Савет па апецы (ААН) 1/383, 414; 9/289

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т ПА АПЕ́ЦЫ ААН,

адзін з галоўных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у 1945—94. Складаўся з дзяржаў — членаў ААН, якія кіравалі тэрыторыямі пад апекай; з пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН, якія не кіравалі тэрыторыямі пад апекай, і інш. членаў, выбраных Ген. Асамблеяй ААН на 3-гадовы тэрмін з такім разлікам, каб агульная колькасць членаў Савета размяркоўвалася пароўну паміж першымі і другімі. Пад кіраўніцтвам Ген. Асамблеі Савет быў правамоцны: разглядаць справаздачы ўлад, якія кіравалі адпаведнай тэрыторыяй; прымаць петыцыі і разглядаць іх, кансультуючыся з кіруючай уладай; перыядычна наведваць адпаведныя падапечныя тэрыторыі ва ўзгодненыя з кіруючай уладай тэрміны і рабіць захады ў адпаведнасці з умовамі пагадненняў аб апецы. Ён распрацоўваў анкеты адносна паліт., эканам., сац. прагрэсу і прагрэсу ў галіне адукацыі насельніцтва падапечных тэрыторый, а кіруючыя ўлады кожнай такой тэрыторыі прадстаўлялі Ген. асамблеі штогадовыя даклады на аснове гэтых анкет. Да 1994 усе 11 падапечных тэрыторый, якія знаходзіліся ў веданні Савета, набылі самастойнасць. У сувязі з гэтым неабходнасць у Савеце адпала (гл. таксама Апека міжнародная).

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАПЕ́ЧНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ,

тэрыторыі, якія пасля заканчэння 2-й сусв. вайны ўключаны ў Міжнар. сістэму апекі ААН, прадугледжаную Статутам ААН. Гэта пераважна былыя падмандатныя тэрыторыі Лігі Нацый або калоніі, найперш Германіі і яе саюзнікаў: у Афрыцы — Камерун, Руанда, Бурундзі, Самалі, Танзанія, Паўд.-Зах. Афрыка; а-вы у Ціхім Акіяне — Зах. Самоа, Науру, Новая Гвінея, Марыянскія, Маршалавы і Каралінскія; з насельніцтвам каля 20 млн. чалавек. Кіраванне імі, са згоды ААН і пад кантролем яе Савета па апецы, атрымалі б. каланіяльныя дзяржавы — Вялікабрытанія, Бельгія, Францыя, а таксама Італія (над Самалі). Апрача таго, Савет Бяспекі ААН у 1947 перадаў Каралінскія, Марыянскія і Маршалавы а-вы ў якасці «стратэгічнага раёна» пад кіраванне ЗША. Да 1997 усе П.т. атрымалі незалежнасць.

т. 11, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЯЧЫ́ЦЕЛЬСТВА,

форма абароны асабістых і маёмасных правоў і інтарэсаў грамадзян. Устанаўліваецца над непаўналетнімі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў, а таксама над асобамі, абмежаванымі судом у дзеяздольнасці ў выніку злоўжывання спіртнымі напіткамі, наркатычнымі сродкамі або псіхатропнымі рэчывамі. Рэгуляванне адносін па апецы і П. ажыццяўляецца цывільным і сямейным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. П. ўстанаўліваецца па месцы жыхарства падапечнай асобы або папячыцеля. Органамі апекі і П. з’яўляюцца мясц. выканаўчыя і распарадчыя органы і папячыцель можа прызначацца толькі з іх згоды. Папячыцелі аказваюць падапечным садзеянне ў ажыццяўленні імі сваіх правоў і выкананні абавязкаў, а таксама ахоўваюць іх ад злоўжыванняў з боку інш. асоб. Парадак устанаўлення П., кола правоў і абавязкаў папячыцеляў, рэгламентацыя іх адносін з падапечнымі вызначаюцца заканадаўствам.

М.​І.​Тарасевіч.

