Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫСО́ЎСКІ (Вадзім Васілевіч) (19.1.1900, Масква — 2.8.1972),
рускі альтыст, выканаўца на віёль д’амур, педагог. Нар. арт. Расіі (1965). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1922), з 1935 яе прафесар. Адзін са стваральнікаў сав. альтовай школы. Арганізатар і ўдзельнік Квартэта імя Л.Бетховена (1923—66). Першы выканаўца многіх твораў для альта сучасных кампазітараў, а таксама адноўленай ім незакончанай санаты для альта і фп. М.Глінкі. Аўтар апрацовак і транскрыпцый твораў для альта, віёль д’амур і інш. інструментаў.
т. 2, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ТНІКАЎ (Валерый Іванавіч) (н. 27.1.1940, в. Місяш Чэбаркульскага р-на Чэлябінскай вобл., Расія),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1970, клас П.Падкавырава). З 1970 выкладчык Магілёўскага, з 1976 Маладзечанскага муз. вучылішчаў, з 1989 — муз. каледжа пры Бел. акадэміі музыкі. Працуе пераважна ў камерна-інстр. жанрах і музыкі для дзяцей. Сярод твораў: вак.-інстр. лірычная паэма «Флейтыст» на вершы Э.Агняцвет (для сапрана і інстр. квінтэта, 1996); сімфонія (1970); канцэрты для фп. з арк. (1978, 1993); п’есы для фп.; 4 трыо для скрыпкі, віяланчэлі і фп.; санаты, у т. л. для альта, для альта і фп., для 2 скрыпак і фп.; стр. (1977, 2-я рэд. 1991) і фп. (1996, 1997) квартэты; варыяцыі на тэму «З Полацкага сшытка» для скрыпкі, альта і фп. (1992); рамансы, песні на словы бел. паэтаў. Рэдактар і складальнік (разам з В.Дабравольскай) зб. твораў бел. харавой музыкі ў 2 т. (т. 1, 1998).
Р.М.Аладава.
т. 8, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАШМЕ́Т (Юрый Абрамавіч) (н. 24.1.1953, г. Растоў-на-Доне),
расійскі альтыст, дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1989). Нар. арг. СССР (1991). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1976), выкладае ў ёй. З 1978 саліст Маскоўскай філармоніі, з 1986 маст. кіраўнік Дзярж. камернага аркестра «Салісты Масквы». Выступае ў ансамблі з С.Рыхтэрам, У.Співаковым, У.Траццяковым, А.Любімавым, Г.Крэмерам і інш. Першы выканаўца прысвечаных яму канцэртаў для альта з арк. (у т. л. А.Шнітке), санат для альта сучасных кампазітараў, у рэпертуары таксама творы муз. класікі. Лаўрэат міжнар. конкурсаў у Будапешце (1975), Мюнхене (1976). Дзярж. прэміі СССР 1986, Расіі 1996.
т. 2, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТРА́ДА (італьян. intrada літар. уступ),
невялікая інструментальная п’еса, якая выконвае функцыю ўступу да розных цырымоній ці да муз. твора. Найб. пашырана ў 16—18 ст. Тыповыя рысы: маршавы рытм, фанфарны характар мелодыкі, выкарыстанне медных духавых інструментаў. Часам замяняла уверцюру ў муз.-сцэн. спектаклях. Уваходзіць у інстр. цыкл (пераважна сюіту), часта як уступленне («Серэнада» для фп., скрыпкі і альта Л.Бетховена). У 20 ст. І. адраджаецца з узмацненнем цікавасці да старадаўніх жанраў («Чатыры нарвежскія ўражанні» І.Стравінскага).
