Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
ЗАМО́СЦЕНСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры рэнесансу. Пабудаваны каля 1620 (па інш. звестках у 1649) А.С.Вінкаю-Ратомскім у в. Замосце (Слуцкі р-н Мінскай вобл.). У 17 ст. пры З.к. была місія езуітаў, у 1865 забраны пад царкву. Мураваны 1-нефавы храм складаецца з квадратнага ў плане асн. аб’ёму, 5-граннай алтарнай апсіды і вежападобнага бабінца. Сцены нефа аздоблены тонкімі пілястрамі і завершаны прафіляваным карнізам. Вокны высокія, з паўцыркульным завяршэннем. Бабінец з трохвугольным франтонам і руставаным арачным уваходам, верагодна, перабудаваны ў 19 ст. Над ніжнім ярусам крыжовае скляпенне, вокны з лучковымі завяршэннямі. Грані апсіды прымыкаюць да нефа пад косым вуглом, па баках — выцягнутыя ўпоперак сакрысціі (рызніцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ЦЕНСКАЯ ЦАРКВА́.
Існавала ў 18 — пач. 20 ст. Пабудавана да 1740 у в. Быцень (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.), уваходзіла ў комплекс базыльянскага манастыра. Мураваная 3-нефавая крыжова-купальная базіліка з 2-вежавым фасадам. Выразнасць збудавання стваралася пластыкай ліній паўкруглых крылаў трансепта і алтарнай апсіды, сферычнага купала са светлавым барабанам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́СКАЎСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР МІСІЯНЕ́РАЎ помнік архітэктуры позняга барока ў в. Лыскава Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Першы драўляны касцёл засн. ў 1527 па фундацыі Мацея Клочкі, у 1751 Ян Быхавец перадаў яго місіянерам. У 1763—85 узведзены мураваны касцёл, у 1818 перабудавана вежа. У 1866 пераабсталяваны пад правасл. царкву. У 1881 ён абгарэў, у 1883—84 пад наглядам арх. П.Залатарова праводзіліся работы па яго аднаўленні. Касцёл — мураваны 1-нефавы, 1-вежавы крыжападобны ў плане будынак з 2 сакрысціямі абапал апсіды. Яго дамінанта — шмат’ярусная вежа. Развіты гарыз. пояс падзяляе аб’ёмы (акрамя апсіды) на 2 часткі, больш нізкая трактавана як цокаль. Аконныя праёмы лучковыя. Інтэр’ер касцёла аформлены пілястрамі і калонамі іанічнага і кампазітнага ордэраў, размаляваны пад мармур. У 2-й пал. 18 ст. перад касцёлам (па адзінай восі) узведзены 2-павярховы сіметрычны ў плане П-падобны мураваны будынак кляштара. Гал. фасад яго вылучаны рызалітам. Сцены рытмічна расчлянёны пілястрамі.
Т.В.Габрусь.
Лыскаўскі Троіцкі касцёл і кляштар місіянераў. Вежа касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖА́НСКАЯ ЦАРКВА́ ПЯТРА́ І ПА́ЎЛА І МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,
помнік архітэктуры барока ў г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Мураваны храм пабудаваны пры базыльянскім манастыры ў 1762—79 (арх. Я.С.Бекер) на месцы уніяцкай царквы 1568 па фундацыі Хрысціны Масальскай з Сапегаў. У 1839 перададзена праваслаўным. Будынак 1-нефавы з вял. паўкруглай апсідай, над якой пакаты 2-схільны дах пераходзіць у конусападобнае пакрыццё, завершанае галоўкай. Па баках апсіды размешчаны 2 квадратныя ў плане невысокія рызніцы пад 3-схільнымі дахамі. Гал. фасад па цэнтры вылучаны рызалітам, які завершаны развітым антаблементам і 2-ступеньчатым атыкам з трохвугольным франтонам. Над атыкам узвышаецца 2-ярусная чацверыковая вежа-званіца з галоўкай на барабане. Барочны пластычны характар фасаду надаюць шматлікія крапоўкі слаістымі пілястрамі, прафіляванымі цягамі, нішамі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў прафіляваных ліштвах і пілястрамі ў прасценках, апяразаны паддахавым карнізам.
Зала царквы перакрыта люстэркавым скляпеннем, плафон якога пакрыты размалёўкай «Праабражэнне» (пашкоджана пажарам у 1895, адноўлена ў пач. 20 ст.). На плафоне апсіды размалёўка «Бог Саваоф». Абапал апсіды медальёны з выявамі апосталаў Пятра і Паўла. Захаваўся абраз «Маці Божая Адзігітрыя» (каля 1648), якому прыпісваецца захаванне храма ад пажару.
Корпус манастыра ўзведзены ў 1780-я г. (арх. Бекер) з паўд. боку царквы па фундацыі А.Сапегі. Будынак прамавугольны ў плане, 2-павярховы, накрыты вальмавым дахам. Рытм гал. фасада ствараецца прамавугольнымі аконнымі праёмамі, завершанымі трохвугольнымі і паўкруглымі сандрыкамі (на 1-м паверсе), пілястрамі. Цэнтр гал. фасада вылучаны рызалітам.
