парталамі і традыц. акном-ружай фланкіраваны 2 вежамі з фігурамі быкоў. У інтэр’еры вітражы (у хорах — 13 ст.), рашотка хораў 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАВЕ́ЛЬСКАЯ Ю́Р’ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́, помнік драўлянага дойлідства 18 ст. Пабудавана ў 1766 у в. Валавель (Драгічынскі р-н Брэсцкай вобл.) як уніяцкая. Мае рысы стылю барока. Прамавугольны асн. зруб і выцягнутая 5-гранная апсіда накрыты агульным гонтавым дахам. На гал. фасадзе тарэц даху вырашаны як спалучэнне крывалінейнага франтона з паўвальмай і 2 чацверыковымі вежамі па баках, завершанымі 6-граннымі шыйкамі і галоўкамі над імі. Складаныя формы завяршэнняў маюць шматлікія заломы і выгіны. Па баках апсіды сіметрычныя нізкія рызніцы, пры ўваходзе — тамбур.
Літ.:
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся. XVII—XIX стст. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства канца 18 ст. Пабудавана ў гіст. раёне Гомеля на беразе р. Сож. Раней тут быў храм старавераў пад назвай Спасаў. Пасля на яго месцы пабудавана драўляная Ільінская царква, у 1794 перабудавана. Побач з ёй існаваў мужчынскі і жан. скіт старавераў. У 1850 скіт і царква закрыты; абразы і рэдкія кнігі перададзены ў Гомельскую Петрапаўлаўскую царкву. З 1852 царква зноў дзейнічае, у 1853 пры ёй засн. аднаверскі прыход. Будынак царквы складаецца з трох зрубаў, пастаўленых адзін за адным па падоўжнай восі. Зрубы нефа і бабінца прамавугольныя ў плане, алтарнай апсіды — 5-гранны. Над бабінцам надбудавана шмат’ярусная вежа-званіца (васьмярык на чацверыку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВЕ́РХНЯЯ ЦАРКВА́,
помнік мураванага дойлідства 14 — пач. 15 ст. Пабудавана на месцы Гродзенскай Ніжняй царквы. Часткі пабудовы выяўлены ў 1931—37 Ю.Ядкоўскім у час археал. раскопак на тэр.Гродзенскага Старога замка; у 1939 перанесены ў асобны павільён.
Рэшткі царквы даюць падставу меркаваць, што гэта быў квадратны ў плане са зрэзанымі вугламі бесстаўповы храм з паўкруглай апсідай. Унутры бакавых частак апсіды выяўлены аркі таўшчынёй у 1—2 цагліны. Першапачаткова перакрыццё царквы было драўлянае, пазней — скляпеністае на нервюрах. Пасля перабудовы храм накрыты чырвонай чарапіцай у форме плоскіх пласцін. Верхняя частка сцен упрыгожана крыжападобнай цэглай. Рэканструкцыю царквы выканалі: у 1938 Т.Андрыёнчык, у 1965 Абрамаўскас, у 1987 Ф.Селязнёў, Р.Сташкевіч, А.Трусаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ПРАЧЫ́СЦЕНСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік стараж.-рус. дойлідства 12 ст. Пабудавана майстрамі Гродзенскай школы дойлідства. Пашкоджана пажарам у 1654. Рэшткі яе выяўлены археолагамі ў 1980 на тэр.Гродзенскага манастыра базыльянак.
6-слуповы 3-нефавы храм меў 3 прамавугольныя ў плане апсіды са зрэзанымі вугламі. Сцены (таўшчыня 1—1,1 м) складзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. У верхнія часткі сцен і скляпенні былі ўмураваны керамічныя збаны (галаснікі). Фасады былі аздоблены лапаткамі, маёлікавымі пліткамі квадратнай і трапецападобнай формы, устаўкамі з абчасаных паліраваных валуноў. Падлога, выкладзеная маёлікавай пліткай жоўтага, зялёнага і карычневага колеру разнастайнай формы, сваім малюнкам нагадвае падлогу Гродзенскай Ніжняй царквы.