АНА́МНЕЗ (ад грэч. anamnēsis успамін),

сукупнасць звестак аб жыцці хворага і развіцці хваробы, атрыманых апытаннем хворага або з іншых крыніц. Выкарыстоўваецца для ўстанаўлення дыягназу, прагнозу хваробы, выпрацоўкі аптымальных метадаў лячэння і прафілактыкі; адзін з асн. метадаў комплекснага абследавання, вывучэння хворага як асобы, індывідуальнасці; прасцейшы спосаб устанаўлення кантакту паміж хворым і ўрачом. Паводле анамнезу дыягназ хваробы ўстанаўліваецца больш як у 50% выпадкаў. Анамнез хваробы ўключае звесткі аб узнікненні хваробы і цячэнні яе да моманту даследавання, скаргі і адчуванні хворага. Анамнез жыцця ўключае агульныя біягр. звесткі па перыядах жыцця, перанесеныя хваробы, спадчыннасць, сямейнае жыццё, умовы працы і быту, шкодныя звычкі. Асобна вылучаюць фармакалагічны, алергалагічны, экспертна-працоўны анамнез. Пры неабходнасці збіраюць эпідэміялагічны анамнез. Паняцце анамнезу ўжываюць таксама ў ветэрынарыі пры дыягностыцы хвароб свойскіх жывёл.

М.​Ф.​Сарока.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯГНАСТЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ,

мета ды, што выкарыстоўваюцца для вызначэння, удакладнення і распазнавання хваробы. Падзяляюцца на асн. і дадатковыя, ці спецыяльныя. Асн. Д.м. — анамнез, агляд хворага, пальпацыя, перкусія, аўскультацыя. Спец. метады ўключаюць этыялагічны, марфал., патагенет. і функцыян. кампаненты, якія характарызуюць асаблівасці ўзнікнення і цячэння хваробы, даследаванні на субклетачным узроўні і апрацоўку на ЭВМ. Класіфікуюцца на Д.м. прамянёвыя (рэнтгенаскапія і рэнтгенаграфія, рэнтгенаўская камп’ютэрная і магнітна-рэзанансная тамаграфіі, ультрагукавая тэрмаграфія), электрафізіял. (электракардыяграфія, электраэнцэфалаграфія і інш.), радыенуклідныя (радыяграфія, сцынтыграфія і інш.), лабараторныя (гісталагічныя, цыталагічныя, біяхім., імуналагічныя), мікрабіял., біяфіз. (спектрафотаметрыя, флюарыметрыя, паляраграфія і інш.), эндаскапічныя (фібрагастрадуадэнаскапія, рэктаскапія, сігмаскапія, каланаскапія і інш.), нагрузачныя метады ці функцыян. тэсты (эргаметрычныя, ізаметрычныя, псіхафізіял. стрэс-сістэмы, фармакалагічныя пробы і інш.).

А.​В.​Таўкачоў.

т. 6, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАКРА́Т (Hippokratēs; 460 да н.э., в. Кос, Грэцыя — каля 370 да н.э.),

старажытнагрэчаскі ўрач, рэфарматар антычнай медыцыны, матэрыяліст. Мед. адукацыю атрымаў пад кіраўніцтвам бацькі Геракліда; у якасці вандроўнага ўрача (перыядэўта) наведаў М. Азію, Лівію, узбярэжжа Чорнага м., быў у скіфаў, азнаёміўся з медыцынай народаў Пярэдняй Азіі і Егіпта. У сваіх працах, якія ляглі ў аснову развіцця клінічнай медыцыны, адлюстраваны ўяўленні пра цэласнасць арганізма, індывідуальны падыход да хворага і яго лячэння, паняцце пра анамнез, вучэнне пра этыялогію, прагноз, тэмперамент і інш. Кіраваўся пры лячэнні 4 прынцыпамі: прыносіць карысць і не шкодзіць; супрацьлеглае лячыць супрацьлеглым; дапамагаць прыродзе і, захоўваючы асцярожнасць, шанаваць хворага. Гіпакрат быў выдатным хірургам: распрацаваў прынцыпы лячэння ран, пераломаў, вывіхаў, фістул, спосабы выкарыстання павязак (шапка Гіпакрата) і інш. З імем Гіпакрата стасуецца ўяўленне пра высокае маральнае аблічча і прыклад этычных паводзін урача. Гіпакрата называюць «бацькам медыцыны».

Літ.:

Рожанский И.Д. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988.

т. 5, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)