Алюзія 1/278; 10/573

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮ́ЗІЯ (ад лац. allusio жарт, намёк),

адна з стылістычных фігур, намёк на агульнавядомы паліт., гіст. або літаратурны факт. Напр., П.​Панчанка ў радках верша «Паэзія» («Кажуць, непатрэбшчына — // Рыфмы нават геніяў. // А што рабіць з трэшчынай? // Помніце? Гейнэ») апелюе да вобразнага выказвання Г.​Гейне, што ўсе трэшчыны свету праходзяць праз сэрца паэта. Злоўжыванне алюзіяй можа прывесці да своеасаблівай зашыфраванасці сэнсу твора.

т. 1, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІСТЫЛІ́СТЫКА (ад палі... + стыль),

у музыцы, наўмыснае спалучэнне ў адным творы несумяшчальных (рознасных) стылістычных элементаў. Асн. формы П.: цытата (тэмы з твораў П.​Чайкоўскага, В.​Беліні ў «Ганне Карэнінай» Р.​Шчадрына), псеўдацытата (ілюзія «Марша энтузіястаў» І.​Дунаеўскага ў 1-й сімф. А.​Шнітке), алюзія (намёк; інтанацыі М.​Глінкі ў фінале сімф. №15 Дз.​Шастаковіча), тэхніка адаптацыі («Пульчынела» на тэмы Дж.​Б.​Пергалезі І.​Стравінскага, «Куранты» паводле ананімнага сшытка 18 ст. В.​Капыцько). Характэрнай з’явай П. з’яўляецца калаж (Скерца з сімф. для 8 галасоў з арк. Л.​Берыо, 9-я сімф. Дз.​Смольскага). Да П. не адносяцца: чужая тэма ў варыяцыях (напр., Варыяцыі А.​Лядава на тэму М.​Глінкі), выкарыстанне нар. мелодыі (тэма «У полі бярозка стаяла» ў фінале 4-й сімф. П.​Чайкоўскага), ці імітацыя яе стылю (хор пасялян з оперы «Князь Ігар» А.​Барадзіна), інструментоўка твораў інш. кампазітараў, некат. віды цытат (мелодыя А.​Грэтры ў оперы «Пікавая дама» Чайкоўскага), нявытрыманасць стылю.

Літ.:

Лобанова М.Н. Музыкальный стиль и жанр: История и современность. М., 1990.

В.​С.​Клакоцкая.

т. 12, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛЬНЯ́К (сапр. Вогаў) Барыс Андрэевіч

(11.10.1894, г. Мажайск Маскоўскай вобл., Расія —21.4.1938),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі камерцыйны ін-т (1920). Друкаваўся з 1915. У рамане «Голы год» (1921), аповесцях «Іван-ды-Мар’я» (1922), «Чырвонае дрэва» (апубл. за мяжой 1929, у Расіі 1989), зб. апавяданняў «Расплюханы час» (1927) і інш. паказ, часам натуралістычны, побыту рэв. эпохі. Алюзія на таемныя абставіны гібелі М.​В.​Фрунзе ў псіхал. «Аповесці непагашанай поўні» (апубл. за мяжой 1926, у Расіі 1987, экранізавана). Роздум пра лёс Расіі, яе гіст. шлях у «Аповесці пецярбургскай» (1922), аповесці «Маці-мачаха» («Трэцяя сталіца», 1923). Аўтар «вытворчага» рамана «Волга ўпадае ў Каспійскае мора» (1930), рамана «Саляны свіран» (нап. 1937, апубл. 1964), «Аповесці пра чорны хлеб» (1923), «Кітайскай аповесці» (1927), кніг нарысаў «Карані японскага сонца» (1927), «О’кэй» (1933) і інш. Проза П. адметная пошукамі новых форм: арнаментальны стыль, фрагментарна-мазаічная кампазіцыя, рытмічныя і сінтакс. паўторы і інш. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна. На бел. мову яго апавяданне «Наследнікі» пераклаў Я.​Скрыган.

Тв.:

Целая жизнь: Избр. проза. Мн., 1988;

Заштат: Избр. проза. Нижний Новгород, 1991;

Романы. М., 1990;

Повести и рассказы, 1915—1929. М., 1991.

А.​В.​Спрынчан.

т. 12, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)