ФРЭДЭРЫ́К-ЛЕМЕ́ТР [Frédérick-Lemaître; сапр. Леметр (Lemaître) Антуан Луі Праспер; 29.7.1800, г. Гаўр, Францыя —26.1.1876],

французскі акцёр. З 1816 выступаў у дэмакр. т-рах бульвараў Парыжа. Прадстаўнік дэмакр. рамантызму і пачынальнік рэалізму ў франц. т-ры. Рэфарматар сцэн. мастацтва — адмовіўся ад класіцысцкага прынцыпу ідэалізацыі вобразаў. Сярод роляў: Рабер Макер («Заезны двор Адрэ» Анцье, Сент-Амана і Паліянта), Джэнара, Руі Блаз («Лукрэцыя Борджа», «Руі Блаз» В.​Гюго), бацька Жан («Парыжскі анучнік» Ф.​Пія), Жорж дэ Жэрмані («Трыццаць гадоў, ці Жыццё гульца» В.​Дзюканжа).

т. 16, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМФЛЕ́Т (ад англ. pamphlet лісток, які трымаюць у руцэ),

вострасатырычны твор, мэта і пафас якога — выкрыццё ў рэзкай і экспрэсіўнай форме паліт. з’яў пэўнага грамадства ці погляды і дзеянні канкрэтных асоб; жанр публіцыстыкі. П. ўласцівы тэндэнцыйнасць, агульнадаступнасць, сцісласць, вобразнасць характарыстык.

Вядомы са стараж. часоў. Некат. даследчыкі лічаць П. творы стараж.-грэч. філосафа і пісьменніка Лукіяна. Быў пашыраны ў эпоху Позняга Адраджэння, Рэфармацыі, асабліва ў эпоху Асветніцтва. Шырока вядомы ў л-ры Зах. Еўропы 19—20 ст. (В.​Гюго, Э.​Заля, Г.​Ман і інш.). У рус. л-ры П. пісалі В.​Бялінскі, А.​Герцэн, Дз.​Пісараў, Л.​Талстой («Не магу маўчаць»), М.​Горкі («Горад жоўтага д’ябла»), У.​Маякоўскі («Маё адкрыццё Амерыкі»).

Рысы П. мелі творы бел. палемічнай л-ры канца 16—1-й пал. 17 ст. («Трэнас» М.​Сматрыцкага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча), «Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча», асобныя гутаркі 2-й пал. 19 ст. Майстрамі П. выявілі сябе К.​Крапіва («Майстры крывавага джаза», «З фашыстоўскай падваротні» і інш.), К.​Чорны («Кат у белай манішцы», «Далікацтва каля вісельні», «Берлінскі анучнік»), М.​Лынькоў («Здарэнне ў пекле», «На злодзею шапка гарыць»). У гэтым жанры выступалі і выступаюць М.​Пасладовіч, А.​Бажко, І.​Грамовіч, С.​Паўлаў і інш. Спробу стварэння рамана-П. зрабіў І.​Гурскі («Чужы хлеб», 1969).

Літ.:

Ткачев П.И. «Иду на «вы»: Заметки о памфлете. Мн., 1975;

Яго ж. «Сатиры злой звенящая строка...»: Природа смеха в памфлете. Мн., 1980;

Гончарова-Грабовская С.Я. Комедия-памфлет в жанровой системе драматургии XX в. Мн.;

1994.

Я.​І.​Клімуць.

т. 12, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)