Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛІ́НЫ (Opalinatea),
клас паразітычных прасцейшых жывёл атр. эўгленавых. Жывуць у кішэчніку земнаводных, радзей рыб і паўзуноў. Больш за 100 відаў. Найб. вядома A. ranarum.
Даўж. да 1 мм. Цела лістападобнае, плоскае, несіметрычнае, укрытае тысячамі кароткіх жгуцікаў. Стрававальнай сістэмы няма, жывяцца ўсёй паверхняй цела. Ядзер ад 2 да некалькіх соцень. Размнажаюцца бясполым спосабам (дзяленнем) і палавым — парным зліццём аднаядравых мікра- і макрагамет з утварэннем цысты, што трапляе ў ваду і праглынаецца апалонікамі. З цысты выходзіць маленькая апаліна, якая вырастае ў шмат’ядзерную.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖГУ́ЦІКАВЫЯ, жгуціканосцы (Mastigophora),
падтып прасцейшых тыпу саркамастыгафор, па інш. сістэме — кл. тыпу прасцейшых, якія маюць жгуцікі. 2 кл. (падкл.) — раслінныя Ж., або фітамастыгіны (Phytomastigina), і жывёльныя Ж., або зоамастыгіны (Zoomastigina). 13 атр., каля 8 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў прэсных, таксама ў марскіх водах і часткова ў глебе. Ёсць паразіты жывёл і чалавека. Найб. вядомыя Ж.: апаліны, лейшманіі, лямбліі, трыпанасомы, трыхаманады, эўгленавыя водарасці, вальвоксы, хламідаманады.
Даўж. цела ад 2—5 мікраметраў (лейшманіі) да 1 мм (некат. апаліны). Форма цела верацёна-, яйца-, шарападобная, цыліндрычная і інш. Цела ўкрыта пелікулай, хіцінападобным панцырам ці абалонкай з клятчаткавых пласцінак. Жгуцікаў ад 1—8 (на пярэднім канцы) да некалькіх тысяч (па ўсім целе); даўж. іх ад некалькіх да дзесяткаў мікраметраў. Клетачнае ядро пераважна адно, ёсць двух- (лямбліі) і мнагаядзерныя (апаліны). Некат. ўтвараюць калоніі (вальвокс). Размнажэнне ў асн. бясполае (падоўжаным дзяленнем папалам). Палавы працэс па тыпу капуляцыі гамет. Паводле спосабу кармлення — аўтатрофы, гетэратрофы, міксатрофы. Удзельнічаюць у кругавароце рэчываў у прыродзе, працэсах самаачышчэння вады. Індыкатары забруджвання вод. Некат. выклікаюць хваробы (напр., лейшманіёз, лямбліёз. сонную хваробу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСЦЕ́ЙШЫЯ (Protozoa),
падцарства аднаклетачных жывёл групы эўкарыёт. Разглядаюцца як зыходны этап у эвалюцыі шматклетачных жывёл. 5 (па інш. класіфікацыях да 9) тыпаў: саркамастыгафоры (Sarcomastigophora), апікомплексы (Apicomplexa), міксаспарыдыі, мікраспарыдыі, інфузорыі. Больш за 40 (70) тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у марскіх і прэсных водах, у глебе, многія — паразіты, узбуджальнікі хвароб чалавека і жывёл. Некат. паразіт. П. выкарыстоўваюцца для барацьбы з насякомымі—шкоднікамі с.-г. і лясных раслін. Амёбы, інфузорыі і інш. шырока выкарыстоўваюцца ў біяфіз., генет., цыталагічных і інш. даследаваннях. П. — важная састаўная ч.кругавароту рэчываў у біясферы, удзельнічаюць у ачыстцы забруджаных вод, фарміраванні донных адкладаў. На Беларусі найб. трапляюцца жгуцікавыя, саркодавыя, інфузорыі, мікраспарыдыі, міксаспарыдыі, сярод выкапнёвых — прамянёвікі і фарамініферы.
Памеры пераважна мікраскапічныя (0,002—0,15 мм), у некат. буйнейшыя (да 2 см). Адасобленыя або каланіяльныя арганізмы. Форма зменлівая (амёбы), шарападобная (прамянёвікі), прадаўгаватая (інфузорыі). Вонкавы слой цытаплазмы ўтварае пелікулу, у караняножак — ракавіна. Маюць адно або некалькі ядраў аднолькавай (апаліны) або рознай (большасць інфузорый) будовы. У цытаплазме размешчаны скарачальныя, стрававальныя, выдзяляльныя вакуолі, фібрылярныя ўтварэнні і інш.арганелы, якія выконваюць пэўныя функцыі. Рухаюцца з дапамогай псеўдаподый, жгуцікаў, раснічак. Здольныя да фотасінтэзу або жывяцца гатовымі арган. рэчывамі, многія — драпежнікі. Размнажэнне бясполае (дзяленне, пачкаванне) або палавое (кан’югацыя, капуляцыя). Многія П. пры чаргаванні форм размнажэння маюць складаныя жыццёвыя цыклы (асабліва спаравікі). У неспрыяльных умовах утвараюць цысты. З’яўляюцца кормам для заабентасу, зоапланктону, малявак рыб і інш. Вывучае П. — протазаалогія. Гл. таксама Пратысталогія.
Літ.:
Серавин Л.Н. Простейшие..: Что это такое? М., Л., 1984;
Жизнь животных. Т. 1. 2 изд. М., 1987;
Хадорн Э., Винер Р. Общая зоология: Пер. с нем. М., 1989.