т. 12, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕ́КА МІЖНАРО́ДНАЯ,

сістэма кіравання былымі залежнымі тэрыторыямі, якая ажыццяўлялася ад імя і пад кіраўніцтвам ААН. Створана ў 1945. Апекавала тэрыторыі, на якія раней распаўсюджвалася мандатная сістэма Лігі Нацый, а пасля 2-й сусветнай вайны былі адарваны ад дзяржаў гітлераўскай кааліцыі і добраахвотна ўвайшлі ў сістэму апекі. Грунтавалася на праве нацый на самавызначэнне, была больш прагрэсіўная па сваіх мэтах і накіравана на ліквідацыю каланіяльнай залежнасці. У сістэму апекі міжнароднай было ўключана 11 тэрыторый. Кантрольныя функцыі за выкананнем дзяржавамі-апекунамі сваіх абавязкаў ускладаліся на Савет па апецы ААН і Савет Бяспекі ААН. Прыняцце Ген. Асамблеяй ААН у 1960 Дэкларацыі аб прадастаўленні незалежнасці каланіяльным краінам і народам садзейнічала таму, што ўсе падапечныя тэрыторыі да 1994 атрымалі незалежнасць. Такім чынам сістэма апекі міжнароднай вычарпала свае функцыі.

Л.​В.​Паўлава.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т БЯСПЕ́КІ ААН (СБ ААН),

галоўны орган Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, рашэнні якога абавязковыя для ўсіх яе членаў. Складаецца з 15 членаў (да 1965 было 11). 3 іх 5 пастаянныя — Расія (да 1991 — СССР), ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і Кітай, і 10 непастаянных (да 1965—6), ратацыя якіх адбываецца кожныя 2 гады. Пры прыняцці рашэнняў дзейнічае прынцып аднагалосся пастаянных членаў СБ ААН. Паводле Статута ААН Савет Бяспекі адказвае за падтрымку міжнар. міру і бяспекі ў адпаведнасці з прынцыпамі і мэтамі ААН; разглядае міждзярж. спрэчкі ці інш. сітуацыі, якія могуць прывесці да міжнар. канфліктаў; выпрацоўвае рэкамендацыі шляхоў уладжвання такіх спрэчак і ўмовы іх вырашэння; распрацоўвае планы для стварэння сістэмы рэгулявання ўзбраенняў; вызначае наяўнасць пагрозы міру ці акта агрэсіі і рэкамендуе меры, якія трэба прыняць; заклікае членаў ААН да выкарыстання эканам. санкцый ці інш. мер, якія не звязаны з выкарыстаннем сілы, дзеля прадухілення ці спынення агрэсіі; прадпрымае ваен. дзеянні супраць агрэсара; рэкамендуе далучэнне да ААН новых членаў; ажыццяўляе функцыі ААН па апецы ў «стратэгічных раёнах»; рыхтуе рэкамендацыі Ген. Асамблеі ААН аб прызначэнні Ген. сакратара ААН і сумесна з ёй выбірае суддзяў Міжнар. суда. На 1974—1975 непастаянным членам СБ ААН выбіралася БССР.

т. 14, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ АСАМБЛЕ́Я ААН,

галоўны дарадчы орган Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У ёй прадстаўлены ўсе члены ААН. Можа абмяркоўваць любыя пытанні ў межах Статута ААН, даваць рэкамендацыі дзяржавам-членам і Савету Бяспекі ААН па любым з такіх пытанняў, за выключэннем тых, якія з’яўляюцца паўнамоцтвам Савета Бяспекі. Генеральная Асамблея ААН атрымлівае і разглядае справаздачы інш. органаў ААН, выбірае непастаянных членаў Савета Бяспекі, членаў Эканамічнага і Сацыяльнага Савета ААН, некат. членаў Савета па апецы ААН; сумесна з Саветам Бяспекі выбірае членаў Міжнароднага Суда ААН, па рэкамендацыі Савета Бяспекі назначае Генеральнага сакратара ААН, разглядае і прымае бюджэт ААН, новых членаў ААН. Рашэнні па найважнейшых пытаннях падтрымання міру і бяспекі, бюджэту і прыёму новых членаў ААН патрабуюць большасці ў ⅔ галасоў, па інш. пытаннях — простай большасці. Сесіі Генеральнай Асамблеі ААН праводзяцца штогод (з 3-га аўторка вер. да сярэдзіны снеж.) у штаб-кватэры ААН у Нью-Йорку. Могуць склікацца спец. сесіі (напр., па патрабаванні Савета Бяспекі ці большасці членаў ААН). Большасць пытанняў кожнай сесіі размеркавана паміж 6 гал. к-тамі Генеральнай Асамблеі ААН (па раззбраенні і міжнар. бяспецы; эканам. і фін. пытаннях; сац. і гуманіт. пытаннях і пытаннях культуры; спец. к-т па паліт. пытаннях і дэкаланізацыі; па адм. і бюджэтных пытаннях; па прававых пытаннях), 2 пастаяннымі — Кансультатыўным к-там па адм. пытаннях і бюджэце і К-там па ўзносах, а таксама шэрагам спец. к-таў (ствараюцца як пастаянныя, так і часовыя).

