Анафара 1/320; 10/573; 11/470
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ФАРА (грэч. anaphora літар. вынясенне ўверх),
адзінапачатак, стылістычная фігура ў вершаскладанні — паўтарэнне аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў у пачатку вершаваных радкоў або суседніх строфаў (адпаведна выдзяляюць гукавую, лексічную і сінтаксічную анафару). Павышае эмацыянальнасць паэт. выказвання, узвышае яго тон, кампазіцыйна арганізуе, яднае асобныя радкі і часткі тэксту. Прыклад лексічнай анафары:
Зноў навіслі цёмны хмары,
Зноў туманы неба крыюць,
Зноў па свеце ходзяць мары,
Зноў крапчэй нам віхры выюць...
(Цётка. «Бура ідзе»)
т. 1, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́КАПІС у паэзіі, гукавыя паўторы ў вершаванай мове, якія ўзмацняюць яе мілагучнасць і сэнсавую выразнасць; раздзел паэтыкі, што іх вывучае. Сярод гукапісу вылучаюцца алітэрацыя, анафара, асананс, гукаперайманне, кальцо, эпіфара і інш. У паэт. практыцы яны выкарыстоўваюцца ў спалучэнні з лексікай, інтанацыйна-сінтакс. арганізацыяй вершаванага радка. Напр., у «Песні званара» Я.Купалы гукавыя стыкі, анафары і эпіфары ўзмацняюць маст. выразнасць асанансу (на о, у, і, а) і алітэрацыі (на р, з, с, ц): «Разгубіцца мой звон ад акон да акон, // Думы збудзіць, па сэрцах удара, // Дрогнуць сковы цямніц, бліснуць іскры зарніц, // Заварушацца яры, папары». У сучаснай паэзіі шырока ўжываюцца паўторы не толькі асобных гукаў, але і гукаспалучэнняў.
В.П.Рагойша.
т. 5, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКІ СТЫЛЬ,
адзін з асноўных функцыянальных стыляў мовы, што ўтвараецца сістэмай моўных сродкаў маст. л-ры ў яе гал. родах — эпасе, лірыцы, драме. Выконвае не толькі агульную для інш. стыляў камунікатыўную функцыю, але і ўласцівую толькі яму эстэт. — функцыю эмацыянальна-вобразнага ўздзеяння на чытача. У М.с. назіраецца глыбокае ўзаемадзеянне ўсіх стылістычных рэсурсаў, дапускаецца ўключэнне элементаў і фрагментаў інш. функцыянальных стыляў. Для яго характэрна метафарычнасць, вобразнасць адзінак розных моўных узроўняў, экспрэсіўнасць, узнёсласць. У ім часта ўжываюцца розныя вобразна-выяўленчыя сродкі (эпітэты, параўнанні, увасабленні, гіпербалы, літоты, перыфразы) і стылістычныя фігуры (анафара, эпіфара, антытэза, інверсія і інш.), якія дапамагаюць ствараць яркія маст. вобразы, даваць больш дэталёвае апісанне з’яў і фактаў рэчаіснасці, моўную характарыстыку персанажаў. У М.с. выкарыстоўваюцца не толькі літаратурныя, а і пазалітаратурныя моўныя сродкі (прастамоўная лексіка, жаргон, дыялектызмы і інш.), якія ўжываюцца не ў іх першаснай функцыі, а ў эстэтычнай. Кожны моўны сродак у маст. творы матываваны змястоўна і стылістычна. Разнавіднасці М.с. — паэт. мова, мова маст. прозы і драматургіі. Вылучаюць індывід. стылі асобных пісьменнікаў, мова якіх характарызуецца асаблівасцямі экспрэсіўнага адбору слоў, фразеалогіі, сінтаксічных канструкцый і марфалагічных рысаў і з’яўляецца прыватным праяўленнем агульных заканамернасцей М.с.
Літ.:
Цікоцкі М.Я. Сугучнасць слоў жывых... Мн., 1981;
Стилистика русского языка. 2 изд. Л., 1989;
Каўрус А.А.Сгылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992.
А.І.Жураўскі, Р.Р.Чэчат.
т. 10, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)