Альтруізм 1/275; 11/404

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТРУІ́ЗМ (франц. altruisme ад лац. alter іншы),

бескарыслівыя клопаты пра шчасце і дабрабыт інш. людзей, гатоўнасць ахвяраваць асабістымі інтарэсамі. Тэрмін увёў у 1830-я г. франц. філосаф А.​Конт, які звязваў маральнае ўдасканаленне чалавека з выхаваннем у людзей пачуцця альтруізму, проціпастаўляючы яго эгаізму. Асобныя ідэі альтруізму развіваліся ў раннім хрысціянстве, у вучэнні Францыска Асізскага (сярэднявечча), у новы час — асветнікамі (І.​Гердэр, А.​Шэфтсберы, Д.​Юм, А.​Сміт, Ж.​Ж.​Русо, І.​В.​Гётэ і інш.). Канкрэтныя формы альтруізму — міласэрнасць, дабрачыннасць, філантропія і інш.

т. 1, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНКЕ́ВІЧ Мікалай Уладзіміравіч (9.10.1813, с. Удзярэўка Варонежскай вобл., Расія — 7.7.1840),

расійскі грамадскі дзеяч, філосаф, паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1834). З 1831 узначальваў у Маскве літ.-філас. Гурток. З 1837 лячыўся за мяжой ад сухотаў, памёр у Італіі. Філас. погляды С. — разнавіднасць аб’ектыўнага ідэалізму. Пытанні этыкі лічыў ключавымі для вырашэння сац. праблем. Гал. прынцыпы этыкі С. — ідэя кахання як гал. пачуцця прыроды і альтруізм. Выступаў супраць прыгонніцтва, заклікаў да маральнага ўдасканалення і асв. дзейнасці, у чым бачыў гал. сілу гіст. прагрэсу. У вершах выказваў свае грамадска-паліт. і этычныя погляды. Спрыяў адкрыццю таленту паэта А.​В.​Кальцова, паўплываў на В.​Р.​Бялінскага, Ц.​М.​Граноўскага, І.​С.​Тургенева і інш.

Літ.:

Манн Ю. В кружке Станкевича. М., 1983.

т. 15, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРВІНІ́ЗМ САЦЫЯ́ЛЬНЫ,

тэарэтычная плынь у грамадазнаўстве канца 19 — сярэдзіны 20 ст., якая імкнулася прычыны і кірункі грамадскага развіцця тлумачыць заканамернасцямі біял. эвалюцыі, прынцыпы прыроднага адбору, барацьбы за існаванне і выжыванне пераносіць на жыццё грамадства і чалавечых супольнасцей. Заснавальнік Д.с. англ. сацыёлаг Г.Спенсер. У межах Д.с. склаліся розныя кірункі. Прадстаўнікі антрапалагічнай школы ў сацыялогіі (Х.​Чэмберлен, Ж.​Лапуж, О.​Аман) прынцыпы барацьбы за існаванне пераносілі непасрэдна на ўзаемаадносіны паміж сац. групамі, народамі, дзяржавамі. Польска-аўстр. сацыёлаг Л.​Гумплавіч тлумачыў сац. з’явы з пазіцый натуралізму, а ўзаемаадносіны паміж сац. групамі трактаваў як бязлітасную барацьбу, якая вызначае не толькі сац. канфлікты, але і сац. жыццё ў цэлым. Г.​Ратцэнгофер, У.​Самнер, У.​Беджгат лічылі, што барацьба паміж расавымі, этн. і культ. групамі абумоўлена сутыкненнем інтарэсаў, якія з’яўляюцца ўвасабленнем біял. імкненняў. Прадстаўнікі сацыябіялогіі (Э.​Уілсан, Р.​Александэр, Р.​Трыверс і інш.) выступаюць за новы сінтэз біял. і сац. навук, сцвярджаюць, што сфармуляваныя імі прынцыпы паводзін жывёл неабходна пашырыць на жыццё грамадства, бо гэта дасць магчымасць зразумець біял. асновы зыходных формаў чалавечых паводзін (сямейныя адносіны, сац. зносіны, сац. няроўнасць, агрэсія, альтруізм і інш.).

Я.​М.​Бабосаў.

т. 6, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)