Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЛУА́ (франц. emploi літар. выкарыстанне),
своеасаблівая спецыялізацыя акцёра на выкананні роляў, якія найб. адпавядаюць яго вонкавым сцэн. даным, характару, таленту. Амплуа мужчынскія; герой, комік, прастак, палюбоўнік, рэзанёр, фат; жаночыя: гераіня, камічная старая, гранд-дама, інжэню, субрэтка, травесці і інш. У сучасным т-ры падзелу на амплуа фармальна не існуе, сцвярджаецца шырокі творчы дыяпазон акцёра. Найб. устойлівае амплуа — травесці (актрыса на ролі хлопчыкаў, дзяўчынак, падлеткаў) захоўваецца ў т-ры для дзяцей.
т. 1, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛО́Н ((Delon) Ален) (н. 8.11.1935, Парыж),
французскі кінаакцёр, рэжысёр, прадзюсер. У кіно з 1957. У фільмах «Рока і яго браты», «Зацьменне», «Леапард», «Самурай», «Забойства Троцкага», «Месье Кляйн» раскрывае дваістасць чалавечай натуры сваіх герояў, канфлікт паміж матэрыяльным і духоўным. Знешні выгляд, пластычнасць, дынамізм зрабілі Д. папулярным у ролях розных амплуа. Паставіў фільм «За скуру паліцэйскага» (1981), «Неўтаймаваны» (1983). З 1968 выступае і як прадзюсер.
т. 6, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРВІ́ЛЬ [Bourvil; сапр. Рэмбур (Raimbourg) Андрэ; 27.7.1917, в. Бурвіль, Нармандыя, Францыя — 22.9.1970],
французскі акцёр. У 1938 дэбютаваў у мюзік-холе і на радыё. З 1945 у кіно. Напачатку выступаў у амплуа камічнага прастака, пазней ствараў псіхалагічна глыбокія вобразы, выконваў таксама камічныя і драм. ролі. Сярод фільмаў: «Усё золата свету», «Разява», «Вялікая прагулка», «Праз Парыж», «Адвержаныя», «Чырвоны круг».
Літ.:
Клод К. Бурвиль: Пер. с фр. М., 1973.
т. 3, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ЗІЛЬ (Мікалай Ігнатавіч) (26.11.1839, Чэсмены пад Масквой —9.7.1906),
рускі акцёр. Засл. арт. імператарскіх т-раў (1903). Ў 1865 дэбютаваў у Малым т-ры. З гумарам выконваў ролі амплуа «прасцяка» ў вадэвілях і аперэтах. Пазней характарны акцёр. Найб. вызначыўся ў п’есах А.Астроўскага, у многіх — першы выканаўца: Гаўрыла («Гарачае сэрца», 1869), Пётр («Лес», 1871), Платон («Праўда — добра, а шчасце лепш», 1876), Рабінзон («Беспасажніца», 1878), Нарокаў («Таленты і паклоннікі», 1881), Шмага («Без віны вінаватыя», 1884) і інш.
т. 11, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЬЁ ((Mathieu) Мірэй) (н. 22.7.1946, г. Авіньён, Францыя),
французская спявачка-шансанье. Вучылася ў прыватных педагогаў. У пач. творчай дзейнасці пераймала манеру выканання Э.Піяф. Стварыла індывід. выканальніцкі стыль, які вылучаецца яскравай экспрэсіяй. У рэпертуары (спявае на многіх мовах) творы П.Марыа, Ф.Лея і інш. (сярод найб. вядомых — «Маё крэда», «Чаму, маё каханне?», «Апошні вальс», «Парыжскае танга» і інш.). Акрамя канцэртаў, удзельнічае ў тэлевізійных шоу і інш.
Літ.:
Бутковская Т. Новое амплуа М. Матье // Муз. жизнь. 1984. № 5.
