АНДАЛУ́СІ́Я,

Андалузія (Andalucia), аўтаномная вобласць на Пд Іспаніі. Пл. 87,3 тыс. км², нас. 6,4 млн. чал. (1993). Адм. цэнтр — г. Севілья. Уключае 8 правінцый: Альмерыя, Гранада, Кадыс, Кордава, Малага, Севілья, Уэльва, Хаэн. Найб. гарады: Севілья, Малага, Кордава, Гранада, Кадыс, Уэльва. Займае б. ч. Андалускай нізіны ў бас. р. Гвадалквівір на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. і Міжземнага мора. На Пн горы Сьера-Марэна, на Пд Андалускія. Клімат міжземнаморскі, вільготны на ПдЗ (да 2000 мм ападкаў за год), засушлівы на ПдУ (120 мм за год, найменш у Зах. Еўропе). Т-ра студз. 6—14,5 °C, жн. 23—28 °C.

Найстараж. насельнікі Андалусіі — іберы. Тут існавалі калоніі фінікійцаў, пазней — карфагенян. У перыяд рым. панавання Андалусія ўваходзіла ў склад правінцыі Бетыка. Арабы, якія заваявалі на пач. 8 ст. большую ч. Пірэнейскага п-ва, пашырылі назву Андалусіі (аль-Андалус) на ўсю тэр. мусульм. Іспаніі. У ходзе Рэканкісты ў 13 ст. Андалусія (акрамя Гранадскага эмірата) адваявана ў арабаў. З адваяваннем Гранадскага эмірата (1492) Андалусія цалкам стала ч. Ісп. каралеўства.

Эканоміка аграпрамысловая. У с.-г. вытв-сці занята каля 42% насельніцтва. Пераважае арашальнае земляробства. 1-е месца ў краіне па зборы бабовых, цукр. трыснягу, бавоўніку, сланечніку, 2-е — па зборы збожжавых (пшаніца, рыс, сорга). Вырошчваюць гародніну, бахчавыя, алівы, вінаград, тытунь, бульбу, цукр. буракі і інш. Жывёлагадоўля — авечкі, коні, буйн. раг. жывёла, у т. л. быкі для карыды. Развіты рыбалоўства, збор кары коркавага дрэва. Здабываюць медзь, свінец, цынк, марганец, жал. руду, вугаль, серу. Асн. галіны прам-сці: каляровая металургія, хім., маш.-буд. (с.-г. машыны, суднабудаванне), нафтаперапр., нафтахім., харчасмакавая, тэкстыльная. Андалусія — буйны экспарцёр аліўкавага алею, кансерваваных маслін, віна. Раён турызму, вядомыя курорты на Сонечным беразе.

Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка).

т. 1, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)