В.​М.​Іваноў.

т. 5, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-ФРАНЦЫ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1945,

устаноўчая канферэнцыя 50 дзяржаў па заснаванні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Адбылася 25.4—26.6.1945 у г. Сан-Францыска (ЗША). Склікана паводле рашэння Крымскай канферэнцыі 1945 аб стварэнні ўсеагульнай міжнар. арг-цыі для падтрымання міру і бяспекі. Запрашэнні на С.-Ф.к. накіраваны ад імя ўрадаў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая ўрадам 42 дзяржаў, якія падпісалі Дэкларацыю Аб’яднаных Нацый ад 1.1.1942 ці далучыліся да яе потым і абвясцілі вайну краінам фаш. блока да 1.3.1945. Адсутнасць сярод запрошаных БССР і УССР стала прадметам рознагалоссяў паміж СССР і яго зах. саюзнікамі (ЗША і Вялікабрытаніяй). Пад націскам нар. камісара замежных спраў СССР В.​М.​Молатава зах. дзяржавы пагадзіліся з сав. патрабаваннем. 27.4.1945 на 1-м пасяджэнні кіраўнікоў дэлегацый (Кіруючага к-та) па прапанове кіраўніка дэлегацыі СССР Молатава ў парадак дня С.-Ф.к. аднагалосна ўключана пытанне пра запрашэнне БССР і УССР. Пасля падтрымкі сав. прапановы кіраўнікамі дэлегацый ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая, Францыі, Бразіліі, Чэхаславакіі і Аўстраліі канферэнцыя аднагалосна (47 галасамі) прыняла пастанову пра ўключэнне БССР і УССР у лік першапачатковых членаў арг-цыі. 30.4.1945 пленарнае пасяджэнне С.-Ф.к. зноў аднагалосна прыняло рашэнне пра запрашэнне дэлегацый БССР і УССР. У той жа дзень на канферэнцыю запрошаны ўрад Аргенціны, а 5.6.1945 — Даніі. Па патрабаванні дэлегацыі СССР С.-Ф.к. вырашыла лічыць членам-заснавальнікам ААН і Польшчу (падпісала Статут ААН у канцы 1945). 1.5.1945 ген. сакратар канферэнцыі А.​Хіс паслаў з Вашынгтона ў Мінск запрашальную тэлеграму наркому замежных спраў БССР К.​В.​Кісялёву.

30.4.1945 Прэзідыум Вярх. Савета БССР прызначыў бел. дэлегацыю ў складзе Кісялёва (кіраўнік), Г.​І.​Байдакова, А.​Р.​Жэбрака, У.​М.​Перцава, Ф.​П.​Шмыгава; у тэхн. персанал дэлегацыі ўвайшлі В.​І.​Фармашаў (кансультант), М.​Ц.​Лынькоў (карэспандэнт), М.​І.​Пятрова (перакладчыца), Несцерава (перакладчыца-стэнаграфістка). 8.5.1945 дэлегацыя БССР пачала працу і ўнесла ўклад у распрацоўку Статута ААН. Яго выпрацоўка ажыццяўлялася на падставе прапаноў Думбартан-Окс канферэнцыі 1944, палажэнняў аб працэдуры галасавання ў Савеце Бяспекі ААН, узгодненых на Крымскай канферэнцыі («ялцінская формула»), дапаўненняў і паправак, прадстаўленых дзяржавамі — удзельніцамі С.-Ф.к. Дэлегацыя БССР выступала за права аднагалосся (вета) пастаянных членаў Савета Бяспекі, уключэнне ў Статут ААН палажэнняў аб самавызначэнні народаў, забеспячэнні інтарэсаў калан. і залежных краін і інш. Па гэтых пытаннях у Статут унесены палажэнні, якія захоўвалі «ялцінскую формулу», уключалі СССР у склад Савета па апецы і закладалі палітыка-прававую аснову для антыкалан. дзейнасці, адкрывалі шлях у ААН толькі міралюбным дзяржавам. Было выпрацавана палажэнне, што Генеральная Асамблея ААН можа абмяркоўваць усе пытанні ў межах Статута ААН. 23.5.1945 на першай з часу стварэння ў 1919 Наркамата замежных спраў БССР прэс-канферэнцыі нарком замежных спраў Беларусі Кісялёў заявіў, што БССР будзе праводзіць самаст. знешнюю палітыку, якая ва ўсіх прынцыповых пытаннях супадае з пазіцыяй СССР. 26.6.1945 прадстаўнікі 50 дзяржаў, у т. л. БССР, падпісалі Статут ААН, Статут Міжнароднага суда ААН і Часовае пагадненне аб стварэнні Падрыхтоўчай камісіі. Апошняй належала ажыццявіць мерапрыемствы, звязаныя з пачаткам дзейнасці гал. органаў ААН (Ген. Асамблеі, Савета Бяспекі і інш.). 30.8.1945 Прэзідыум Вярх. Савета БССР ратыфікаваў Статут ААН. 24.10.1945 ён набыў сілу. С.-Ф.к. — першы міжнар. форум 20 ст., у якім дэлегацыя Беларусі ўдзельнічала на раўнапраўнай і правамоцнай аснове.

