АСІГНА́ЦЫІ

(польск. asygnacja ад лац. assignatio прызначэнне),

расійскія папяровыя грошы, заменнікі медных і сярэбраных манет. Упершыню выпушчаны ў 1769 пры Кацярыне II на суму 1 млн. руб. Эмісію ажыццяўлялі спец. банкі ў Пецярбургу і Маскве (у 1786 яны аб’яднаны ў адзіны банк). Білеты асігнацыі свабодна абменьваліся на медныя і сярэбраныя манеты. Аднак з-за празмернага выпуску асігнацый для пакрыцця ваенных расходаў (войны з Турцыяй, Францыяй, Крымская) яны абясцэніліся і з усталяваннем сярэбранага монаметалізму пасля грашовай рэформы з 1.1.1849 ануляваны.

т. 2, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НА-ІТАЛЬЯ́НСКІ ДАГАВО́Р 1939,

«Пакт аб саюзе паміж Італіяй і Германіяй» («Стальны пакт»). Падпісаны 22 мая ў Берліне міністрамі замежных спраў нацысцкай Германіі (І.Рыбентроп) і фаш. Італіі (Г.Чыяна) тэрмінам на 10 гадоў. Аформіў ваен. супрацоўніцтва фаш. дзяржаў (прадугледжваў іх абавязкі аб узаемадапамозе і саюзе ў выпадку ваен. дзеянняў, абавязваў не заключаць перамір’я і міру без поўнай згоды бакоў і інш.). Дагавор стаў адным з элементаў ваен.-дыпламат. падрыхтоўкі 2-й сусв. вайны, у якую Італія ўступіла на баку Германіі ў чэрв. 1940. Дагавор ануляваны ў выніку ваен. паражэння абедзвюх фаш. дзяржаў (1945).

т. 5, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛГРА́ДСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1793.

Падпісаны 29 вер. ў Бялградзе паміж Расіяй і Турцыяй, завяршыў руска-турэцкую вайну 1735—39. Паводле дагавора за Расіяй замацавана права на Азоў, Запарожжа, землі паміж Паўд. Бугам і Северскім Данцом. За Турцыяй засталіся Сербія і Малая Валахія. Вялікая і Малая Кабарда прызнаваліся нейтральнымі. Расіі забаранялася трымаць флот на Азоўскім і Чорным морах, гандаль на Чорным м. яна магла весці толькі на тур. караблях. Умовы міру не адпавядалі поспехам рус. войск і не вырашалі гал. задачы рус. дыпламатыі — атрыманне выхаду да Чорнага м. Ануляваны Кючук-Кайнарджыйскім мірам 1774.

т. 3, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-ТРАНСІАРДА́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1928, 1946, 1948.

Дагавор 20.2.1928 заключаны ў Іерусаліме. Фармальна пакідаў пэўную ўладу ў Трансіарданіі (мандатнай тэр. Англіі) эмірам, але замацоўваў за Англіяй кантроль над знешняй палітыкай, фінансамі і ўзбр. сіламі. Дагавор 22.3.1946 аб дружбе і саюзе падпісаны ў Лондане на 25 гадоў. Фармальна адмяняў англ. мандат на Трансіарданію (аб’яўлялася незалежным каралеўствам), аднак захоўваў права трымаць войскі і будаваць ваен. базы на трансіарданскай тэрыторыі. Дагавор 15.3.1948 аб саюзе, падпісаны ў Амане тэрмінам на 20 гадоў, ставіў Іарданію ў залежнасць ад Англіі: для англ. войскаў выдзяляліся базы ў Амане і Мафраку; Англія захоўвала права ўводзіць свае войскі ў любы пункт Іарданіі ў выпадку вайны. Дагавор прадугледжваў стварэнне пастаяннага англа-іарданскага Савета абароны. Ануляваны 14.3.1957 урадам Набулсі.

т. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРЭДЫТЫ́Ў,

разліковы ці грашовы дакумент у выглядзе даручэння аднаго банка другому зрабіць аплату за адгружаны тавар, выкананыя работы (паслугі) ці выдаць прад’яўніку акрэдытыва пэўную суму грошай пры выкананні пэўных умоў.

