Амяла, гл. Амела

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АМЯЛА́ (Viscum),

род паўпаразітных кветкавых раслін сям. амяловых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў трапічнай і субтрапічнай Афрыцы і Азіі, на Пн Аўстраліі; амяла белая (V. album) трапляецца ў Еўропе і на Каўказе, амяла афарбаваная (V. coloratum) — на Д. Усходзе. На Беларусі амяла белая расце ў зах. і паўд. раёнах пераважна на старых лісцевых дрэвах, асобны падвід (ssp. austriacum) на хвоі.

Двухдомны шматгадовазялёны шарападобны куст дыям. да 1,2 м. Лісце прадаўгавата-авальнае, супраціўнае, скурыстае, жоўта-зялёнае, размешчана папарна на канцах галінак. Кветкі дробныя жоўта-зялёныя, сабраны ў пучкі. Плод — белая аднанасенная ягада з клейкай мякаццю. Размнажаецца насеннем, якое птушкі заносяць на галіны дрэў, дзе яно і прарастае. Выкарыстоўваецца на лячэнне гіпертаніі і неўралгіі, як танізоўны сродак (прэпараты амялен, віскулен, акафіт), у нар. медыцыне пры хваробах сэрца і лёгкіх.

Амяла белая.

т. 1, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСЛІ́НЫ-ПАЎПАРАЗІ́ТЫ, паўпаразітныя расліны,

расліны, якія часткова жывяцца пажыўнымі рэчывамі жывых арганізмаў, часткова здольныя да самастойнага (аўтатрофнага) жыўлення. Маюць у лісці хларафіл (магчымасць фотатрофнага жыўлення), нармальную будову ўсіх наземных органаў, недаразвітыя карані (іх канцы ператварыліся ў прысоскі). На Беларусі вядомы віды з родаў амяла, братаўка, увярэднік, цялюшнік. Гл. таксама Паразітызм.

І.​В.​Чыкілеўская.

т. 13, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛОРА.

Сучасная флора Беларусі геаграфічна і генетычна звязана з натуральна-гістарычнымі абласцямі, кліматычнымі зонамі і мацерыкамі зямнога шара. Тэр. Беларусі знаходзіцца на сумежжы 2 правінцый (Усходне-Еўрапейскай і Цэнтральнаеўрапейскай), таму склад яе расліннага покрыва мае пераходны характар ад еўраазіяцкай хвойна-лясной да еўрапейскай шыракаліста-лясной побач з лесастэпавай зонай. У флоры трапляюцца віды горна-еўрапейскай (арніка горная, чына гладкая, першацвет высокі і інш.), тундравай арктычнай (бяроза карлікавая, марошка і інш.), стэпавай чарназёмнай (жаўтазель фарбавальны, стальнік палявы, шалфей лугавы і інш.) зон, паўпустынь (хрупляўнік палявы, казлабарод усходні і інш.), віды неатрапічнай (аксамітнікі) і палеатрапічнай (альдраванда пухіраватая) флоры; невялікую частку складаюць віды-касмапаліты.

У складзе абарыгеннай флоры Беларусі налічваецца больш за 1465 відаў сасудзістых раслін: дзеразападобных — 7, хвошчападобных — 8, папарацепадобных — 24, голанасенных — 4, пакрытанасенных — 1422 (з іх 340 відаў аднадольных і 1082 віды двухдольных раслін); каля 450 відаў мохападобных, каля 2 тыс. відаў водарасцей, больш за 1,5 тыс. відаў грыбоў. Большая частка сасудзістых раслін — травяністыя (1356 відаў), з іх шматгадовых 998, аднагадовых 269, двухгадовых 56, адна-двухгадовых 33. Дрэвавыя расліны прадстаўлены 108 відамі, з іх 27 дрэвы, 58 хмызнякі, 23 паўкусты і кусцікі. Найб. колькасць відаў маюць сямействы: складанакветныя, злакавыя, асаковыя, залознікавыя, крыжакветныя, ружакветныя, матыльковыя, губакветныя. Самыя пашыраныя роды: асака — 66, крынічнік — 26, дуброўка — 18, рдзест — 17, вярба — 16 відаў. З эфемераў трапляюцца вяснянка веснавая, мышахвоснік маленькі, разухавідка Таля; з эфемероідаў — чубаткі, ветраніцы, гусіныя цыбулі; з сапратрофаў — пад’ельнік, гняздоўнік, надбароднік, ладдзян; з паўпаразітаў — цяцюшнікі, дзярэгі, званцы, мар’яннікі; з паразітаў — таемнік лускаваты, амяла белая, павітухі, заразіхі; з насякомаедных раслін — расянкі, альдраванда, тлушчанка, плывунцы. У Чырв. кнігу Беларусі занесена 156 відаў сасудзістых раслін, 15 мохападобных, 17 грыбоў, 9 водарасцей, 17 лішайнікаў.