В.В.Калнін, В.В.Церашчатава.
Ружанская царква Пятра і Паўла і манастыр базыльян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р,
помнік архітэктуры 11—18 ст. у г. Полацк Віцебскай вобл. Пабудаваны ў сярэдзіне 11 ст. пры кн. Усяславе Брачыславічу як правасл. храм. Будынак 5-нефавы крыжова-купальны (7 купалаў, паводле інш. звестак 5) з 3 гранёнымі апсідамі. На кожным фасадзе (акрамя ўсходняга) было 6 прамавугольных плоскіх лапатак, якія адпавядалі ўнутр. падзелу памяшкання 16 слупамі на нефы, 3 сярэднія нефы заканчваліся апсідамі. Над сяродкрыжжам сабора быў цэнтр. купал на барабане. Сцены складзены з прыроднага каменю і плінфы ў тэхніцы паласатай муроўкі (муроўка са «схаваным радам», што стварала 2-колерную гаму паверхні), характэрнай для Полацкай школы дойлідства. У канцы 15 — пач. 16 ст. перабудаваны ў 5-вежавы храм абарончага тыпу. Неаднаразова быў разбураны (у 1607 і 1643 спалены, у 1710 пашкоджаны выбухам). Паміж 1738—50 перабудаваны (арх. І.К.Глаўбіц, каменшчык Б.Касінскі) у стылі позняга барока. Храм арыентаваны з Пд на Пн. У 18 ст. сабор — 3-нефавая мураваная базіліка з 2 шмат’яруснымі вежамі на гал. фасадзе. З усх. боку ў кампазіцыю сабора ўключаны рэшткі сцен і гранёныя апсіды храма сярэдзіны 11 ст. (даўжыня старой пабудовы вызначыла шырыню новай). Стараж.апсіды і сіметрычная прыбудова да зах. фасада ўтвараюць своеасаблівы трансепт, гранёныя крылы якога завершаны ў цэнтры купалам з ліхтарыкамі. Цэнтр. неф на гал. фасадзе і з боку алтарнай апсіды завершаны фігурнымі атыкавымі франтонамі. Гал. фасад дэкарыраваны ляпнымі гірляндамі на пілястрах, авальнымі нішамі на гранёных крылах, пінаклямі на вуглах ярусаў вежаў і франтонаў. Бакавыя фасады аздоблены спаранымі пілястрамі і ляпнымі гірляндамі. У інтэр’еры 3-ярусная каменная алтарная перагародка, на якой захаваліся маляўнічыя кампазіцыі 18—19 ст., у т. л. «Тайная вячэра», «Спас нерукатворны» і скульпт. кампазіцыя «Тройца новазапаветная». У стараж. частцы храма (усх. апсіда) захаваліся рэшткі фрэсак 11 ст. У будынку сабора пасля рэстаўрацыі (1985, арх. В.Слюнчанка) размешчана канцэртная зала з арганам і Музей гісторыі і архітэктуры Сафійскага сабора. П.С.с. уваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.
Літ.:
Ткачоў М.А. Новае пра Сафійскі сабор // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. №2;
Трусов О.А. Археологическое изучение Полоцкой Софии // Древности Белоруссии и Литвы. Мн., 1982;
Церашчатава В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст. Мн., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ УВЯДЗЕ́НСКАЯ ЦАРКВА́.
Існавала ў Віцебску ў 17 ст. Пабудавана з дрэва ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Складалася з 3 аб’ёмаў: 2-яруснага цэнтр. чацверыковага, завершанага 4-схільным дахам, гранёнай апсіды з шатровым дахам, чацверыковай званіцы, завершанай ізбіцай і шатровым дахам з купалам. Усе дахі ўвянчаны купальнымі галоўкамі на светлавых барабанах. Вядомая з «Чарцяжа» Віцебска 1664.
Злева направа: Віцебская Святадухаўская царква; Віцебская Спаса-Праабражэнская царква; Віцебская Увядзенская царква; Віцебскі палац Агінскага. Усе з «Чарцяжа» Віцебска 1664.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́НАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудаваны ў 2-й пал. 19 ст. ў в. Канстанцінава Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. З усх. боку далучаны кубападобны аб’ём апсіды з нізкай бакавой сакрысціяй. Цэнтр гал. атынкаванага фасада вылучаны рызалітам з трохвугольным франтонам у завяршэнні, прамавугольным уваходным парталам з лучковым франтонам і фігурнай люкарнай над ім. Над дахам з боку гал. фасада гранёная вежа-званіца, над алтарным аб’ёмам ліхтар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры псеўдарус. стылю ў г. Паставы Віцебскай вобл. Пабудавана ў 1894 з цэглы на цэнтр. плошчы горада. Асн. прамавугольны ў плане аб’ём храма выцягнуты па папярочнай восі. Да яго прымыкаюць закругленая апсіда, дадатковы аб’ём і бабінец з ганкам. Па баках апсіды і бабінца размешчаны дапаможныя памяшканні. Асн. аб’ём завершаны 5-купаллем, бабінец — шатровай званіцай з галоўкай. У дэкоры фасадаў выкарыстаны какошнікі, арнаментальныя паяскі, ліштвы, паўцыркульныя нішы.