ГЕКСАГЕ́Н,

цыклатрыметылентрынітрамін, высокабрызантнае выбуховае рэчыва C3H6N6O6. Бясколерны крышт. парашок, tпл 204,5—205 °C (з раскладаннем), шчыльн. 1816 кг/м³. Водаўстойлівы. Цеплата выбуху 5440 кДж/кг, скорасць дэтанацыі каля 8,4 км/с, т-ра ўзгарання каля 230 °C. Атрымліваюць уздзеяннем на уратрапін (гексаметылентэтрамін) канцэнтраванай азотнай к-ты. Выкарыстоўваюць для начынкі боепрыпасаў як кампанент прамысл. выбуховых рэчываў (скальны аманіт, тэрмаўстойлівыя выбуховыя рэчывы).

т. 5, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАНІ́ТЫ,

сумесевыя выбуховыя рэчывы брызантнага дзеяння, у састаў якіх як акісляльнік уваходзіць аміячная салетра NH4NO3. Паводле тыпу гаручага кампанента падзяляюцца на ўласна аманіты — сумесі NH4NO3 з выбуховымі нітразлучэннямі (трынітраталуол, дынітранафталін і інш.) і дынамоны — сумесі з невыбуховым гаручым (торфам, драўніннай мукой, тэхн. маслам, парашком металаў). Біпарныя сумесі NH4NO3 з трынітраталуолам наз. аматоламі, аманіты з дамешкамі алюмінію — аманаламі. У якасці сенсібілізатараў дэтанацыі ўводзяць магутныя выбуховыя рэчывы (нітрагліцэрын, гексаген і інш.), для надання водаўстойлівасці і стабільнасці — спец. дабаўкі (мел, даламіт, крухмал, стэараты некаторых металаў). Выпускаюцца ў выглядзе парашкоў і гранул. Асобная група — воданапоўненыя аманіты, змяшчаюць насычаны водны раствор NH4NO3, які ператвараецца ў гель (акватолы, акваніты). Аманіты малаадчувальныя да мех. уздзеянняў, адносна бяспечныя пры вытв-сці, захоўванні і выкарыстанні.

Аманіт.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМЕ́ЙКА (Ігнат Іпалітавіч) (31.7.1802, маёнтак Мядзведка, Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. — 23.1.1889),

геолаг, мінералог, даследчык Чылі. Скончыў Віленскі ун-т (1822). Удзельнік паўстання 1830—31. З 1832 у Парыжы, дзе скончыў Горную школу (1836). З 1838 у Чылі, арганізаваў вывучэнне геалогіі і мінералогіі Андаў, пустыні Атакама і аўтаномнай прав. Араўканіі на Пд Чылі; заснаваў метэаралагічную службу; стварыў этнагр. музей, Горную школу ў г. Какімба (з 1838 праф.); адкрыў медныя і сярэбраныя капальні, арганізаваў золатаздабычу і здабычу салетры; увёў метрычную сістэму вагі і мер; напісаў падручнікі па мінералогіі і метэаралогіі. У 1866—83 абраны рэктарам ун-та ў Сант’яга. У 1884 наведаў радзіму (Мядзведка, Мір, Крошын). Чылійскі ўрад абвясціў Д. нац. героем. Яго імем названы: мінерал дамейкіт, выкапнёвы слімак, фіялка, аманіт чылійскі; горад у Араўканіі на Пд, рабочы пасёлак паблізу порта Антафагаста на Пн Чылі, хрыбет у Андах (Кардыльера-Д.); ун-т і нац. б-ка ў Сант’яга. У яго гонар выбіты медаль і пастаўлены помнік у Сант’яга. У б. фальварку Д. (в. Заполле Лідскага р-на) адкрыты музей.

Тв.:

Moje podróze: Pamiętniki wygnańca. T. 1—-3. Wrocław etc., 1962—63.

Літ.:

Мальдзіс A Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969.;

Szwejcerowa A. Jgnacy Domeyko. Warszawa, 1975;

Wójcik Z. Jgnacy Domeyko. Warszawa;

Wroclaw, 1995.

В.А.Ярмоленка.

І.І.Дамейка.

т. 6, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)