Фларыстычныя даследаванні сасудзістых раслін Беларусі праводзіліся ў канцы 18 ст. Ж.​Э.​Жыліберам, у пачатку 19 ст. С.Б. і І. Юндзіламі, у сярэдзіне 19 ст. М.​Доўнарам, Р.​Пабой, К.​Чалоўскім, у канцы 19 ст. У.​Дыбоўскім, Ю.​К.​Пачоскім, М.​Твардоўскім і інш. У 20 ст. даследаванні праводзілі Н.​В.​Казлоўская, В.​А.​Міхайлоўская, В.​С.​Палянская і інш.

Літ.:

Вульф Е.В. Историческая география земного шара. М.; Л., 1949;

Флора БССР. Т. 1—5, Мн., 1949—59;

Толмачев А.И. Введение в географию растений. Л., 1974;

Рыковский Г.Ф. Мохообразные Березинского биосферного заповедника. Мн., 1980;

Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь. Мн., 1993;

Михеева Т.М. Альгофлора Беларуси=Algal flora of Belarus: Таксоном. кат. Мн., 1999;

Природная среда Беларуси. Мн., 2002.

В.​І.​Парфёнаў., Дз.​І.​Траццякоў.

т. 18, кн. 2, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАБАТАНІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ.

Беларусь знаходзіцца (паводле класіфікацыі Г.​Вальтэра, 1974) на стыку 2 асноўных раслінных зон Еўропы: барэальнай — з перавагай хвойных і немаральнай — з перавагай лісцевых летнезялёных лясоў. Пераходная паласа паміж зонамі характарызуецца наяўнасцю ў роўнай ступені як заходнееўрапейскіх (немаральных), так і паўночных (барэальных) элементаў флоры. Месцазнаходжанне краіны ў геаграфічным цэнтры Еўропы абумоўлівае найб. актыўнае ўзаемапранікненне шыракалістых лістападных і таежных лясоў, што выяўляецца ў канцэнтраванай і асаблівай разнастайнасці раслінных супольніцтваў. Каля 40 відаў дрэў і хмызнякоў (бружмель звычайны, брызгліна еўрапейская, ядловец і інш.), 230 відаў травяністых раслін (багнаўка чорная, балотны мірт звычайны, гудаера паўзучая, жаўтазелі, пралеска высакародная і інш.) маюць на Беларусі мяжу арэала (напр., паўд. мяжа суцэльнага пашырэння елкі еўрапейскай і вольхі шэрай; паўн. мяжа грабу і берасту) або пашыраны лакальна. Кліматычныя і глебава-араграфічныя асаблівасці яе тэр. абумоўліваюць занальнасць расліннага покрыва, якое займае 19,34 млн. га (93,1% тэр. краіны). Прадстаўлена лясамі, у т. л. забалочанымі (7,84 млн. га, або 37,8%), хмызнякамі (0,73 млн. га, або 3,5%), лугамі (3,24 млн. га, або 15,6%), адкрытымі балотамі (0,93 млн. га, або 4,5%), воднымі (0,48 млн. га, або 2,3%), сегетальнымі, або паворыўнымі культурамі (5,76 млн. га, або 27,7%), і рудэральнымі, або сметнікавымі (0,36 млн. га, або 1,7%), супольніцтвамі.

Першае на Беларусі геабатанічнае раянаванне распрацавала В.​С.​Палянская (1929), якая вылучыла на ўсх. краіны 5 прыродных раёнаў. Лесараслінную апрацоўку гэтай тэр. з фітацэнатычным, экалагічным і занальна-кліматычным аналізам раёнаў зрабіў Юркевіч (1940). Раянаваннем лясоў займаліся таксама В.​І.​Пераход (1954) і М.​І.​Касцюкевіч (1954), лугоў — Е.​А.​Круганава (1968), балот — Н.​Я.​Кац (1971). Сучасную сетку геабатанічнага і лесарасліннага раянавання распрацавалі В.​С.​Гельтман і Юркевіч (1960, 1965, 1969, 1982).

