Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫ́ЦЫЙ (лац. Americium),
Am, штучны радыеактыўны хім. элемент, ат. н. 95, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае, штучна атрыманы 13, найб. устойлівы 243Am (перыяд распаду 7370 г.).
Адкрыта ў 1944 амер. вучонымі пры апрамяненні 239Pu нейтронамі. Серабрысты метал, шчыльн. 13,67∙103 кг/м³, tпл = 1173 °C. Выкарыстоўваецца ў нейтронных крыніцах, дэфектаскапіі, для атрымання больш цяжкіх элементаў (напр., плутонію, кюрыю). Высокатаксічны. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) ёсць на забруджаных тэр. Беларусі.
т. 1, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫНО́ІДЫ, актыніды,
сям’я з 14 хімічных радыеактыўных элементаў VII перыяду сістэмы элементаў з ат. н. 90—103: торый, пратактыній, уран, нептуній, плутоній, амерыцый, кюрый, берклій, каліфорній, эйнштэйній, фермій, мендзялевій, нобелій і лаўрэнсій. Уран, торый, менш пратактыній ёсць у прыродзе, астатнія актыноіды (наз. трансуранавыя элементы) атрыманы штучна ў выніку ядз. пераўтварэнняў. Вядучая роля ў сінтэзе і вывучэнні актыноідаў належыць Г.Сібаргу. Актыноіды — серабрыста-белыя металы высокай шчыльнасці (да 2∙104 кг/м³). Найб. легкаплаўкія нептуній і плутоній, tпл — 640 °C, астатнія плавяцца пры т-ры больш за 1000 °C. Актыноіды рэакцыйна-здольныя, у здробненым стане пірафорныя, лёгка рэагуюць з вадародам, кіслародам, азотам, серай, галагенамі, утвараюць комплексныя злучэнні. Блізкасць хім. уласцівасцяў актыноідаў паміж сабой і з лантаноідамі звязана з падабенствам канфігурацый вонкавых электронных абалонак іх атамаў. Практычна выкарыстоўваюцца торый, уран, плутоній; плутоній-238, кюрый-244 — у вытв-сці ядз. крыніц эл. току бартавых касм. сістэм. Некаторыя нукліды актыноідаў — у медыцыне, дэфектаскапіі, актывацыйным аналізе, нукліды урану-235, плутонію-239 — паліва ў ядз. энергетыцы, крыніца энергіі ў ядз. зброі. Актыноіды і іх злучэнні надзвычай таксічныя, што абумоўлена іх радыеактыўнасцю.
Літ.:
Сиборг Г.Т., Кац Дж.Д. Химия актинидных элементов: Пер. с англ. М., 1960;
Келлер К. Химия трансурановых элементов: Пер. с англ. М., 1976;
Лебедев Н.А., Мясоедов Б.Ф. Последние достижения в аналитической химии трансурановых элементов // Радиохимия. 1982. Т. 24, вып. 6.
т. 1, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)