Бываюць акрэдытывы: грашовы — імянны дакумент, што выдаецца банкам асобе, якая ўнесла пэўную суму і жадае атрымаць яе цалкам ці часткамі ў інш. горадзе на працягу агаворанага часу; таварны — форма безнаяўных разлікаў, пры якой разліковыя дакументы аплачваюцца плацельшчыкам на месцы знаходжання пастаўшчыка за кошт сродкаў, спецыяльна забраніраваных у банку аплачваемым бокам, ці аплата гэтых дакументаў гарантавана банкам; адзыўны — можа быць ануляваны банкам, што яго адкрыў; безадзыўны — з’яўляецца цвёрдым абавязацельствам банка-эмітэнта; пацверджаны — гарантаваны банкам, які яго адкрыў; непацверджаны — без гарантый банка; рэвальверны — па меры выкарыстання аўтаматычна папаўняецца ў межах устаноўленай агульнай сумы ліміту і тэрміну дзеяння; пераводны — цалкам ці часткова можа быць выкарыстаны інш. асобамі.

Г.І.Краўцова.

т. 1, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НШЛЮС

(ням. Anschluβ літар. далучэнне),

патрабаванне аб’яднаць Аўстрыю з Германіяй у адзіную дзяржаву ў праграмах часткі аўстр. і герм. паліт. сіл пасля 1-й сусв. вайны. Рэалізаваны ў 1938—45. Спробы аншлюсу былі ў 1918, 1931 і 1934. 12.11.1918 Часовы нац. сход Аўстрыі па ініцыятыве дэпутатаў ад сацыял-дэмакратаў О.Баўэра, В.Адлера, К.Рэнера і інш. самавольна абвясціў краіну састаўной часткай Герм. рэспублікі. Распачатая Баўэрам і яго паплечнікамі прапаганда аншлюсу не была падтрымана большасцю насельніцтва Аўстрыі. Баючыся ўзмацнення Германіі за кошт Аўстрыі, дзяржавы-пераможцы ў 1-й сусв. вайне забаранілі аншлюс. У сак. 1931 Германія і Аўстрыя падпісалі пагадненне аб мытным саюзе («халодны аншлюс»). Пратэсты ўрадаў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Чэхаславакіі і Міжнар. суд у Гаазе прымусілі Германію і Аўстрыю адмовіцца ад пагаднення. Пасля прыходу да ўлады ў Германіі нац.-сацыялістаў (1933) і актывізацыі з іх боку руху за аншлюс аўстр. Хрысціянска-сацыяльная і Сацыял-дэмакр. партыі выключылі патрабаванні аншлюса са сваіх праграм. У ліп. 1934 супраць намагання Гітлера прывесці да ўлады ў Вене мясц. нацыстаў і здзейсніць аншлюс выступіў фаш. дыктатар Італіі Мусаліні. У канцы 1937 — пач. 1938 Гітлер, дамогшыся згоды Мусаліні і не сустрэўшы пярэчанняў з боку Вялікабрытаніі і ЗША, забяспечыў знешнепаліт. падтрымку аншлюсу. У лют. 1938 ён прымусіў пайсці ў адстаўку аўстр. ўрад К.Шушніга. Прызначаны яшчэ гэтым урадам на 13 сак. плебісцыт праходзіў пад кантролем уведзеных у Аўстрыю 12.3.1938 герм. войскаў, што адбілася на яго выніках — 99% насельніцтва прагаласавалі за аншлюс. На пач. крас. 1938 Вялікабрытанія, Францыя, ЗША ліквідавалі свае дыпламат. місіі ў Вене, фактычна прызнаўшы аншлюс. У канцы 2-й сусв. вайны, пасля таго як тэр. Аўстрыі была занята войскамі краін антыгітлераўскай кааліцыі, прымусовы аншлюс ануляваны і адноўлена незалежная аўстр. дзяржава (1945).

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)