АНДАЛУ́СКІЯ ГО́РЫ, Кардыльера-Бетыка (Cordillera Betika),

горная сістэма на Пд Пірэнейскага п-ва ў Іспаніі. Працягласць з ПдЗ на ПнУ каля 630 км. Выш. да 3478 м (г. Муласен). Утвораны некалькімі глыбока расчлянёнымі хрыбтамі і масівамі альпійскага ўзросту. Складзены пераважна з крышт. парод і вапнякоў. Развіты карст. Радовішчы жал. руды. Укрытыя лістападнымі і вечназялёнымі лясамі і хмызнякамі. У катлавінах і на ўзбярэжжы плантацыі цытрусавых, аліўкаў, вінаграднікі, на У — фінікавыя пальмы.

т. 1, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЫЛЬЕ́РА-БЕТЫ́КА (Cordillera Betica),

тое, што Андалускія горы.

т. 8, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,

эра тэктагенезу, што адбываўся з канца мелу і пераважна ў кайназоі. Выявілася ў межах геасінклінальных абласцей, якія развіваліся ў мезазоі і раннім палеагене, завяршылася ўзнікненнем маладых горных утварэнняў — альпідаў. Да вобласці альпійскай складкаватасці належаць складкавыя горы: у Еўропе Альпы, Пірэнеі, Андалускія, Апеніны, Карпаты, Дынарскае нагор’е, Стара-Планіна, Крымскія горы; у Азіі Каўказ, Пантыйскія, Таўр, Туркмена-Харасанскія, Эльбурс, Загрос, Сулейманавы горы, Гімалаі, складкавыя ланцугі Бірмы, Інданезіі, Камчаткі, Японскіх і Філіпінскіх а-воў; у Паўн. Амерыцы складкавыя хрыбты Ціхаакіянскага ўзбярэжжа Аляскі і Каліфорніі; у Паўд. Амерыцы Анды; таксама архіпелагі, якія акаймоўваюць Аўстралію з У, у т. л. а-вы Новая Гвінея і Новая Зеландыя. Альпійская складкаватасць месцамі закранула і суседнія платформы — Юрскія горы і частку Пірэнейскага п-ва ў Зах. Еўропе, паўд. ч. гор Атлас у Паўн. Афрыцы, Таджыкскую дэпрэсію і паўд.-зах. адгор’і Гісарскага хрыбта ў Сярэдняй Азіі, усх. ч. Скалістых гор у Паўн. Амерыцы, Антарктычны п-аў у Антарктыдзе і інш. На тэр. Альпійскай складкаватасці захоўваецца тэктанічная актыўнасць, што выяўляецца ў моцным расчляненні рэльефу, высокай сейсмічнасці, шматлікіх дзеючых вулканах.

т. 1, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДАЛУ́СІ́Я, Андалузія (Andalucia),

аўтаномная вобласць на Пд Іспаніі. Пл. 87,3 тыс. км², нас. 6,4 млн. чал. (1993). Адм. цэнтр — г. Севілья. Уключае 8 правінцый: Альмерыя, Гранада, Кадыс, Кордава, Малага, Севілья, Уэльва, Хаэн. Найб. гарады: Севілья, Малага, Кордава, Гранада, Кадыс, Уэльва. Займае б. ч. Андалускай нізіны ў бас. р. Гвадалквівір на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. і Міжземнага мора. На Пн горы Сьера-Марэна, на Пд Андалускія. Клімат міжземнаморскі, вільготны на ПдЗ (да 2000 мм ападкаў за год), засушлівы на ПдУ (120 мм за год, найменш у Зах. Еўропе). Т-ра студз. 6—14,5 °C, жн. 23—28 °C.

Найстараж. насельнікі Андалусіі — іберы. Тут існавалі калоніі фінікійцаў, пазней — карфагенян. У перыяд рым. панавання Андалусія ўваходзіла ў склад правінцыі Бетыка. Арабы, якія заваявалі на пач. 8 ст. большую ч. Пірэнейскага п-ва, пашырылі назву Андалусіі (аль-Андалус) на ўсю тэр. мусульм. Іспаніі. У ходзе Рэканкісты ў 13 ст. Андалусія (акрамя Гранадскага эмірата) адваявана ў арабаў. З адваяваннем Гранадскага эмірата (1492) Андалусія цалкам стала ч. Ісп. каралеўства.

Эканоміка аграпрамысловая. У с.-г. вытв-сці занята каля 42% насельніцтва. Пераважае арашальнае земляробства. 1-е месца ў краіне па зборы бабовых, цукр. трыснягу, бавоўніку, сланечніку, 2-е — па зборы збожжавых (пшаніца, рыс, сорга). Вырошчваюць гародніну, бахчавыя, алівы, вінаград, тытунь, бульбу, цукр. буракі і інш. Жывёлагадоўля — авечкі, коні, буйн. раг. жывёла, у т. л. быкі для карыды. Развіты рыбалоўства, збор кары коркавага дрэва. Здабываюць медзь, свінец, цынк, марганец, жал. руду, вугаль, серу. Асн. галіны прам-сці: каляровая металургія, хім., маш.-буд. (с.-г. машыны, суднабудаванне), нафтаперапр., нафтахім., харчасмакавая, тэкстыльная. Андалусія — буйны экспарцёр аліўкавага алею, кансерваваных маслін, віна. Раён турызму, вядомыя курорты на Сонечным беразе.

Ф.​С.​Фешчанка (прырода, гаспадарка).

т. 1, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)