т. 10, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РГМАН ((Bergman) Інгрыд) (29.8.1915, Стакгольм — 29.8.1982),
шведская актрыса. Вучылася ў школе пры Драм. т-ры ў Стакгольме. У кіно здымалася з 1934. Актрыса шматграннага таленту, разнастайных амплуа, пераймала ў сваёй творчасці розныя стылі і творчыя манеры, спецыфіку розных нац. школ. Сусв. прызнанне атрымала пасля здымак у стужках «Газавае святло» (1944, прэмія «Оскар»), «Анастасія» (1956, прэмія «Оскар»), «Зачараваны», «Дрэнная слава» ў ЗША; «Стромбалі, зямля божая» (1950), «Еўропа-51» (1951) у Італіі, «Алена і мужчыны» (1956) у Францыі, «Жоўты ролс-ройс» (1965), «Кветка кактуса» ў Вялікабрытаніі, а таксама ў фільмах «Сведэнх’ельмы» (1935), «Забойства ва Усходнім экспрэсе» (1975, прэмія «Оскар»), «Восеньская саната». Аўтар кн. «Мая гісторыя» (1980, з А.Бургес).
т. 3, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗЬМІ́Н (Аляксей Аляксеевіч) (н. 2.9.1941, в. Чакмары Мурашынскага р-на Кіраўскай вобл., Расія),
бел. і расійскі артыст аперэты. Засл. арт. Расіі (1982). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.В.Луначарскага (1967). З 1967 у Валгаградскім т-ры муз. камедыі, з 1984 у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі. Выступае пераважна ў амплуа прастака і характарнага акцёра. Сярод роляў: князь Воляпюк, Пелікан («Сільва», «Прынцэса цырка» І.Кальмана), Барон («Вясёлая ўдава» Ф.Легара), Фальк («Лятучая мыш» І.Штрауса), Ар’е Лейб («Біндзюжнік і кароль» А.Журбіна), Аляксандр («Бяда ад пяшчотнага сэрца» А.Шарамецева), Пракурор («Калі заспявае певень» А.Чыркуна).
А.Я.Ракава.
т. 8, с. 564
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ТРЫХ (Dietrich) Марлен [сапр. Лош (Losh) Марыя Магдалена фон; 27.12.1904, Берлін — 5.5.1992). амерыканская кінаактрыса. Вучылася ў Муз. акадэміі і Школе драм. мастацтва М.Райнгарта (Берлін). У 1922 дэбютавала ў т-ры, у 1923 — у кіно. У 1930 сыграла першую значную ролю ў фільме «Блакітны анёл» (паводле рамана Т.Мана). З 1930 у Галівудзе, ЗША. Здымалася ў экзатычных фільмах рэж. Дж.Штэрнберга «Шанхайскі экспрэс», «Чырвоная імператрыца», «Д’ябал — гэта жанчына» ў амплуа жанчыны-«вамп», была адной з самых папулярных «зорак» амер. кіно 1930-х г. У 2-ю сусв. вайну вяла антыфаш. прапаганду. У 1950-я г. стварыла яркія складаныя характары ў фільмах «Сведка абвінавачання», «Працэс у Нюрнбергу» і інш. Вядома і як эстр. спявачка.
т. 6, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНАВО́Й (Васіль Сямёнавіч) (н. 16.1. 1934, Масква),
расійскі акцёр. Нар. артыст СССР (1985). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1957). Працуе ў т-ры імя Я.Вахтангава. Акцёру ўласцівы прыгажосць і высакароднасць пластычнага малюнка ролі, рамант. пафас. Часта выконвае ролі ў амплуа «героя-палюбоўніка». Калаф («Прынцэса Турандот» К. Гоцы), Цэзар Актавіян («Антоній і Клеапатра» У. Шэкспіра), Казанова («Тры ўзросты Казановы» М. Цвятаевай). Зняўся ў кіна- і тэлефільмах: «Атэстат сталасці» (1954), «Пунсовыя ветразі» (1961), «Вайна і мір» (1966—67), «Ганна Карэніна» (1968), «Любоў Яравая» (1970), «Афіцэры» (1971), «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973), «Ганна і Камандор» (1976), «Дзіўная жанчына» (1978), «Пятроўка, 38» і «Агарова, 6» (1980) і інш. Ленінская прэмія 1980 за чытанне дыктарскага тэксту ў фільме-эпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). Аўтар успамінаў «Шчаслівыя сустрэчы» (2-е выд. 1986).
Літ.:
Войткевич Н.Р. Ступени творчества. Ставрополь, 1975.
т. 9, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)