АНА́ЛАГАВАЯ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА (АВМ),

вылічальная машына, у якой апрацоўка інфармацыі выконваецца з дапамогай спецыяльна падабранага фіз. працэсу, што мадэлюе выліч. заканамернасць. Звычайна складаецца з суматараў, інтэгравальных і дыферэнцыравальных элементаў і інш. У адрозненне ад электроннай вылічальнай машыны рашэнне атрымліваецца практычна імгненна пасля задання параметраў задачы; мае простую канструкцыю і праграмаванне, але невысокую дакладнасць вылічэнняў і меншую універсальнасць.

Папярэднікамі сучаснай АВМ можна лічыць лагарыфмічную лінейку, графікі і намаграмы (гл. Намаграфія) для вызначэння функцый некалькіх пераменных, упершыню прыведзеныя ў дапаможніках па навігацыі (1971), аналагавую прыладу (планіметр) англ. вучонага Дж.​Германа для вызначэння плошчы, якая ўтворана замкнутай крывой на плоскасці (1814). Першая мех. АВМ для рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў пры праектаванні караблёў прапанавана рус. вучоным А.​М.​Крыловым у 1904. Сав. Матэматык С.​А.​Гершгорын (1927) заклаў асновы пабудовы сеткавых мадэляў АВМ.

Выкарыстоўваюцца АВМ для рашэння задач па апераджальным аналізе, аналізе дынамікі і сінтэзе сістэм кіравання і рэгулявання, у эксперыментальных даследаваннях паводзін сістэмы з апаратурай кіравання ці рэгулявання ў лабараторных умовах, пры вызначэнні ўзбурэння ці карысных сігналаў, што ўздзейнічаюць на сістэму і інш. АВМ, у якой лікавыя характарыстыкі мадэлявальнага фіз. працэсу выяўлены ў лічбавай форме, наз. гібрыднай вылічальнай машынай.

т. 1, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДЭАФАНАГРА́МА,

спецыяльны носьбіт з запісам відэаакустычнай інфармацыі. Мае дарожкі запісу — сляды (канаўкі ў носьбіце, намагнічаныя або наэлектрызаваныя вобласці і інш.), пакінутыя запісвальным прыстасаваннем на рухомым носьбіце ў працэсе запісу. Бывае аналагавая і лічбавая. Атрымліваецца пры запісе тэлевізійных сігналаў на магнітную стужку (напр., на відэамагнітафоне), аптычны дыск, кінаплёнку і інш. Выкарыстоўваецца для захоўвання і ўзнаўлення тэлевізійнай, кінатэлевізійнай і інш. інфармацыі. Гл. таксама Сігналаграма.

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁРЭЛЕ́ЙНАЯ ЛІ́НІЯ сувязі,

сукупнасць тэхн. сродкаў і асяроддзя распаўсюджвання радыёсігналаў для забеспячэння радыёрэлейнай сувязі. Бывае аналагавая і лічбавая, стацыянарная і рухомая, адна- і многапралётная.

Стацыянарная многапралётная Р.л. будуецца ў выглядзе ланцуга прыёмна-перадавальных радыёстанцый (радыёрэлейных станцый; РРС), устаноўленых у межах прамой бачнасці (найб. пашырана). Для павышэння далёкасці сувязі паміж РРС іх антэны ўстанаўліваюць на мачтах (вежах) і на ўзвышаных месцах. Існуюць таксама трапасферныя Рл. у якіх выкарыстоўваецца адбіццё радыёхваль ад ніжняй мяжы трапасферы. Многапралётная Р.л. мае 2 канцавыя і шэраг прамежкавых і вузлавых РРС. Аднапралётная Р.л. ўтвараецца з 2 канцавых РРС, часта бывае рухомая і служыць, напр., для перадачы тэлевізійных праграм з рухомай тэлевізійнай станцыі на тэлецэнтр. Стацыянарныя аднапралётныя Р.л. служаць для арганізацыі сувязі праз перашкоды, напр., рэкі, а таксама для ўтварэння «ўставак» у магістральныя кабельныя, у т. л. валаконнааптычныя, лініі сувязі.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 13, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)