АЛЮМАГЕ́ЛЬ,

аморфны высокасітаваты аксід алюмінію Al2O3. Хутка паглынае вільгаць, не раствараецца і не набракае ў вадзе і арган. растваральніках. Атрымліваецца абязводжваннем гідраксіду алюмінію. Адсарбент для сушкі газаў, ачысткі вады, асвятлення раствораў у цукр. вытв-сці; улоўнік растваральнікаў, каталізатар. Алюмагелем наз. таксама любы (у т. л. крышталічны) Al2O3.

т. 1, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДСАРБЕ́НТЫ,

штучныя і прыродныя матэрыялы з развітой паверхняй, на якой адбываецца адсорбцыя рэчываў. Уласцівасці адсарбентаў залежаць ад хім. саставу, фіз. стану паверхні, характару сітавін і ўдз. паверхні. Адсарбенты бываюць несітаватыя і сітаватыя.

Несітаватыя адсарбенты (молатыя крышталі, часцінкі дыму, сажа, аэрасіл) з удз. паверхняй ад 1 да 500 м²/г атрымліваюць тэрмічным раскладаннем ці няпоўным згараннем вуглевадародаў, пры спальванні элементаарган. ці галагенных злучэнняў. Сітаватыя адсарбенты (сілікагель, алюмагель, актыўны вугаль), удз. паверхня якіх дасягае 1000 м²/г, атрымліваюць хім. спосабамі апрацоўкі зыходных матэрыялаў, высушваннем геляў, сінтэзам сітаватых крышталёў тыпу цэалітаў ці тэрмічным раскладаннем карбанатаў, аксалатаў, гідраксідаў металаў, некаторых палімераў. Гл. таксама Адсорбер, Храматаграфія.

т. 1, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛІ

(ад лац. gelo застываю),

дысперсныя сістэмы з вадкім дысперсійным асяроддзем, у якіх часцінкі дысперснай фазы ўтвараюць прасторавую структуру (сетку). Маюць некат. ўласцівасці цвёрдых целаў: здольнасць захоўваць форму, пругкасць, пластычнасць.

Тыповыя гелі ў выглядзе студзяністых асадкаў (каагеляў) утвараюцца з золяў пры іх каагуляцыі ці пры вылучэнні новай дысперснай фазы з перанасычаных раствораў. Ацвярдзенне золяў ва ўсім аб’ёме першапачаткова вадкай сістэмы без парушэння яе макрааднароднасці дае т.зв. ліагелі. Для іх характэрна тыксатрапія — здольнасць у ізатэрмічных умовах самаадвольна аднаўляць структуру, разбураную мех. уздзеяннем. Гелі з водным дысперсійным асяроддзем наз. гідрагелямі, з вуглевадародным — арганагелямі. Высушваннем ліагелей атрымліваюць аэрагелі, ці ксерагелі, — крохкія мікрасітавінныя целы (напр., алюмагель і сілікагель). У хіміі і тэхналогіі палімераў гелямі наз. няплаўкія і нерастваральныя прадукты полікандэнсацыі і полімерызацыі. Гл. таксама Студзяні.

т. 5, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМІ́НІЮ АКСІ́Д,

гліназём, хімічнае злучэнне алюмінію з кіслародам, Al2O3. Існуе ў крышт. мадыфікацыях, з якіх устойлівыя α-форма (tпл 2053 °C) і γ-форма (вышэй за 900 °C неабарачальна ператвараецца ў α-форму), і ў аморфным стане (гл. Алюмагель). У прыродзе α-Al2O3 — мінерал карунд і яго афарбаваныя разнавіднасці рубін, сапфір і інш. У вадзе нерастваральны, амфатэрны. α-форма хімічна больш актыўная, гіграскапічная. Атрымліваюць: α-Al2O3 перапрацоўкай баксітаў, штучны карунд (алунд) плаўкай баксітаў з вугалем, монакрышталі зоннай плаўкай; γ-Al2O3 награваннем гідраксіду ці соляў алюмінію да 600—900 °C. Выкарыстоўваюць:α-Al2O3 у вытв-сці алюмінію; алунд у эл.-тэхн. кераміцы, вогнетрывалых матэрыялах для металургічных і эл. печаў; карунд — абразіўны матэрыял; монакрышталі — рабочыя целы для лазераў, апорныя камяні дакладных і гадзіннікавых механізмаў, ювелірныя камяні; ніткападобныя крышталі — для арміравання металаў (Al, Ag); γ-Al2O3 — адсарбент у храматаграфіі, каталізатар, носьбіт каталізатараў.