Літ.:

Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гг. Мн., 1994;

Яго ж. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гг. Мн., 1997.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 14, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ (United Nacions; ААН),

міжнародная арганізацыя, створаная для падтрымання міру, бяспекі і развіцця супрацоўніцтва паміж усімі краінамі.

Арганізац. і структурныя асновы ААН закладваліся ў час 2-й сусв. вайны вядучымі дзяржавамі антыгітлераўскай кааліцыі. 1.1.1942 у Вашынгтоне 26 краін падпісалі Дэкларацыю Аб’яднаных Нацый (назву «Аб’яднаныя Нацыі» прапанаваў прэзідэнт ЗША Ф.​Рузвельт). У Дэкларацыі, прынятай 30.10.1943 на Маскоўскай нарадзе міністраў замежных спраў, ад імя ўрадаў заяўлена пра неабходнасць «заснавання ў найкарацейшы тэрмін агульнай міжнароднай арганізацыі для падтрымання міру і бяспекі, заснаванай на прынцыпе суверэннай роўнасці ўсіх міралюбівых дзяржаў». На Думбартан-Окс канферэнцыі 1944 прадстаўнікі Вялікабрытаніі, ЗША, Кітая і СССР распрацавалі прапановы па статуце такой арг-цыі. На Крымскай канферэнцыі 1945 кіраўнікі Вялікабрытаніі, ЗША і СССР дамовіліся на ўстаноўчую канферэнцыю ў Сан-Францыска ў якасці першапачатковых дзяржаў — заснавальніц ААН запрасіць Беларускую ССР і Украінскую ССР, ацэньваючы ўклад народаў гэтых рэспублік у перамогу над фашызмам. Сан-Францыская канферэнцыя 1945 прыняла Статут ААН. Урачыстае яго падпісанне адбылося 26.6.1945 прадстаўнікамі 50 дзяржаў, у т. л. і БССР. Гэтыя краіны, а таксама не прадстаўленая на канферэнцыі Польшча (падпісала Статут некалькі пазней), сталі першапачатковымі дзяржавамі — членамі ААН. Афіц. датай утварэння ААН лічыцца 24.10.1945, калі яе Статут набыў сілу пасля здачы ратыфікацыйных грамат Вялікабрытаніяй, ЗША, Кітаем, СССР, Францыяй і большасцю інш. краін, якія яго падпісалі (БССР ратыфікавала Статут 30.8.1945). 24 кастр. адзначаецца штогод як Дзень ААН.

