Аператыўнае майстэрства 1/385; 2/545; 10/78

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРАТЫ́ЎНАЕ КІРАВА́ННЕ,

сістэма кіравання вытворчымі, сацыяльнымі і інш. аб’ектамі для аператыўнага забеспячэння іх функцыянавання ў адпаведнасці з пастаўленай мэтай. Аб’екты аператыўнага кіравання — розныя бакі вытв. і сац. працэсаў: напр., работа зборачнага цэха, пастаўка сыравіны, збыт прадукцыі, вырашэнне жыллёва-бытавых праблем і інш. Яго сутнасць — мэтавае накіраванне працэсу прычынна-выніковых сувязяў і ўзаемадзеянне элементаў у аб’екце кіравання. Аператыўнае кіраванне ўключае: аператыўнае планаванне (распрацоўка аператыўных планаў, праграм, нормаў, нарматываў з давядзеннем заданняў да выканаўцаў), аператыўны ўлік (адлюстраванне вынікаў вытв. ці сац. працэсаў), аператыўны аналіз (своечасовае выяўленне і вымярэнне фактараў, якія выклікаюць адхіленні ад планавых заданняў, гл. Аналіз гаспадарчай дзейнасці), аператыўнае рэгуляванне (выпрацоўка кіраўніцкіх рашэнняў і арганізацыя іх выканання для ліквідацыі прычын адхілення працэсу ад запланаваных параметраў). Практычна аператыўнае кіраванне пачынаецца з аператыўнага планавання, затым на працягу кароткага часу (дэкады, тыдня, сутак, змены і інш.) фіксуюцца вынікі вытв. працэсу, на аснове якіх выяўляюцца прычыны збояў і адхілення ад планавых заданняў і прымаецца рашэнне па рэгуляванні вытв. ці сац. працэсаў у адпаведнасці з планам. У сістэму аператыўнага кіравання ўваходзяць функцыі, якія выконваюць дапаможную ролю ці стымулююць дзейнасць спецыялістаў (арганізацыя, каардынацыя, кантроль, матывацыя і інш.).

Літ.:

Стражев В.И. Оперативное управление предприятием, проблемы учета и анализа. Мн., 1973;

Саламатин Н.А., Фель А.В., Шишкина Е.Л. Оперативное управление производством. М., 1993.

В.​І.​Стражаў.

т. 1, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРАТЫ́ЎНАЕ МАЙСТЭ́РСТВА,

састаўная частка ваеннага майстэрства, якая ахоплівае пытанні тэорыі і практыкі падрыхтоўкі і правядзення самастойных і сумесных аперацый і баявых дзеянняў аператыўных аб’яднанняў розных відаў узбр. сіл. Даследуе і распрацоўвае арганізацыю ўзаемадзеяння, усебаковага забеспячэння войскаў (сіл) і кіраванне імі і інш. Гл. ў арт. Ваеннае майстэрства.

т. 1, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗГО́РТВАННЕ ВОЙСК,

стварэнне груповак войск (сіл) і іх аператыўнае (баявое) пастраенне для вядзення ваен. дзеянняў. Бывае стратэг., аператыўнае і тактычнае. Пры стратэгічным Р.в. ажыццяўляецца перавод узбр. сіл на ваен. становішча, завяршаецца непасрэдная падрыхтоўка да вайны. Можа ажыццяўляцца адначасова або паступова, скрыта або адкрыта. У ходзе аператыўнага Р.в. ствараюцца аператыўныя групоўкі войск (сіл) на тэатрах ваен. дзеянняў, стратэг. і аператыўных напрамках, ажыццяўляецца іх перагрупоўка і заняцце палос абароны (зыходных раёнаў для наступлення), перабазіраванне авіяцыі, сіл флоту і інш. Пры тактычным Р.в. падраздзяленні (часці і злучэнні) займаюць зыходныя рубяжы, раёны (агнявыя і стартавыя пазіцыі), прымаюць баявы парадак непасрэдна перад атакай і інш. Своечасовае Р.в. дасягаецца наяўнасцю абароненых сістэм кіравання і сувязі, падтрымкай пастаяннай баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці войск (сіл), своечасовай падрыхтоўкай неабходных рубяжоў, раёнаў і інш.

С.​М.​Абрамаў.

т. 13, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЕ МАЙСТЭ́РСТВА,

тэорыя і практыка падрыхтоўкі і вядзення ваенных дзеянняў на сушы, моры і ў паветры; асн. частка ваеннай навукі. Уключае стратэгію ваенную, аператыўнае майстэрства, тактыку. Стратэгія ўключае тэорыю і практыку падрыхтоўкі ўзбр. сіл да ваен. дзеянняў, планаванне і вядзенне вайны, стратэг. аперацый, выкарыстанне відаў узбр. сіл і кіраванне імі. Яна абумоўлена палітыкай дзяржавы і падпарадкавана ёй. Аператыўнае майстэрства вырашае пытанні падрыхтоўкі і правядзення аперацый. Тактыка — гэта тэорыя і практыка падрыхтоўкі і вядзення бою, яго сутнасць і характар, спосабы арг-цыі і вядзення розных яго відаў: наступлення, абароны, сустрэчнага бою. У залежнасці ад відаў узбр. сіл вылучаюць ваеннае майстэрства сухап. войск, ракетных войскаў ППА, ВПС і ВМС. Ваеннае майстэрства некалькіх родаў войск, якія ўваходзяць у некалькі відаў узбр. сіл, аб’ядноўваюць агульным паняццем, напр., ваенна-інж. майстэрства.

