Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕКЕРЭ́ЛЬ (Becquerel),
сям’я франц. фізікаў.
Антуан Сезар (7.3.1788, Шаціён-Каліньі, дэп. Луарэ, Францыя — 18.1.1878), член Парыжскай АН (1829). Асн. працы па люмінесцэнцыі, крышталяоптыцы, магнетызму, тэрмаэлектрычнасці. Аляксандр Эдмон (24.3.1820, Парыж — 11.5.1891), сын Антуана Сезара, член Парыжскай АН (1863), з 1880 яе прэзідэнт. Даследаваў прыроду фотагальванічнага эфекту, аўтар прац па пытаннях фосфарасцэнцыі, фотахіміі, фатаграфіі, атм. электрычнасці і інш.Антуан Анры (15.12.1852, Парыж — 25.8.1908), сын Аляксандра Эдмона, член Парыжскай АН (1889). Даследаванні па электрамагнетызме, оптыцы, фота- і электрахіміі, метэаралогіі. Адкрыў (1896) і даследаваў радыеактыўнае выпрамяненне соляў урану. Нобелеўская прэмія 1903. Яго імем названа адзінка радыеактыўнасці бекерэль. Жан (5.2.1878, Парыж — 4.7.1953), сын Антуана Анры, член Парыжскай АН (1946). Навук. працы па фоталюмінесцэнцыі, магнітаоптыцы, крышталяоптыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЖА́Р (Béjart; сапр.Бержэ; Berger) Марыс
(н. 1.1.1927, Марсель),
французскі артыст балета, балетмайстар, рэжысёр, педагог. Як класічны танцоўшчык дэбютаваў у 1944 у Марсельскай оперы. З 1949 працаваў у розных трупах Францыі і Бельгіі. З 1957 узначальваў «Балетны тэатр Парыжа», з 1960 кіраўнік трупы «Балет XX стагоддзя» (Брусель), у 1987—92 заснавальнік і кіраўнік трупы «Балет Бежара ў Лазане». Ставіць сюжэтныя і бессюжэтныя сімф. балеты і сінт. спектаклі з выкарыстаннем розных відаў сцэн. мастацтва. Прынцыпова новае вырашэнне рытмічных і прасторава-часавых задач, элементы драм. ігры абумоўліваюць іх дзейснасць і дынамічнасць. Сярод пастановак: «Сімфонія для аднаго чалавека» (у гал. партыі — Бежар) П.Шэфера і П.Анры, «Вясна свяшчэнная» і «Пятрушка» І.Стравінскага, «Балеро» М.Равеля, «9-я сімфонія» на музыку Л.Бетховена, «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева, «Ніжынскі, клоун божы» на музыку П.Чайкоўскага і Анры. Прэміі Тэатра нацый (1960, 1962), фестывалю танца (Парыж, 1965) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮНА́Н ((Dunant) Анры Жан) (8.5.1828, г. Жэнева, Швейцарыя — 30.10.1910),
швейцарскі паліт. дзеяч, гуманіст, заснавальнік Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа. Аўтар кн. «Успамін пра Сальферына» (1862, пра падзеі аўстра-італа-франц. вайны 1859), у якой абгрунтаваў ідэю стварэння міжнар. арг-цыі па дапамозе ахвярам вайны, чым значна паўплываў на заключэнне Жэнеўскай канвенцыі 1864. Нобелеўская прэмія міру 1901 (разам з Ф.Пасі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ЛЬ ((Nicolle) Шарль Жуль Анры) (21.9.1866, г. Руан, Францыя — 28.2.1936),
французскі вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Скончыў Руанскі ун-т (1893). З 1903 дырэктар Пастэраўскага ін-та ў Тунісе. Навук. працы па вывучэнні ўзбуджальнікаў сыпнога тыфу, скурнага і вісцэральнага лейшманіёзу, трахомы, шкарлятыны, грыпу, міжземнаморскай ліхаманкі і інш., распрацоўцы спосабаў прыгатавання вакцын і сываратак. У 1909 эксперым. даказаў, што пераносчыкам узбуджальніка сыпнога тыфу з’яўляецца адзежная вош. Нобелеўская прэмія 1928.