Паводле Статута мэты ААН: падтрымліваць міжнар. мір і бяспеку, выкарыстоўваючы эфектыўныя калект. захады супраць агрэсіі ці інш. парушэнняў міру; праводзіць мірнымі сродкамі адпаведна з прынцыпамі справядлівасці і міжнар. права ўрэгуляванне або вырашэнне міжнар. спрэчак ці сітуацый, што могуць прывесці да парушэння міру; развіваць дружалюбныя адносіны паміж нацыямі на аснове павагі прынцыпу раўнапраўя і самавызначэння народаў і рабіць адпаведныя захады на ўмацаванне ўсеагульнага міру; ажыццяўляць міжнар. супрацоўніцтва ў вырашэнні праблем эканам., сац., культ. характару, заахвочваць і ўмацоўваць павагу да правоў чалавека і асн. свабод для ўсіх, незалежна ад расы, полу, мовы і рэлігіі. У сваёй дзейнасці ААН кіруецца прынцыпамі суверэннай роўнасці ўсіх яе членаў, добрасумленнага выканання імі прынятых на сябе ў адпаведнасці са Статутам абавязацельстваў, вырашэння міжнар. спрэчак мірнымі сродкамі, неўмяшання ў справы, якія па сутнасці ўваходзяць ва ўнутр. кампетэнцыю любой дзяржавы. ААН забяспечвае ў адпаведнасці з яе прынцыпамі дзейнасць дзяржаў, якія не з’яўляюцца членамі арг-цыі. Паводле Статута прыём у члены ААН адкрыты для ўсіх міралюбівых дзяржаў, якія бяруць на сябе абавязкі, абумоўленыя Статутам, могуць і жадаюць іх выконваць. Прыём праводзіцца Генеральнай Асамблеяй ААН па рэкамендацыі Савета Бяспекі ААН. Статут прадугледжвае прыпыненне ажыццяўлення правоў і прывілеяў дзяржавы — члена ААН або выключэнне з ААН за парушэнне прынцыпаў Статута. На 1.4.1995 членамі ААН з’яўляліся 185 дзяржаў свету.

Гал. органы арг-цыі: Генеральная Асамблея, Савет Бяспекі, Эканамічны і сацыяльны савет ААН (ЭКАСОС), Савет па апецы ААН, Міжнародны суд ААН і Сакратарыят ААН.

У Ген. Асамблеі прадстаўлены ўсе члены ААН. Яна можа абмяркоўваць любыя пытанні ў межах Статута або якія адносяцца да паўнамоцтваў і функцый любога з органаў ААН, даваць рэкамендацыі Савету Бяспекі і яго членам па любым з такіх пытанняў, за выключэннем тых, на якія распаўсюджваюцца паўнамоцтвы Савета Бяспекі; вызначае мэты і кіруе дзейнасцю ў галіне развіцця, склікае сусв. канферэнцыі, абвяшчае міжнар. гады і г.д. Паводле Статута ААН на Савет Бяспекі ўскладзена гал. адказнасць за падтрыманне міру і бяспекі. Ён складаецца з 5 пастаянных (Вялікабрытанія, ЗША, Кітай, Расія і Францыя) і 10 непастаянных (выбіраюцца Ген. Асамблеяй на 2 гады) членаў. Дзейнічае паводле прынцыпу аднагалосся. Рашэнні Савета Бяспекі абавязковыя для ўсіх членаў ААН. У выключную кампетэнцыю Савета Бяспекі ўваходзіць, вырашэнне пытанняў стварэння і функцыянавання ўзброеных сіл ААН. Эканам. і сац. савет каардынуе пад эгідай Ген. Асамблеі дзейнасць ААН у галіне эканам. і сац. супрацоўніцтва. Складаецца з 54 чал., якія выбіраюцца Ген. Асамблеяй. Задача Савета па апецы — назіранне за кіраўніцтвам падапечнымі тэрыторыямі, якія ўключаны ў сістэму апекі. Міжнар. суд — гал. суд. орган ААН. Яго члены выбіраюцца Ген. Асамблеяй і Саветам Бяспекі. Сакратарыят абслугоўвае інш. органы ААН, выконвае праграмы і ажыццяўляе прынятую імі палітыку. Узначальвае Сакратарыят Генеральны сакратар ААН (з 1.1.1993 Бутрас Бутрас-Галі).

Існуе вял. колькасць розных органаў ААН: спец. камітэты, камісіі, канферэнцыі і інш. Асобна вылучаюцца спецыялізаваныя ўстановы ААН, якія дзейнічаюць аўтаномна, маюць свае ўстановы і членства. Штаб-кватэра ААН размешчана ў Нью-Йорку. У шэрагу гарадоў свету дзейнічаюць інфарм. цэнтры і розныя службы арг-цыі. У Вене і Жэневе размешчаны Аддзяленні ААН. Афіц. мовы ААН — англ., ісп., кіт., рус., франц.; араб. мова дабаўлена як афіц. мова Ген. Асамблеі, Савета Бяспекі і ЭКАСОС. Мае сваю эмблему і сцяг. У Мінску дзейнічае Прадстаўніцтва ААН у Рэспубліцы Беларусь.

