Антуана тэатр (Парыж) 1/365
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЕКЕРЭ́ЛЬ
(Becquerel),
сям’я франц. фізікаў.
Антуан Сезар (7.3.1788, Шаціён-Каліньі, дэп. Луарэ, Францыя — 18.1.1878), член Парыжскай АН (1829). Асн. працы па люмінесцэнцыі, крышталяоптыцы, магнетызму, тэрмаэлектрычнасці. Аляксандр Эдмон (24.3.1820, Парыж — 11.5.1891), сын Антуана Сезара, член Парыжскай АН (1863), з 1880 яе прэзідэнт. Даследаваў прыроду фотагальванічнага эфекту, аўтар прац па пытаннях фосфарасцэнцыі, фотахіміі, фатаграфіі, атм. электрычнасці і інш. Антуан Анры (15.12.1852, Парыж — 25.8.1908), сын Аляксандра Эдмона, член Парыжскай АН (1889). Даследаванні па электрамагнетызме, оптыцы, фота- і электрахіміі, метэаралогіі. Адкрыў (1896) і даследаваў радыеактыўнае выпрамяненне соляў урану. Нобелеўская прэмія 1903. Яго імем названа адзінка радыеактыўнасці бекерэль. Жан (5.2.1878, Парыж — 4.7.1953), сын Антуана Анры, член Парыжскай АН (1946). Навук. працы па фоталюмінесцэнцыі, магнітаоптыцы, крышталяоптыцы.
Літ.:
Капустинская К.А. Анри Беккерель. М., 1965.
т. 2, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРНЭ́
(Vernet),
сям’я франц. жывапісцаў 18—19 ст.
Жазеф (Клод Жазеф; 14.8.1714, г. Авіньён, Францыя — 3.12.1789), пейзажыст. Вучыўся ў свайго бацькі Антуана і інш. Працаваў у Італіі і Парыжы. У найб. вядомай серыі яго твораў «Парты Францыі» (1753—63) традыцыі класічнага пейзажа К.Ларэна спалучаюцца з рысамі перадрамантызму. Карл (Антуан Шарль Арас; 14.8.1758, г. Бардо, Францыя — 27.11.1836), сын і вучань Жазефа. Поспех яму прынеслі карыкатуры на моды часоў Дырэкторыі; у гады імперыі — афіцыйны жывапісец-баталіст, гістарыёграф напалеонаўскай арміі. Арас (Эміль Жан Арас; 30.6.1789, Парыж — 17.1.1863), гіст. жывапісец і баталіст. Сын і вучань Карла. Дырэктар Франц. Акадэміі ў Рыме (1829—35), працаваў у Парыжы, Рыме, Пецярбургу (1836, 1842—43). Творы: «Напалеон праводзіць агляд сваіх войск у Цюільры», «Апафеоз Напалеона», «Мамелюк» і інш.
т. 4, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТУА́Н (Antoine) Андрэ
(31.1.1858, г. Лімож — 19.10.1943),
французскі рэжысёр і акцёр, тэарэтык т-ра. Арганізатар і дырэктар свабоднага т-ра (1887—95) і Т-ра Антуана (1897—1906), дырэктар т-ра «Адэон» (1906—14). З 1914 працаваў у кіно, займаўся тэатр. крытыкай. Прыхільнік і прапагандыст эстэт. прынцыпаў Э.Заля, адстойваў рэалізм у тэатр. мастацтве. Выступаў супраць рамесніцкай «касавай» драматургіі, за ўключэнне ў рэпертуар парыжскіх т-раў прагрэс. франц. і замежнай драмы. Паставіў інсцэніроўкі паводле рамана бр. Ганкур, п’есы Ж.Рэнара, Л.Талстога («Улада цемры», 1888), Г.Ібсена («Здані», 1890), Г.Гаўптмана («Ткачы», 1893) і інш. Выступаў супраць штампаў у акцёрскім і рэжысёрскім мастацтве. Характарны акцёр, майстар мізансцэны. З лепшых роляў: Освальд («Здані»), Акім («Улада цемры») і інш.
Літ.:
Антуан А. Дневники директора театра, 1887—1906: Пер. с фр. М.; Л., 1939.
т. 1, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)