Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АМО́РФНЫ СТАН (ад а... + грэч. morphē форма),
няўстойлівы стан цвёрдага рэчыва, характэрная асаблівасць якога — адсутнасць строгай паўтаральнасці структурных элементаў (неўпарадкаванасць размяшчэння атамаў і малекул) і натуральная ізатрапія яго фіз. уласцівасцяў. Аморфныя цвёрдыя целы павольна крышталізуюцца, не маюць пастаяннай т-ры плаўлення (пры павышэнні т-ры размякчаюцца). Уласцівы многім прыродным (бурштын, смолы) і штучным (плаўлены кварц, шкло, пластмасы і інш.) рэчывам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМАГЕ́ЛЬ,
аморфны высокасітаваты аксід алюмінію Al2O3. Хутка паглынае вільгаць, не раствараецца і не набракае ў вадзе і арган. растваральніках. Атрымліваецца абязводжваннем гідраксіду алюмінію. Адсарбент для сушкі газаў, ачысткі вады, асвятлення раствораў у цукр. вытв-сці; улоўнік растваральнікаў, каталізатар. Алюмагелем наз. таксама любы (у т. л. крышталічны) Al2O3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГЛЯРО́Д (лац. Carboneum),
C, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 6, ат. м. 12,011. Складаецца з 2 стабільных ізатопаў 12C (98,892%) і 13C (1,108%). Ізатопам 12C карыстаюцца для вызначэння атамнай адзінкі масы. У верхніх слаях атмасферы ўтвараецца радыеактыўны ізатоп 14C. У зямной кары ў выглядзе мінералаў і гаручых выкапняў знаходзіцца 2,3·10% вугляроду па масе, у атмасферы ў выглядзе вугляроду дыаксіду — 1,2·10−2%. Вельмі шмат вугляроду ў космасе; на Сонцы па распаўсюджанасці займае 4-е месца пасля вадароду, гелію, кіслароду. Злучэнні вугляроду — асн. састаўная частка тканак раслін і жывёл (гл.Біягены).
Існуюць 2 крышт. мадыфікацыі вугляроду (алмаз, графіт, 3-я — карбін — атрымана штучна) і аморфны (кокс, сажа, драўняны вугаль). Пры звычайных т-рах хімічна інертны, пры высокіх — рэагуе з многімі элементамі: з металамі і некаторымі неметаламі (напр., бор, крэмній) утварае карбіды. Аморфны вуглярод хімічна больш актыўны (моцны аднаўляльнік). Атамы вугляроду здольныя злучацца адзін з адным і ўтвараюць вял. колькасць злучэнняў, якія вывучае арганічная хімія.
Выкарыстоўваюць у вытв-сці алмазных інструментаў (гл. таксама Алмазная прамысловасць), вогнетрывалых матэрыялаў, эл.-тэхн. вырабаў, у ядз. тэхніцы, гумавай, паліграф., лакафарбавай прам-сці, металургіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХМЕ́ЦЬЕВА ПРА́ВІЛА,
раптоўны скачок т-ры ўверх на вызначаным участку цела ў халаднакроўных (пайкілатэрмных) жывёл пры рэзкім зніжэнні т-ры асяроддзя, а потым новае глыбокае яе падзенне. Правіла ўстанавіў у 1899 П.І.Бахмецьеў. Тэмпературны скачок прыпадае на момант замярзання тканкавай вадкасці, які суправаджаецца вылучэннем скрытай цеплыні плаўлення. За ім настае далейшае ахаладжэнне тканак, у выніку паступовае ахаладжэнне вядзе да ўтварэння крышт. лёду, які парушае структуру тканак; пры вельмі хуткім ахаладжэнні (100 °C за 1 с) узнікае аморфны лёд, які не парушае структуры тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМІ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,
сумесь прыродных арган. злучэнняў, найважнейшая састаўная частка гумусу, торфу (25—50%), бурых і каменных вуглёў (да 60%), глеб (да 10%).
Гумінавыя кіслоты — высокамалекулярныя аксікарбонавыя араматычныя к-ты, у сухім стане — аморфны цёмна-буры парашок. Элементны склад гумінавых кіслот: 50—70% вугляроду, 25—35% кіслароду, 4—6% вадароду. Утвараюцца пры біяхім. пераўтварэнні прадуктаў раскладання арган. рэшткаў у гумус (гуміфікацыя). Выкарыстоўваюць як кампанент раствораў для бурэння нафтавых і газавых свідравін, арганамінер. угнаенняў; як кіслотаўстойлівыя напаўняльнікі акумулятараў, стымулятары росту раслін; для паляпшэння структуры глебы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПА́Л (лац. opalus),
мінерал падкласа гідраксідаў, SiO2·nH2O. Мае 1—34% вады, 65—92% SiO2. Прымесі аксідаў Al, Fe, Mn, Mg і інш. Разнавіднасці: каштоўны апал, паўапал, гейзерыт, гідрафан і інш.Аморфны. Утварае нацечныя агрэгаты — ааліты, скарынкі, ныркападобныя масы. Бясколерны, белы, жоўты, буры, чырвоны, зялёны. Для паўпразрыстых рознасцяў характэрна апалесцэнцыя. Бляск шкляны, радзей перламутравы, васковы. Цв. 5—6,5; вельмі крохкі. Шчыльн. 1,9—2,3 г/см³. Асадкавы, гідратэрмальны. На Беларусі трапляецца ў выглядзе цэменту, шкарлупін дыятамей у мелавых адкладах (сцяжэнні) і інш. Каляровыя (з ірызацыяй) апал — вырабныя камяні. Высакародны апал (вогненны) — каштоўны камень. З апалу складаюцца дыятаміт, трэпел і апока — сыравіна для цэменту, напаўняльнікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРОЗАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬраслін,
здольнасць раслін пераносіць уздзеянне адмоўных т-р; адна з форм зімаўстойлівасці раслін. Абумоўліваецца структурна-функцыян. перабудовамі, якія перашкаджаюць замярзанню ўнутрыклетачнай вады і павышаюць устойлівасць клетак да моцнага абязводжвання і пашкоджанняў пазаклетачным лёдам: спыненне росту, назапашванне ў клетках вугляводаў, амінакіслот, алею, бялкоў, адцяканне вады ў міжклетнікі, пераход унутрыклетачнай вады ў аморфны стан і інш. Развіваецца кожны год у выніку асенняга загартоўвання раслін у некалькі этапаў пры паступовым паніжэнні т-ры. Залежыць ад віду, сорту, узросту, фізіял. стану раслін, пары года, глебава-кліматычных умоў, ураджайнасці і інш. У маладым узросце і ў перыяд летняй вегетацыі М. мінім., у насення і ў час зімовых маразоў — максімальная. Павышаюць М. штучным загартоўваннем раслін, вывядзеннем марозаўстойлівых сартоў, правільным іх раянаваннем, агратэхн. прыёмамі.