В.​М.​Іваноў, Г.​К.​Кісялёў.

Да арт. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый. Кіраўнік дэлегацыі БССР К.​В.​Кісялёў падпісвае Статут ААН. Сан-Францыска. 26.6.1945.
Будынак Сакратарыята Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Йорку.
Колькасны рост Арганізацыі Аб’яднаных Нацый
Год уступлення Колькасць дзяржаў-членаў ААН (на год) Дзяржавы — члены ААН (у дужках дата прыняцця дзяржавы)
1 2 3
1945 51 Дзяржавы — заснавальніцы ААН Аргенціна, Беларусь, Бразілія, Вялікабрытанія, Гаіці, Дамініканская Рэспубліка, Данія, Егіпет, ЗША, Іран, Кітай (Рэзалюцыяй Ген. Асамблеі ад 25.10.1971 прадстаўнікі ўрада КНР прызнаны законнымі прадстаўнікамі Кітая ў ААН, а прадстаўнікі Чан Кайшы пазбаўлены гэтых паўнамоцтваў), Куба, Ліван, Люксембург, Нікарагуа, Новая Зеландыя, Парагвай, Польшча, Расійская Федэрацыя (да 24.12.1991 — СССР), Сальвадор, Саудаўская Аравія, Сірыя, Турцыя, Украіна, Філіпіны, Францыя, Чылі, Чэхаславакія, Югаславія (усе 24 кастр.), Грэцыя (25 кастр.), Індыя (30 кастр.), Перу (31 кастр.), Аўстралія (1 ліст.), Коста-Рыка, Ліберыя (2 ліст.), Калумбія (5 ліст.), Мексіка, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка (7 ліст.), Канада (9 ліст.), Панама, Эфіопія (13 ліст.), Балівія (14 ліст.), Венесуэла (15 ліст.), Гватэмала (21 ліст.), Нарвегія (27 ліст.), Нідэрланды (10 снеж.), Гандурас (17 снеж.), Уругвай (18 снеж.), Ірак, Эквадор (21 снеж.), Бельгія (27 снеж.)
Новыя дзяржавы — члены ААН
1946 55 Афганістан, Ісландыя, Швецыя (19 ліст.), Тайланд (16 снеж.)
1947 57 Йемен, Пакістан (30 вер.)
1948 58 М’янма (19 крас.)
1949 59 Ізраіль (11 мая)
1950 60 Інданезія (28 вер.)
1955 76 Албанія, Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя, Іарданія, Ірландыя, Іспанія, Італія, Камбоджа, Лаоская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка, Лівійская Арабская Джамахірыя, Непал, Партугалія, Шры-Ланка, Румынія, Фінляндыя (усе 14 снеж.)
1956 80 Марока, Судан, Туніс (усе 12 ліст.), Японія (18 снеж.)
1957 82 Гана (8 сак.), Малайзія (17 вер.)
1958 83 Гвінея (12 снеж.)
1960 100 Бенін, Буркіна-Фасо, Габон, Заір, Камерун, Кіпр, Конга, Кот-д’Івуар, Мадагаскар, Нігер, Самалі, Тога, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка, Чад (усе 20 вер.), Малі, Сенегал (28 вер.), Нігерыя (7 кастр.)
1961 104 Манголія, Маўрытанія, Сьера-Леоне (усе 27 кастр.), Аб’яднаная Рэспубліка Танзанія (14 снеж.)
1962 110 Бурундзі, Руанда, Трынідад і Табага, Ямайка (усе 18 вер.), Алжыр (8 кастр.), Уганда (25 кастр.)
1963 112 Кувейт (14 мая), Кенія (16 снеж.)
1964 115 Замбія, Малаві, Мальта (усе 1 снеж.)
1965 118 Гамбія, Мальдыўскія Астравы, Сінгапур (усе 21 вер.)
1966 122 Гаяна (20 вер.), Батсвана, Лесота (17 кастр.), Барбадас (9 снеж.)
1967 123 Дэмакратычны Йемен (14 снеж.)
1968 126 Маўрыкій (24 крас.), Свазіленд (24 вер.), Экватарыяльная Гвінея (12 ліст.)
1970 127 Фіджы (13 ліст.)
1971 132 Бахрэйн, Бутан, Катар (усе 21 вер.), Аман (7 кастр.), Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (9 снеж.)
1973 135 Багамскія Астравы, Германская Дэмакратычная Рэспубліка, Федэратыўная Рэспубліка Германіі (усе 18 вер.)
1974 138 Бангладэш, Гвінея-Бісау, Грэнада (усе 17 вер.)
1975 144 Каба-Вердэ, Мазамбік, Сан-Таме і Прынсіпі (усе 16 вер.), Папуа—Новая Гвінея (10 кастр.), Каморскія Астравы (12 ліст.), Сурынам (4 снеж.)
1976 147 Сейшэльскія Астравы (21 вер.), Ангола (1 снеж.), Самоа (15 снеж.)
1977 149 В’етнам, Джыбуці (20 вер.)
1978 151 Саламонавы Астравы (19 вер.), Дамініка (18 снеж.)
1979 152 Сент-Люсія (18 вер.)
​1980 154 Зімбабве (25 жн.), Сент-Вінсент і Грэнадзіны (16 вер.)
1981 157 Вануату (15 вер.), Беліз (25 вер.), Антыгуа і Барбуда (11 ліст.)
1983 158 Сент-Кітс і Невіс (23 вер.)
1984 159 Бруней (21 вер.)
1990 159 Намібія (23 крас.), Ліхтэнштэйн (18 вер.)
22.5.1990 Йемен і Дэмакратычны Йемен аб’ядналіся ў адну дзяржаву пад назвай Йемен (Рэспубліка Йемен). 3.10.1990 ГДР і ФРГ аб’ядналіся ў адну дзяржаву — Германію (ФРГ)
1991 166 Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка, Латвія, Літва, Маршалавы Астравы, Мікранезія, Рэспубліка Карэя, Эстонія (усе 17 вер.)
1992 179 Азербайджан, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Рэспубліка Малдова, Сан-Марына, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан (усе 2 сак.), Боснія Герцагавіна, Славенія, Харватыя (усе 22 мая), Грузія (31 ліп.)
1993 184 Славакія, Чэшская Рэспубліка (19 студз., Чэха-Славакія як дзяржава спыніла сваё існаванне), былая Югаслаўская Рэспубліка Македонія (8 крас.), Манака, Эрытрэя (28 мая), Андора (28 ліп.)
1994 185 Палау (16 снеж.)

