АО́РТА

(грэч. aortē),

у чалавека галоўная артэрыя вялікага круга кровазвароту, што выносіць кроў з левага жалудачка сэрца. Каля выхаду з яго аорта наз. ўзыходнай (даўж. яе каля 6 см), потым утварае дугу аорты, пераходзіць у сыходную аорту, праходзіць уздоўж пазваночніка праз грудную і брушную поласці. У млекакормячых жывёл і чалавека існуе левая дуга аорты, у птушак — правая. У рыб ад брушной аорты адыходзяць шчэлепныя артэрыі. Яны падзяляюцца на капіляры, з якіх кроў цячэ ў 2 прадаўгаватыя ствалы — карані спінной аорты; абедзве зліваюцца ў няпарную спінную аорту.

т. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭ́РЫІ

(грэч. artēria),

крывяносныя сасуды, па якіх кроў рухаецца ад сэрца ва ўсе органы і часткі цела. Да артэрый належыць аорта і ўсе яе разгалінаванні, у т. л. самыя дробныя — артэрыёлы. Артэрыі нясуць кроў, багатую кіслародам (толькі лёгачныя накіроўваюць вянозную кроў ад сэрца ў лёгкія).

Сценкі артэрый маюць 3 абалонкі. Вонкавая злучальнатканкавая абалонка надае артэрыям трываласць і эластычнасць, што дае магчымасць ім вытрымліваць унутраны ціск, расшырацца і звужацца; багатая сасудамі і нервамі. Сярэдняя абалонка складаецца з эластычных валокнаў і гладкіх мышачных клетак, скарачэнне або расслабленне якіх рэгулюе дыяметр прасвету артэрый і, адпаведна, колькасць крыві, што падаецца да органа. Унутраная абалонка ўтворана эндатэліем і злучальнай тканкай, мае ўнутраную эластычную мембрану, што робіць сценкі больш трывалымі. Асобныя ствалы адной або некалькіх суседніх артэрый часта злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць анастамозы (больш дробныя артэрыі). Артэрыі, што не маюць анастамозаў, наз. канцавымі.

Ю.Г.Шанько.

т. 1, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)