ГАЛО́ЎНАЯ КАРДЫЛЬЕ́РА А́НДАЎ (Cordillera Principal; Cordillera de los Andes),
назва водападзельнага хрыбта Чылійска-Аргенцінскіх Андаў паміж 31° і 39°паўд. шыраты. Выш. на Пн да 6960 м (г. Аканкагуа), на Пд ад 35°паўд. ш. да 4000 м. Складзена з мезазойскіх асадкавых і вулканічных парод. Шмат дзеючых вулканаў. Частыя землетрасенні. Увільгатненне хрыбтоў у цэлым павялічваецца з Пн на Пд. На Пн схілы ўкрыты ксерафітнымі хмызнякамі, у цэнтр. частцы — цвердалістымі лясамі, на Пд — вільготнымі вечназялёнымі лясамі (гемігілеямі), якія пераходзяць на ўсх. схілы. Часам Галоўнай Кардыльерай Андаў называюць усю Заходнюю Кардыльеру Андаў, а таксама адрэзак паміж 20°30′ і 23°паўд. ш. (да вулкана Ліканкабур у Цэнтр. Андах).
горны хрыбет, найб. высокі зах. край горнай сістэмы Андаў. Размешчана на тэр. Калумбіі, Эквадора, Перу, Балівіі, уздоўж чылійска-балівійскай мяжы. Даўж. каля 400 км. Выш. рэльефу ад 2500 м да 5000 м і больш. Найб.выш. 6768 м (г. Уаскаран). Складзена з трыясава-юрскіх вапнякоў, кангламератаў, пясчанікаў, гіпсаў, сланцаў, якія перамяжаюцца вулканічнымі пародамі і пранізаны інтрузіямі гранадыярытаў. Старажытны і сучасны вулканізм, шматлікія дзеючыя і патухлыя вулканы (Чымбараса, 6267 м; Карапуна, 6425 м; Сахама, 6520, і інш.). На самых высокіх вяршынях снежнікі і ледавікі. Радовішчы золата, плаціны, серы, руд медзі і жалеза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАГАВЫ́Я КАРДЫЛЬЕ́РЫ А́НДАЎ,
мерыдыянальны ланцуг хрыбтоў у сістэме Андаў ўздоўж узбярэжжа Ціхага ак., у Калумбіі, Эквадоры, Перу і Чылі. У Калумбіі (Серанія-дэ-Баўдо) утвораныя пераважна пясчанікамі і мергелямі, выш. да 1810 м, моцна расчлянёныя рэкамі. Ў Эквадоры складзены з пясчана-вапняковых матэрыялаў, выш. масіваў да 1800 м. На тэр. Перу асобныя астанцовыя хрыбты выш. да 1780 м. У Чылі — адзіны, моцна расчлянёны хрыбет выш. да 3200 м. На Пнтэр. Перу і Чылі прадстаўлены мезазойскімі, на Пд — палеазойскімі адкладамі, пранізаны мелавымі інтрузіямі, з шматлікімі радовішчамі медных рудаў (Эль-Тофа і інш.). Ад 34 °Cпаўд. ш. да п-ва Тайтао масівы складзены са стараж.крышт. і метамарфічных парод, далей на Пд за 41°31′паўд. ш. пераходзяць у астраўны Чылійскі архіпелаг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАГО́НІЯ (Patagonia),
прыродная вобласць у Паўд. Амерыцы, на Пд Аргенціны, на Пд ад рэк Рыо-Каларада і Рыо-Негра і на У ад Андаў. Пл. 650 тыс.км. Паверхня — пераважна ступеньчатыя плато, якія ўзвышаюцца ад Атлантычнага ак. на 3 да 2200 м. Клімат умераны, засушлівы. Ападкаў на б.ч. тэрыторыі 150—300 мм за год, на Пд да 600—700 мм. Характэрны моцныя вятры. У П. (прав. Чубут) — полюс холаду Паўд. Амерыкі (абс. мінімум т-ры -33 °C). Рэкі, якія бяруць пачатак у Андах, перасякаюць плато ў глыбокіх каньёнах. Найб. азёры: Наўэль-Уапі, В’едма, Лага-Архенціна і інш. каля падножжа Андаў. Пераважае злакава-хмызняковая паўпустыня, у перадгор’ях Андаў — стэп. Авечкагадоўля. Здабыча нафты і прыроднага газу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́СТЫ (Misti),
дзеючы вулкан у Зах. Кардыльеры Андаў, на Пд Перу. Выш. 5821 м. Правільны конус. Вышэй 5400 м укрыты вечнымі снягамі. Складзены з андэзітаў. Каля падножжа — г. Арэкіпа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НДЫ, Андыйскія Кардыльеры (Andres, Cordillera de los Andes),
