Апекс 1/21, 384; 3/437

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

А́ПЕКС (ад лац. apex вяршыня) у астраноміі, пункт нябеснай сферы, у напрамку да якога перамяшчаецца нябеснае цела ў сваім руху адносна навакольных зорак. Залежыць ад выбару зорак, адносна якіх вызначаецца рух. Апекс гадавога руху Зямлі вакол Сонца знаходзіцца ў плоскасці экліптыкі пад вуглом, роўным амаль 90° да напрамку Зямля—Сонца, і перамяшчаецца, замыкаючы за год круг. Апекс руху Сонечнай сістэмы адносна бліжэйшых зорак знаходзіцца ў сузор’і Геркулеса. Процілеглы апексу пункт — антыапекс. Апексам наз. таксама пункт арбіты ШСЗ, найб. аддалены на Пн ад плоскасці зямнога экватара.

т. 1, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРКУЛЕ́С (лац. Hercules),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Самая яркая зорка 2,8 візуальнай зорнай велічыні; 140 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У Геркулесе знаходзіцца тыповае шаравое зорнае скопішча. У напрамку да Геркулеса рухаецца Сонечная сістэма (гл. Апекс). У Геркулесе выяўлены рэнтгенаўскі пульсар Her X-1, які атаясамліваецца з аптычна пераменнай зоркай HZ Her. На тэр. Беларусі сузор’е найлепей відаць вясной і летам. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Геркулес.

т. 5, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НТЫЯ ў біялогіі,

вонкавая складка скуры ў жывёл або частка конуса нарастання ў раслін. У беспазваночных (малюскаў, плечаногіх і вусаногіх ракападобных) М. поўнасцю або часткова ўкрывае цела. Спец. залозістыя клеткі М. ўтвараюць вонкавы шкілет (ракавіну). У водных форм М. звычайна выслана мігальным эпітэліем; ад руху яго раснічак вада працякае праз мантыйную поласць. У абалоннікаў М. наз. туніка. У пазваночных жывёл М., або плашч, — кара галаўнога мозга. У раслін М. (туніка) — ч. ўтваральнай тканкі (мерыстэмы) у конусе нарастання (апекс) сцябла раслін. З М. дыферэнцыруюцца эпідэрміс і першасная кара.

т. 10, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)