Сістэма Арганізацыі Аб’яднаных Нацый

ГЕНЕРАЛЬНАЯ АСАМБЛЕЯ
САВЕТ БЯСПЕКІ
ЭКАНАМІЧНЫ І САЦЫЯЛЬНЫ САВЕТ
САКРАТАРЫЯТ
МІЖНАРОДНЫ СУД
САВЕТ ПА АПЕЦЫ

Спецыялізаваныя ўстановы і іншыя аўтаномныя арганізацыі сістэмы
МАГАТЭ
 Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі
МАП
 Міжнародная арганізацыя працы
ФАО
 Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя Аб’яднаных Нацый
ЮНЕСКА
 Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры
СААЗ
 Сусветная арганізацыя аховы здароўя
 Група Сусветнага банка
МБРР
 Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця (Сусветны банк)
МАР
 Міжнародная асацыяцыя развіцця
МФК
 Міжнародная фінансавая карпарацыя
МВФ
 Міжнародны валютны фонд
ІКАО
 Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі
СПС
 Сусветны паштовы саюз
МСЭ
 Міжнародны саюз электрасувязі
СМА
 Сусветная метэаралагічная арганізацыя
ІМО
 Міжнародная марская арганізацыя
САІУ
 Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці
МФСР
 Міжнародны фонд сельскагаспадарчага развіцця
ЮНІДО
 Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па прамысловым развіцці
ГАТТ
 Генеральнае пагадненне па тарыфах і гандлі