горная сістэма на Пн і ЗПаўн. АмерыкіПаўд. Амерыкі, выцягнутая ў мерыдыянальным напрамку ўздоўж берагоў Ціхага ак. на тэр. Венесуэлы, Калумбіі, Эквадора, Перу, Балівіі, Чылі і Аргенціны. Самая доўгая (9000 км) і адна з самых высокіх (6980 м, г. Аканкагуа) горных сістэм зямнога шара. З’яўляецца кліматападзелам паміж паветранымі масамі Атлантычнага і Ціхага акіянаў, важны гідраграфічны вузел мацерыка. Складаюцца пераважна з субмерыдыянальных паралельных хрыбтоў — Усходнія Кардыльеры Андаў, Цэнтральныя Кардыльеры Андаў, Заходняя Кардыльера Андаў, Берагавыя Кардыльеры Андаў, паміж якімі ўнутр. пласкагор’і і плато (Пуна, Альтыплана) ці ўпадзіны. Па сукупнасці прыродных асаблівасцяў і араграфіі вылучаюць Анды Паўн., Цэнтр. і Паўднёвыя. Паўночныя Анды падзяляюцца на Карыбскія Анды, Паўн.-Зах. Анды, якія прадстаўлены 3 асн. Кардыльерамі (Усходняя, Заходняя і Цэнтральная), і Экватарыяльныя Анды (складаюцца з 2 Кардыльераў — Заходняй і Усходняй). Цэнтральныя Анды (да 28°паўд. ш.) уключаюць Перуанскія Анды і ўласна Цэнтр. Анды, ці Цэнтральнаандыйскае нагор’е. У Паўднёвых Андах вылучаюць Чылійска-Аргенцінскія (Субтрапічныя Анды) і Патагонскія Анды. Паводле будовы Анды — адроджаныя герцынскія структуры, узнесеныя навейшымі падняццямі альпійскай складкавасці на месцы Андыйскага (Кардыльерскага) геасінклінальнага складкавага пояса; зона землетрасенняў і актыўнага сучаснага вулканізму: 70 вулканаў, у т. л. 30 дзеючых (Катапахі, Льюльяйльяка, Сангай, Сан-Педра і інш.). Карысныя выкапні: руды волава («алавяны пояс» Балівіі), медзі («медны пояс» Чылі і Перу), вальфраму, сурмы, вісмуту, селену, серабра, свінцу, цынку, жалеза, золата, плаціны; у перадгор’ях, міжгорных прагінах і ўпадзінах (Маракайба, Магдалены) радовішчы нафты. У Андах пачынаюцца вытокі і прытокі Амазонкі, Арынока, Парагвая, Параны і рэкі Патагоніі, знаходзяцца вял. азёры: Маракайба, Тытыкака, Паапо і інш. Значныя вышыня і працягласць Андаў з Пн на Пд, кантрасты ва ўвільгатненні (на зах., наветраных, схілах да 5000—8000 мм ападкаў за год — на З Калумбіі і Пд Чылі, на ўсх., падветраных, каля 3000 мм — экватарыяльная паласа, вельмі сухія ўзбярэжжы — да 100 мм за год у Перу і Чылі), наяўнасць зледзяненняў (найб. значнае ў Патагонскіх Андах, больш за 20 тыс.км²), узровень снегавой лініі ад 4200—4900 м каля экватара да 6300 м у Перу абумовілі рэзка выяўленую пояснасць і вял. разнастайнасць ландшафтаў. Наветраныя вільготныя схілы ад Паўн.-Зах.Андаў да ПдЦэнтр.Андаў укрыты горнымі вільготнымі экватарыяльнымі і трапічнымі лясамі (горныя гілеі), у якіх вылучаюць З вышынныя паясы: т’ера-кальентэ (гарачая зямля), т’ера-тэмплада (умераная зямля) і т’ера-фрыз (халодная зямля). У Субтрапічных Андах вечназялёныя сухія лясы і хмызнякі, на Пд ад 38°паўд. ш. вільготныя вечназялёныя і мяшаныя лясы. Расліннасць высакагорных плато мае шэраг асаблівасцяў: на Пн горныя экватарыяльныя лугі парамас, у Перуанскіх Андах і на ПнУ Пуны сухі высакагорны стэп халка, на ПдЗ Пуны і ўсім Ціхаакіянскім узбярэжжы паміж 5—28°паўд. ш. пустынныя тыпы расліннасці. Жывёльны свет: шыраканосыя малпы, непаўназубыя (мурашкаед, браняносец, лянівец), ягуар, пума, лама, гуанака, алені уэмул і пуду, грызуны тука-тука і шыншыла; з птушак — кондар, тукан, калібры і інш. Анды — радзіма хіннага дрэва, кокі, батату, лімскай фасолі і інш. каштоўных раслін. Даследаваў Анды бел. геолаг І.І.Дамейка, у гонар якога названы хрыбет.
М.В.Лаўрыновіч.
Паўночныя Анды. Высакагорны рэльеф.Анды на граніцы Чылі і Аргенціны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБДУ́КЦЫЯ,
перанос акіянічнай кары і мантыі на ўскраіну кантынента. У выніку абдукцыі цяжкія блокі акіянскай літасферы нагрувашчваюцца на менш шчыльную кантынентальную кару, утвараючы афіялітавыя комплексы (гл.Афіяліты). Пашыраны ў знешніх частках складкавых абласцей Апалачаў, Альпаў, Гімалаеў, Андаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСАКАГО́РНАЯ ПУСТЫ́НЯ,
тып пустыні ў халодных і сухіх высакагор’ях. Расліннасць разрэджаная, яе беднасць абумоўліваецца пераважна нізкімі т-рамі паветра. Пераважаюць паўхмызнячкі і падушкападобныя расліны. Пераважаюць высакагорныя пустыні на высокападнятых выраўнаваных тэрыторыях (Тыбецкае нагор’е, сырты Цэнтральнага Цянь-Шаня, Усходняга Паміра, пласкагор’і Андаў і інш.).