За найважнейшы крытэрый прынята лясная расліннасць як найб. пашыраная і часова ўстойлівая. На гэтай аснове вылучаны 3 геабатанічныя падзоны: дубова-цемнахвойных падтаежных (шыракаліста-яловых) лясоў, грабава-дубова-цемнахвойных лясоў (ялова-грабавых дуброў) і шыракаліста-хваёвых лясоў (грабавых дуброў). У межах падзон вылучана 7 геабатанічных акруг; Заходне-Дзвінская, Ашмянска-Мінская, Аршанска-Магілёўская, Нёманска-Перадпалеская, Бярэзінска-Перадпалеская, Бугска-Палеская, Палеска-Прыдняпроўская. Акругі падзелены на 25 геабатанічных раёнаў (Гельтман, 1982).

Для кожнай таксанамічнай адзінкі характэрна свая асаблівая расліннасць. Паўн. геабатанічную падзону характарызуюць пераважна цемнахвойныя яловыя лясы, вярховыя балоты, сухадольныя лугі. Цэнтр. падзона грабава-дубова-цемнахвойных лясоў мае пераходны характар, дзе спалучаюцца барэальныя і немаральныя лясы, вярховыя, пераходныя і нізінныя балоты, сухадольныя і заліўныя лугі. Для паўд. падзоны характэрны шыракаліста-хваёвыя лясы, нізінныя балоты, астэпаваныя лугі. На ўсходзе, у Палеска-Прыдняпроўскай акрузе, сканцэнтравана больш за 50% ад усёй колькасці заліўных лугоў краіны, а на захадзе, у Бугска-Палескай акрузе, — найбольшая колькасць нізінных лугоў. На тэр. гэтай акругі захаваліся найбуйнейшыя ў Еўропе нізінна-балотныя масівы — балоты Званец і Спораўскае.

Літ.:

Кац Н.Я. Болота земного шара. М., 1971;

Вальтер Г. Растительность земного шара: Пер. с англ. Т. 2. М., 1974;

Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979;

Гельтман В.С. Географический и типологический анализ лесной растительности Белоруссии. Мн., 1982;

Агаханянц О.Е. Биогеография. Мн., 1992.

І.​М.​Сцепановіч.

Лішайнікі: 1 — ксанторыя насценная; 2 — фісцыя зорчатая; 3 гіпагімнія ўздутая; 4 — кладонія зорчатая.
Мохападобныя: 1 — маршанцыя зменлівая; 2 — дыкранум мяцёлкападобны; 3 — леўкобрыум шызы; 4 — птыліум грабеньчаты; 5 — сфагнум дуброўны; 6 — зязюлін лён звычайны.
Грыбы: 1 — белы грыб; 2 — лісічка звычайная; 3 — скрыпіца; 4 — сыраежка харчовая; 5 — апенька восеньская; 6 — гнаявік чарнільна-шэры, 7 — галавач падоўжаны; 8 — порхаўка жамчужная; 9 — губа сапраўдная.
Лекавыя расліны: 1 — васілёк сіні; 2 — дзіванна звычайная; 3 — дымніца лекавая; 4 — піжма звычайная; 5 — ландыш майскі, 6 — паслён салодка-горкі; 7 — шыпшына майская; 8 — журавіны балотныя; 9 — амяла белая; 10 — чамярыца Лобеля; 11 — наперстаўка пурпуровая; 12 — драсён вужачы; 13 — жасцёр слабільны; 14 — бяроза ніцая; 15 — ядловец звычайны; 16 — рабіна звычайная; 17 — вольха шэрая; 18 — хвоя звычайная.
Ахоўныя расліны: 1 — гайнік цёмна-чырвоны; 2 — кадзіла сармацкае; 3 — гладыёлус чарапіцавы; 4 — касач бязлісты; 5 — рададэндран жоўты; 6 — першацвет веснавы; 7 — гарлачык белы; 8 — плюшч звычайны; 9 — званочак шыракалісты.

т. 18, кн. 2, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)