АПАЛУ́ШКІ, паланкі,

невялікія начоўкі для ачысткі (правейвання) зерня ў хатніх умовах на Беларусі.

т. 1, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЧО́ЎКІ, ночвы,

у беларусаў карытападобная пасудзіна з шырокім адкрытым верхам. Прызначаліся для мыцця бялізны, прыгатавання сечанай капусты (якую потым квасілі ў бочках), мяса для каўбас, здобнага цеста і інш. Рабілі з драўлянага цурбана (асіны, ліпы), колатага папалам; ёмістасць выдзёўбвалі цяслой, сценкі і дно знутры згладжвалі скобляй, разцом. З сярэдзіны 20 ст. паступова выцесніліся металічнымі Н. Невялікія Н. для ачысткі зерня наз. апалушкі.

В.​С.​Цітоў.

Начоўкі.

т. 11, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎБЁЖНАЕ РАМЯСТВО́,

вытворчасць посуду і інш. вырабаў з дрэва спосабам даўбення ці апрацоўкі яго натуральных (дуплістых) формаў; адно з найб. стараж. рамёстваў. На Беларусі Д.р. практычна не вылучалася ў спецыялізаваны саматужны занятак і мела характар хатняй вытв-сці; карыты, кадаўбы, жлукты выраблялі ў вял. колькасці сяляне, якія не валодалі спец. навыкамі дрэваапрацоўкі. Выдзеўбаны посуд звычайна рабілі з мяккаслаёвых і падатлівых парод драўніны (ліпы, вольхі, асіны), чаўны і ступы — з дубу, хвоі. Карысталіся долатам, пешняй, разцом, скоблямі, сякерай, цыркулем, цяслой, чакухай (кожны інструмент выкарыстоўваўся на пэўнай тэхнал. стадыі і меў варыяцыйныя асаблівасці). Функцыянальнае прызначэнне розных відаў выдзеўбаных вырабаў накладвала адбітак на вонкавы выгляд, эстэтыку, якасць іх апрацоўкі. Асабліва старанна, па-мастацку выраблялі карцы, фаскі, кублы, апалушкі, сальніцы, бойкі. Тым жа спосабам рабілі некат. віды старасвецкай мэблі, шафы для адзення, драўляныя трубы для дымаходаў у сялянскім жыллі, водаадводаў і інш., калодных вулляў і інш. Выраб чаўноў нярэдка вылучаўся ў асобны промысел. У наш час выраб даўбёжнага посуду эпізадычна трапляецца ў прыватных гаспадарках.

В.​С.​Цітоў.

Да арт. Даўбёжнае рамяство. Выдзеўбаны посуд.

т. 6, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)