Ваеннае майстэрства зарадзілася разам з узнікненнем войнаў і армій, развівалася ў залежнасці ад узроўню вытв-сці, эканомікі і характару грамадскага ладу. На яго ўплываюць таксама асаблівасці гіст. развіцця краіны, геагр. ўмовы, нац. традыцыі і інш. фактары. Важнымі этапамі развіцця ваеннага майстэрства былі войны, асабліва 1-я і 2-я сусветныя.

Ваеннае майстэрства ў сучасных умовах развіваецца ў кірунку павелічэння ролі стратэгіі, якая пры наяўнасці ядзерных сіл можа ўплываць на ход і вынік вайны. У аператыўным майстэрстве асн. ўвага аддаецца распрацоўцы эфектыўных спосабаў падрыхтоўкі і ажыццяўлення сумесных аперацый і баявых дзеянняў усіх відаў узбр. сіл. У тактыцы распрацоўваюцца спосабы вядзення агульнавайск. бою з максімальным выкарыстаннем новых сродкаў узбр. барацьбы. У ваен. тэорыі многіх краін Ваеннае майстэрства складаецца са стратэгіі і тактыкі; тэрмін «аператыўнае майстэрства» замяняюць тэрмінамі «вялікая тактыка» або «малая стратэгія».

т. 3, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛО́НА стратэгічная,

аператыўнае аб’яднанне вайск. атрадаў Сав. Расіі ў 1918. Уведзена Вышэйшым ваен. саветам у сак. 1918 для абароны дэмаркацыйнай лініі, устаноўленай паводле Брэсцкага міру 1918 (ад Фінскага зал. да Курска). Падзялялася на ўчасткі атрадаў. Атрады, што займалі лінію на тэр. Беларусі, уваходзілі ў Заходні ўчастак атрадаў заслоны. У канцы 1918 — пач. 1919 участкі атрадаў сталі базай для ўтварэння армій і франтоў.

т. 6, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ РАЁН АБАРО́НЫ 1918,

аператыўнае аб’яднанне войск Сав. Расіі на Зах. напрамку ў 1918. Утвораны 11.9.1918 на базе часцей і штаба Заходняга ўчастка атрадаў заслоны для абароны тэр. краіны ад Петраграда да размежавальнай лініі з Паўд. фронтам (Чэрыкаў—Клімавічы—Рослаў) вызвалення сав. тэрыторыі ад герм. акупантаў, перафарміравання атрадаў у рэгулярныя баявыя адзінкі. Нач. раёна АЯ.​Снесараў. 15.11.1918 пераўтвораны ў Заходнюю армію 1918—19.

т. 7, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ А́РМІЯ 1918—19,

аператыўнае аб’яднанне часцей і злучэнняў Чырв. Арміі на тэр. Беларусі ў грамадз. вайну. Сфарміравана паводле загаду РВС Рэспублікі ад 15.11.1918 з войск Заходняга раёна абароны 1918. У склад арміі ўвайшлі Заходняя, Пскоўская (з 21.1.1919 Літоўская) і 17-я (б. Віцебская) стралк. дывізіі. Камандуючы А.​Я.​Снесараў. Падпарадкоўвалася Галоўнакамандуючаму, з 19.2.1919 у складзе Заходняга фронту 1919—24. 13.3.1919 пераўтворана ў Беларуска-Літоўскую армію.

т. 7, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́ННЕ (ваен.),

вайсковае фарміраванне, у якое ўваходзяць некалькі злучэнняў або меншых па складзе аб’яднання, а таксама часцей і ўстаноў. Паводле складу і задач, якія вырашаюцца, бывае: стратэгічнае (узбр. сілы, кааліцыйныя аб’яднаныя ўзбр. сілы на тэатрах ваен. дзеянняў), аператыўна-стратэгічнае (фронт, група армій, флот), аператыўнае (армія, флатылія, эскадра, авіяцыя флоту і інш.), аператыўна-тактычнае (злучэнні і часці розных радоў войскаў, спецвойскаў і службаў аднаго віду ўзбр. сіл), тэрытарыяльнае агульнавайсковае (гл. Ваенная акруга).

т. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-ЛІТО́ЎСКАЯ А́РМІЯ,

аператыўнае аб’яднанне часцей і злучэнняў Чырв. Арміі на тэр. Беларусі і Літвы (Літоўска-Беларускай ССР) у грамадзянскую вайну. Загадам рэўваенсавета Рэспублікі ад 13.3.1919 Зах. армія пераўтворана ў Беларуска-Літоўскую армію. У яе ўвайшлі Заходняя, Літоўская (да 30.4.1919), 8-я і 17-я стралк. дывізіі. Знаходзілася ў складзе Зах. фронту 1919—24. Камандуючыя арміі А.​Я.​Снесараў (да 31.5.1919), П.​К.​Міронаў (в.а. з 31.5.1919). Загадам РВС Рэспублікі ад 7.6.1919 перайменавана ў 16 армію.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)