Алюміній 1/279; 2/402; 3/307; 4/315; 5/286; 8/415 (табл.), 526
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЙ (лац. Aluminium),
Al, хімічны элемент III групы перыядычнай сістэмы Мендзялеева, ат. н. 13, ат. м. 26,98. Прыродны алюміній складаецца з аднаго стабільнага ізатопа 27Al (100%). У літасферы алюміній складае 8,8% па масе (першае месца сярод металаў). Атрыманы ў 1825 дацкім вучоным Х.К.Эрстэдам. Галоўныя носьбіты алюмінію — алюмасілікаты, асн. крыніцы атрымання — баксіты, алуніты, нефелін-апатытавыя руды.
Лёгкі серабрыста-белы метал, добра праводзіць цеплыню і электрычнасць, пластычны, шчыльн. 2,7∙103 кг/м³, tпл 660 °C. Хім. актыўны: на паверхні стварае ахоўную аксідную плёнку, аднаўляе металы і неметалы з іх аксідаў, узаемадзейнічае з галагенамі, пры высокіх т-рах з азотам, вугляродам і серай. На алюміній не дзейнічаюць разбаўленыя і моцныя азотная, саляная і серная к-ты. Алюміній з шчолачамі ўтварае алюмінаты. Прамысловы спосаб атрымання заснаваны на электролізе раствору гліназёму (Al2O3) у расплаўленым крыяліце (Na3AlF6) пры t 950 °C. Выкарыстоўваецца ў авіяцыі, буд-ве (канструкцыйны матэрыял), электратэхніцы, металургіі (гл. Алюмінатэрмія), хім. і харч. прам-сці (тара, упакоўкі), вытв-сці выбуховых рэчываў (аманал, алюматол). Як мікраэлемент уваходзіць у склад тканак жывых арганізмаў і раслін; лішак алюмінію шкодны, акумулюецца ў печані, падстраўнікавай і шчытападобнай залозах.
т. 1, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮРА́ЛЬ, дзюралюміній (ад назвы ням. г. Дзюрэн, дзе распачалі прамысл. вытв-сць сплаву + алюміній),
гл. Дуралюмін.
т. 6, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬФО́ЛЬ, алюмініевая фольга,
тонкі (0,005—0,2 мм) ліставы ці рулонны алюміній. Выкарыстоўваецца пры вытв-сці кандэнсатараў, для цепла-, гідра- і гукаізаляцыі, як упаковачны матэрыял. Гл. таксама Фольга.
т. 1, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁГКІЯ МЕТА́ЛЫ,
металы з малой шчыльнасцю (да 4500 кг/м³): літый, берылій, натрый, магній, алюміній, калій, кальцый, тытан, рубідый, стронцый, цэзій, барый. Выкарыстоўваюць для атрымання лёгкіх сплаваў, легіравання інш. сплаваў.
т. 9, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАНА́ЛЫ,
група выбуховых рэчываў; разнавіднасць аманітаў. Асн. кампаненты: аміячная салетра, нітразлучэнні, дысперсны алюміній, які рэзка павышае энергію выбуху і фугаснае дзеянне. Выкарыстоўваюцца для ўзрывання парод павышанай трываласці ў вільготных і абводненых свідравінах.
т. 1, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛУМІ́Н (ад лац. Silicium крэмній + Aluminium алюміній),
група лёгкіх ліцейных сплаваў алюмінію (аснова) з крэмніем (3—13%, да 26%) і некаторымі інш. элементамі (медзь, марганец, магній, цынк, тытан, берылій). Выкарыстоўваецца ў аўта-, авія- і суднабудаванні, а таксама для стварэння скульптуры.
т. 14, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛЮ́ДЫ,
група пародаўтваральных мінералаў падкласа слаістых сілікатаў. Хім. састаў зменлівы, агульная формула XY2−3 Z(AL)0−2 Z(Si)2−4 O10(OH, F)2, дзе X — калій, натрый, кальцый; Y — алюміній, магній, жалеза (Fe2+), марганец, хром, літый, тытан, Z — крэмній, алюміній, жалеза (Fe3+), тытан (гл. Сілікаты прыродныя). Паводле саставу адрозніваюць С. магнезіяльна-жалезістыя (біятыт, лепідамілан, флагапіт), алюмініевыя (мускавіт, параганіт) і літыевыя (лепідаліт, цынвальдыт). Крышталізуюцца ў манакліннай сінганіі.
Утвараюць крышталі таблітчастыя, ліставатыя і лускаватыя масы. Афарбоўка светлая, бясколерная, з фіялетавымі, зялёнымі, бурымі адценнямі да чорнай. У тонкіх пласцінках празрыстыя. Цв. 2—4,5. Шчыльн. 2,3—3,3 г/см³. С. характэрны вельмі дасканалая спайнасць, высокія электра-, цепла- і гукаізаляцыйныя ўласцівасці. Паходжанне магматычнае, пегматытавае, метамарфічнае, метасаматычнае і інш. Пры выветрыванні ператвараюцца ў гідраслюды, потым у каалін і хларыты. Выкарыстоўваюцца ў электра-, радыё- і авіяпрамысловасці; літыевыя С. — руда на літый, часам рубідый і цэзій. Радовішчы ў Расіі, Індыі, ЗША, Канадзе, Бразіліі і інш.
т. 15, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІІГА́ТА,
горад у Японіі, у цэнтр. ч. в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Ніігата. Каля 500 тыс. ж. (1998). Порт на Японскім м., у вусці р. Сінана. Вузел чыгунак. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: нафтаперапр., нафтахім., металургічная (ферасплавы, алюміній), электра- і трансп. машынабудаванне, тэкст., лесапільная, папяровая, цэментная. ЦЭС, АЭС. Ун-т. Аранжарэі.
т. 11, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІЯ́ЛЬ,
авіяцыйны алюміній, сплаў на аснове алюмінію. Мае ў сабе (у %) 0,45—0,9 магнію, 0,5—1,2 крэмнію, 0,2—0,6 медзі, 0,15—0,35 марганцу ці хрому. Высокапластычны, каразійнаўстойлівы, здавальняючай мех. трываласці (павышаецца гартаваннем і штучным старэннем), добра паліруецца. Ідзе на выраб складаных па форме прасаваных і штампаваных дэталяў (лопасцяў вінтоў верталётаў, элементаў буд. канструкцый і інш.).
т. 1, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)