т. 1, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМІ́НІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць алюміній, пераважна ў ступені акіслення + 3. Бясколерныя, белыя ці шэрыя цвёрдыя рэчывы. Найб. пашыраны алюмінію злучэнні з кіслародам (крышт. алюмінію аксід і аморфны алюмагель, гідраксід алюмінію), солі алюмінію з моцнымі кіслотамі (нітрат, сульфат, галагеніды, фасфаты), комплексныя солі алюмінію (алюмініевы галын, алюмасілікаты), солі алюмініевых кіслот (алюмінаты), алюмінійарган. злучэнні (гл. ў арт. Металаарганічныя злучэнні), нітрыд і гідрыд алюмінію, алюмінію злучэнні з некаторымі больш электрададатнымі, чым алюміній, металамі, напр. арсенід алюмінію.

Алюмінію гідраксід (Al(OH)3] сустракаецца ў прыродзе ў выглядзе мінералаў — састаўная частка баксітаў, існуе ў трох крышт. і аморфнай мадыфікацыях; не раствараецца ў вадзе, спіртах; амфатэрны, з кіслотамі ўтварае солі, са шчолачамі алюмінаты. Атрымліваюць гідролізам алюмасілікатаў у шчолачным асяроддзі, аморфны — асаджэннем з раствораў соляў алюмінію аміякам. Выкарыстоўваюць для вытв-сці аксіду алюмінію і алюмагелю, як адсарбцыйны сродак у медыцыне. Алюмінію сульфат [Al2(SO4)3], т-ра раскладання больш за 770 °C, раствараецца ў вадзе. Атрымліваецца ўзаемадзеяннем кааліну ці баксіту з сернай кіслатой. Выкарыстоўваюць у вытв-сці алюмініевага галыну, для праклейвання паперы, асвятлення і пазбаўлення колеру вады, як пратраву пры фарбаванні тканін. Алюмінію фтарыд (AlF3), т-ра ўзгонкі 1279 °C, раствараецца ў вадзе, утварае крышталегідраты. Кампанент электраліту ў вытв-сці алюмінію, таксама флюсаў, эмаляў, керамікі. Алюмінію хларыд (AlCl3), дыміць на паветры, т-ра ўзгонкі 180 °C, tпл 192,5 °C, у вадзе гідралізуецца. Атрымліваецца хларыраваннем кааліну, баксіту ці гліназёму. Каталізатар крэкінгу нафты, у рэакцыях алкіліравання. Алюмінію нітрыд (AlN), т-ра раскладання ~2000 °C, дыэлектрык, устойлівы да дзеяння кіслот і шчолачаў пры t 20 °C. Атрымліваюць узаемадзеяннем азоту з алюмініем пры t 1000 °C ці аднаўленнем аксіду алюмінію. Выкарыстоўваецца як вогнетрывалы матэрыял для тыгляў, футровак электролізных ваннаў, для нанясення каразійна- і зносаўстойлівых пакрыццяў на сталь, графіт і інш. Алюмінію гідрыд (AlH3), т-ра раскладання 105 °C, існуе ў палімерным стане. Выкарыстоўваецца як кампанент цвёрдага ракетнага паліва, аднаўляльнік у арган. Сінтэзе. Алюмінію арсенід (AlAs), т-ра плаўлення 1740 °C, кампанент паўправадніковых цвёрдых раствораў для лазераў, фотадыёдаў, сонечных батарэй.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 1, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)