Праграмы і органы ААН (прадстаўнічы пералік)
БАДАР
 Блізкаўсходняе агенцтва ААН для дапамогі палесцінскім бежанцам і арганізацыі работ
МВНІПЖ
 Міжнародны вучэбны і навукова-даследчы інстытут па паляпшэнні становішча жанчын
ЦААННП
 Цэнтр ААН па населеных пунктах (Хабітат)
ЮНКТАД
 Канферэнцыя ААН па гандлі і развіцці
ПКНСААН
 Міжнародная праграма ААН па кантролі над наркатычнымі сродкамі
ПРААН
 Праграма развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый
ЮНЕП
 Праграма ААН па навакольным асяроддзі
ЮНФПА
 Фонд ААН у галіне народанасельніцтва
УВКБ
 Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў
ЮНІСЕФ
 Дзіцячы фонд ААН
ЮНІФЕМ
 Фонд ААН для развіцця ў інтарэсах жанчын
ЮНІТАР
 Вучэбны і навукова-даследчы інстытут ААН
УААН
 Універсітэт ААН
СХС
 Сусветны харчовы савет
СХП
 Сусветная харчовая праграма
ЦМГ
 Цэнтр па міжнародным гандлі
ЮНКТАД/ГАТТ
 Аперацыі па падтрыманні міру (на 1995)
ОНВУП
 Орган ААН па назіранні за выкананнем умоў перамір’я на Блізкім Усходзе
 Існуе з чэрвеня 1948
ГВНААНІП
 Група ваенных назіральнікаў ААН у Індыі і Пакістане
 Існуе са студзеня 1949
УСААНК
 Узброеныя сілы ААН па падтрыманні міру на Кіпры
 Існуюць з сакавіка 1964
СААННР
 Сілы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па назіранні за раз’яднаннем (Галанскія Вышыні)
 Існуюць з чэрвеня 1974
ЧСААНЛ
 Часовыя сілы ААН у Ліване
 Існуюць з сакавіка 1978
ІКМААНН
 Ірака-кувейцкая місія ААН па назіранні
 Існуе з красавіка 1991
КМААНА II
 Кантрольная місія ААН у Анголе II
 Існуе з чэрвеня 1991
МНААНС
 Місія назіральнікаў ААН у Сальвадоры
 Існуе з ліпеня 1991
МААНРЗС
 Місія ААН па правядзенні рэферэндуму ў Заходняй Сахары
 Існуе з верасня 1991
СААНАБЮ
 Сілы ААН па ахове ў былой Югаславіі
 Існуюць з сакавіка 1992
ЮНОМОЗ
 Аперацыя ААН у Мазамбіку
 Існуе са снежня 1992
ЮНОСОМ II
 Аперацыя ААН у Самалі II
 Існуе з мая 1993
МААНАДГ
 Місія ААН па аказанні дапамогі Грузіі
 Існуе з жніўня 1993
МНААНЛ
 Місія назіральнікаў ААН у Ліберыі
 Існуе з верасня 1993
МААНГ
 Місія ААН у Гаіці
 Існуе з верасня 1993
МААНДР
 Місія ААН па аказанні дапамогі Руандзе
 Існуе з кастрычніка 1993
МААННТ
 Місія ААН па назіранні ў Таджыкістане
 Існуе са снежня 1994
 
Іншыя камітэты, камісіі, спецыяльныя і звязаныя з імі органы
 Галоўныя і іншыя сесійныя камітэты
 Пастаянныя камітэты і спецыяльныя органы
 Іншыя дапаможныя і звязаныя з імі органы
 Ваенна-штабны камітэт
ФУНКЦЫЯНАЛЬНЫЯ КАМІСІІ
 Камісія сацыяльнага развіцця
 Камісія па папярэджанні злачыннасці і крымінальным правасуддзі
 Камісія па правах чалавека
 Камісія па наркатычных сродках
 Камісія па навуковым і тэхнічным развіцці
 Камісія па ўстойлівым развіцці
 Камісія па становішчы жанчын
 Камісія па народанасяленні
 Статыстычная камісія
РЭГІЯНАЛЬНЫЯ КАМІСІІ
 Эканамічная камісія для Афрыкі (ЭКА)
 Еўрапейская эканамічная камісія (ЕЭК)
 Эканамічная камісія для Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна (ЭКЛАК)
 Эканамічная і сацыяльная камісія для Азіі і Ціхага акіяна (ЭСКАЦА)
 Эканамічная і сацыяльная камісія для Заходняй Азіі (ЭСКЗА)
СЕСІЙНЫЯ І ПАСТАЯННЫЯ КАМІТЭТЫ
ЭКСПЕРТНЫЯ, СПЕЦЫЯЛЬНЫЯ І ЗВЯЗАНЫЯ З ІМІ ОРГАНЫ

т. 1, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)