А́МІЯ,

глейная рыба (Amia calva), рыба атрада аміяпадобных. Адзіны сучасны рэліктавы прадстаўнік атрада Amiiformes. Жыве ў неглыбокіх стаячых забалочаных вадаёмах Паўн. Амерыкі на Пд ад Вялікіх азёр.

Даўж. да 90 см. Цела акруглае, рыла кароткае. Восевы шкілет акасцянелы, на галаве скурныя косці (адзнака прымітыўных рыб). Луска цыклоідная; спінны плаўнік доўгі, хваставы — сіметрычны, круглаваты. Можа дыхаць атм. паветрам. Драпежнік.

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНО́ІДЫ

(Ganoidei, Ganoidomorpha),

інфраклас (надатр.) прымітыўных выкапнёвых і сучасных прамянёвапёрых кл. касцявых рыб. 2 надатр.: храстковыя рыбы з 1 вымерлым атр. і 2 сучаснымі (асетрападобныя і мнагапёрападобныя), касцявыя рыбы з 5 вымерлымі атр. і 2 сучаснымі [аміяпадобныя (Amiiformes) і панцырнікападобныя (Lepisosteiformes)]. Выкапнёвыя ганоіды вядомы з сярэдняга дэвону. На Беларусі выяўлены ў пясчана-гліністых пародах пярмі і трыясу Прыпяцкай упадзіны. 10 сучасных родаў, 43 віды. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і і трапічнай Афрыцы (мнагапёрападобныя). Найб. вядомыя асятры, бялуга, калуга, амія, лапатаносы, весланосы, панцырнікі.

Даўж. ад 3—5 см (выкапнёвыя) да 9 м. Захавалі многія стараж. адзнакі: ёсць хорда, чэрап у значнай ступені храстковы, адсутнічаюць целы пазванкоў, луска пераважна ганоідная, рамбічная, хваставы плаўнік няроўналопасцевы (гетэрацэркальны); плавальны пузыр звычайна ячэісты; ёсць рэдукаваныя спіральны клапан і артэрыяльны конус, у некаторых — пырскальца.

т. 5, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)