Ампера закон 1/302

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЕ́РА СІ́ЛА,

сіла, што дзейнічае на элемент правадніка з токам у магн. полі. Вызначаецца формулай: dF = ( j × B ) dV , дзе j — шчыльнасць эл. току ў правадніку, Bмагн. індукцыя ў тым пункце прасторы, дзе знаходзіцца элемент аб’ёму правадніка dV, j × B — вектарны здабытак вектараў j і B. Названы ў гонар А.М.Ампера.

Ампера закон.

т. 1, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЕ́РА ЗАКО́Н,

закон механічнага (пандэраматорнага) узаемадзеяння двух токаў, якія цякуць у элементарных адрэзках праваднікоў, што знаходзяцца на некаторай адлегласці адзін ад аднаго. Адкрыты А.М.Амперам (1820). Сіла dF12, якая дзейнічае на элемент аб’ёму dV2 правадніка з токам I2 з боку элемента аб’ёму dV1 правадніка з токам I1, вызначаецца формулай: dF12 = μ0 4π ( j2 × ( j1 × r12 ) ) dv1 dv2 r312 , дзе μ0магн. пастаянная, j1 і j2 — шчыльнасць эл. токаў I1 і I2, r12 — радыус-вектар, што вызначае становішча dv2 адносна dv1, j2 × ( j1 × r12 ) — падвойны вектарны здабытак вектараў j1, j2, r12.

т. 1, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЕ́Р ((Ampere) Андрэ Мары) (22.1.1775, г. Ліён, Францыя — 10.6.1836),

французскі фізік і матэматык, адзін з заснавальнікаў класічнай электрадынамікі. Чл. Парыжскай (1814), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай (1830) і інш. АН. Атрымаў дамашнюю адукацыю. З 1805 у Політэхн. школе ў Парыжы (з 1809 праф.), з 1824 праф. Калеж дэ Франс. Сфармуляваў правіла для вызначэння напрамку адхілення магн. стрэлкі токам (правіла Ампера); адкрыў законы ўзаемадзеяння эл. токаў і эл. току з магн. полем (гл. Ампера закон). Пабудаваў тэорыю магнетызму, у аснове якой ляжыць гіпотэза пра кругавыя эл. токі, эквівалентныя плоскім элементарным магнітам. Аўтар прац па тэорыі імавернасцяў, па дастасаванні варыяцыйнага вылічэння да задач механікі, па пытаннях матэм. аналізу. Вынайшаў камутатар і эл.-магн. тэлеграф.

Літ.:

Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времён до начала XX в.). М., 1989. С. 313—324.

А.М.Ампер.

т. 1, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ВАЙ РУКІ́ ПРА́ВІЛА,

мнеманічнае правіла для вызначэння напрамку Ампера сілы і магн. часткі Лорэнца сілы.

Паводле Л.р.п. левую далонь размяшчаюць так, каб выцягнутыя пальцы былі накіраваны ўздоўж вектара шчыльнасці току (ці скорасці дадатнага зараду), а сілавыя лініі магн поля ўваходзілі ў далонь, тады адагнуты вялікі палец пакажа напрамак сілы, якая дзейнічае на праваднік з токам (ці дадатна зараджаную часціцу).

Левай рукі правіла для сілы Лорэнца.

т. 9, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ІНДУ́КЦЫЯ,

вектарная велічыня, роўная напружанасці магнітнага поля, створанага макраскапічнымі (знешнімі ў адносінах да асяроддзя) і мікраскапічнымі (абумоўленымі часцінкамі асяроддзя) эл. токамі. Абазначаецца B. З’яўляецца асн. сілавой характарыстыкай магн. поля і вызначае сілу, што дзейнічае ў дадзеным пункце поля на эл. ток (гл. Ампера сіла) і рухомы эл. зарад (гл. Лорэнца сіла). Звязана з намагнічанасцю J і напружанасцю знешняга магн. поля H формуламі: B = μ0H + μ0J і B = μ0μH , дзе μ0 — магнітная пастаянная, μ — магнітная пранікальнасць рэчыва. Адзінка М.і. у СІтэсла.

т. 9, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГАРЭ́ЛАЎ (Аляксей Васілевіч) (н. 3.3.1919, г. Кароча Белгародскай вобл., Расія),

украінскі матэматык. Акад. Рас. АН (1976; чл.-кар. 1960) і АН Украіны (1961; чл.-кар. 1951). Скончыў Харкаўскі ун-т (1941) і Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя М.​Я.​Жукоўскага (1945). У 1947—60 у Харкаўскім ун-це, у 1959—60 заг. аддзела Ін-та матэматыкі АН УССР, з 1960 заг. аддзела Фіз.-тэхн. ін-та нізкіх т-р АН УССР (Харкаў). Навук. працы па асновах геаметрыі, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, пабудове поўнай тэорыі выпуклых паверхняў, даследаваннях выгінанняў паверхняў, стварэнні і выкарыстанні геам. метадаў пры вывучэнні дэфармацый тонкіх абалонак. Поўнасцю рашыў чацвёртую праблему Гільберта. Ленінская прэмія 1962. Дзярж. прэміі СССР 1950 і УССР 1973. Міжнар. прэмія імя М.​І.​Лабачэўскага АН СССР 1959.

Тв.:

Основания геометрии. 3 изд. М., 1968;

Четвертая проблема Гильберта. М., 1974;

Многомерная проблема Минковского. М., 1975;

Многомерное уравнение Монжа-Ампера... М. 1988.

Літ.:

А.​В.​Погорелов // Успехи мат. наук. 1999. Т. 54, вып. 4.

А.В.Пагарэлаў.

т. 11, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ЗМЕННЫЯ ПАСКАРА́ЛЬНІКІ,

устаноўкі для атрымання патокаў плазмы са скарасцямі руху ад 10 да 1000 км/с. У адрозненне ад паскаральнікаў зараджаных часціц у канале П.п. адначасова знаходзяцца часціцы розных знакаў і адсутнічаюць абмежаванні інтэнсіўнасці патокаў, абумоўленыя прасторавым зарадам. Паскарэнне іонаў адбываецца за кошт падведзенай энергіі і самаўзгодненага эл. поля, якое існуе ў аб’ёме плазмы.

П.п. падзяляюцца на імпульсныя (адначасова паскараецца фіксаваная маса рабочага рэчыва) і квазістацыянарныя (працэс паскарэння ажыццяўляецца неперарыўна); паводле механізмаў паскарэння адрозніваюць цеплавыя (плазма паскараецца за кошт цеплавой энергіі — за кошт перападу поўнага газакінетычнага ціску) і эл.-магн. (найб. пашыраныя; плазма паскараецца за кошт сілы Ампера). Паводле спосабу падвядзення энергіі бываюць радыяцыйныя, індукцыйныя і электродныя. П.п. з’явіліся ў сярэдзіне 1950-х г. як электрарэактыўныя плазменныя рухавікі і як інструмент для зандзіравання атмасферы. У 1980-я г. атрымалі развіццё двухступеньчатыя квазістацыянарныя П.п. з магн. экраніроўкай электродаў паскаральнага канала, якія працуюць у рэжыме іоннага токапераносу. П.п. выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі і тэхнікі (гл. Плазменная тэхналогія).

На Беларусі П.п. даследуюцца ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це.інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Плазменные ускорители и ионные инжекторы. М., 1984.

В.​М.​Асташынскі, Л.​Я.​Мінько.

т. 12, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)