БЕЛАРУ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1918.

Адбылася 25—28.1.1918 у Вільні. Склікана Арганізац. к-там, у які ўваходзілі прадстаўнікі розных сац. колаў і бел. арг-цый з акупіраванай Германіяй тэр. Беларусі. Правядзенне канферэнцыі выклікана неабходнасцю ўзгадніць мэты розных бел. арг-цый, «апрацаваць асновы беларускага народнага прадстаўніцтва» і «палажыць першы камень пад будоўлю нашай гасударственнай будучыні». Дэлегатам належала разгледзець 2 канцэпцыі: выпрацаваную ў вер. 1917 канферэнцыяй Бел. нар. к-та, Бел. сацыял-дэмакр. работніцкай групы і Віленскага к-та Бел. сацыяліст. грамады і выпрацаваную арг-цыяй Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. Пасля ўзгаднення сваіх пазіцый бел. арг-цыі не адмовіліся ад ідэі Бел.-Літ. дзяржавы, якая павінна была стаць канфедэрацыяй 2 аўт. тэрыторый — беларускай і літоўскай; у склад канфедэрацыі павінны былі ўвайсці ўсе бел. і ўсе літ. землі. Беларуская канферэнцыя абрала каардынацыйны цэнтр бел. арг-цый і іх прадстаўнічы орган — Віленскую беларускую раду.

А.М.Сідарэвіч.

т. 2, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́НДА ЗЯМЛІ́,

форма землекарыстання, пры якой уласнік зямлі перадае за плату на пэўны тэрмін зямельны ўчастак іншай асобе (арандатару) для вядзення гаспадаркі. Узнікла ў рабаўладальніцкім грамадстве і дала пачатак развіццю арэнды. У часы рабаўладальніцтва і феадалізму пераважала прадуктовая (дзеля атрымання прадуктаў), пры капіталізме набыла прадпрымальніцкі характар: арандатар укладвае ў зямлю ўласны капітал, вядзе гаспадарку з дапамогай наёмнай рабочай сілы і атрымлівае прыбытак. Пераходнымі формамі ад прадуктовай да прадпрымальніцкай арэнды зямлі былі здольшчына і адработкі. Капіталістычная арэнда зямлі найбольш пашырана ў развітых краінах (ЗША, Вялікабрытанія, Бельгія, Нідэрланды, Францыя). На развіццё арэндных адносін у аграрным сектары істотна ўплывае дзяржаўнае рэгуляванне — фінансавая дапамога для тэхнічнага аснашчэння сельскай гаспадаркі, падтрымка ў збыце прадукцыі і інш. З улікам гэтага асобныя землеўладальнікі самі становяцца і прадпрымальнікамі. Зямлю для прадпрымальніцкай дзейнасці і здачы ў арэнду набываюць таксама буйныя карпарацыі.

На Беларусі да 1861 пераважала дакапіталістычная арэнда зямлі. Пасля адмены прыгону сяляне атрымалі права заключаць арэндныя здзелкі, што спрыяла развіццю арэндных адносін. Патрэбу ў гэтым мелі не толькі беззямельныя сяляне, а і памешчыкі, якія не маглі ўласнымі сіламі апрацаваць сваю зямлю. Аграрны крызіс канца 19 стагоддзя паскорыў гэты працэс. У 1887 арэндны фонд складаў каля 2,5 млн. дзесяцін, а ў 2-й палове 1890-х гадоў каля 3,5 млн. дзесяцін. Пераважала сялянская арэнда зямлі. Але ў канцы 19 стагоддзя больш за 1,5 млн. дзесяцін зямлі арандавалі дваране, купцы, мяшчане, якія вялі буйныя прадпрымальніцкія гаспадаркі з выкарыстаннем вольнанаёмнай працы. Да 1917 арэндны фонд на Беларусі, паводле ацэнак спецыялістаў, дасягнуў прыкладна 5 млн. дзесяцін, у тым ліку не менш як 3,3 млн. дзесяцін прыпадала на сялянскую арэнду. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 зямля была нацыяналізавана, а яе арэнда забаронена. З некаторымі абмежаваннямі адноўлена ў часы нэпа і існавала да калектывізацыі. Права на арэнду зямлі грамадзяне і арганізацыі зноў атрымалі на аснове прынятых Вярхоўным Саветам Беларусі «Кодэкса Беларускай ССР аб зямлі» і «Закона Беларускай ССР аб арэндзе» (1990). Здаваць у арэнду зямлю і іншыя прыродныя рэсурсы могуць толькі мясцовыя Саветы дэпутатаў.

У.А.Салановіч.

т. 2, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)