т. 7, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЛА́ЎСКІ (Яўген Уладзіміравіч) (н. 20.9.1959, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1986, клас І.Лучанка, Дз.Смольскага). Адзін з арганізатараў і дырэктар (1992—96) нац. тэатр.-канцэртнага аб’яднання «Беларуская капэла», з 1996 муз. рэдактар Бел. ін-та праблем культуры. У творчасці звяртаецца да сучасных тэхнік кампазіцыі, яго музыка вылучаецца вытанчанасцю гучання. Асн. творы: кантаты «Бацькаўшчына» на вершы Н.Гілевіча, Л.Геніюш (1985), «Званы маёй Русі» на вершы А.Фета, М.Рубцова (1986); сімф. паэма «Quo vadis?» (1985), сімфонія «Lux aeterna» памяці Ф.Скарыны і эскізы «Поразава» (1991) для сімф. арк.; «Музыка для альта і камернага аркестра памяці Станіслава Глякоўскага» (1987), «Dea Luna» (1996), «Барбара Радзівіл» (1999), камерны балет «Людзі святла месяца» (1995); камерна-інстр. — Саната для альта і фп. (1984), «Навела» для гітары і стр. квартэта з керамічнымі званочкамі (1991); канцэрт «Мой ціхі дом» на вершы Я.Купалы, Я.Коласа, Геніюш (1987), цыклы «Пагода ўжо позняй восені» на вершы Л.Стафа (1998), «Супрасльскай мадонне» на тэксты з Супрасльскага ірмалагіёна (1999) для хору, вак. цыклы на вершы А.Гаруна, М.Багдановіча; электронныя творы «Карозія часу», «Лунаючы ў прасторы». Лаўрэат Рэсп. конкурсу, прысвечанага 500-годдзю з дня нараджэння Скарыны (1991), міжнар. конкурсу «Йіглава—2000» (Прага).
Р.М.Аладава.
т. 12, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1068—69,
выступленне жыхароў Кіева супраць вял. кіеўскага князя Ізяслава Яраславіча. Пачалося ў вер. 1068 у выніку адмовы Ізяслава ўзброіць воінаў гар. дружыны (рамеснікаў і гандляроў) пасля разгрому полаўцамі на р. Альта аб’яднанага войска князёў Яраславічаў. Паўстанцы вызвалілі палоннага полацкага князя Усяслава Брачыславіча і абвясцілі яго вял. кіеўскім князем. Ізяслаў Яраславіч уцёк у Польшчу, яго браты чарнігаўскі і пераяслаўскі князі Святаслаў і Усевалад прызналі ўладу Усяслава Брачыславіча. Паўстанне задушана вясной 1069 Ізяславам з дапамогаю войска яго сваяка польск. караля Баляслава II Смелага; Усяслаў Брачыславіч уцёк у Полацк.
т. 8, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЬЧУ́К (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 8.7.1958, Мінск),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах баяна (1982) і кампазіцыі (1992, клас Дз. Смольскага). Працуе ў розных жанрах.
Муз. мова твораў абапіраецца на асаблівасці стылю сучаснай музыкі. Сярод твораў: кантата «Успамін» (1991); сімфоніі (1994, 1997, для сімф. арк. і саліруючага трамбона); «Сумны канцэрт» для флейты з сімф. арк. (1992); канцэрты для кантрабаса (1990), для альта (1996), для баяна і віяланчэлі (1998) і камернага арк.; камерна-інстр. ( у т. л. саната для трамбона і фп., 1991) і вак. (у т. л. «Musica Doloroso» для барытона і камернага ансамбля, 1993) творы.
т. 8, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЧЭ́ЛІ (Георгій) (Гія) Аляксандравіч (н. 10.8.1935, Тбілісі),
грузінскі кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Грузіі (1972). Нар. арт. СССР (1988). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1963), з 1970 выкладае ў ёй. Працуе пераважна ў сімф. і опернай музыцы. Сярод твораў: опера «Музыка для жывых» (паст. 1984); муз. камедыя «Хітрыкі Ханумы» (паст. 1973); кантата «Светлы смутак» (1985); 7 сімфоній (1967—86); літургія «Аплаканыя ветрам» для вял. сімф. аркестра і альта сола (1988); музыка для эстр. аркестра, да драм. спектакляў і кінафільмаў, у т. л. «Не бядуй», «Міміно». Дзярж. прэмія СССР 1976. Дзярж. прэмія Грузіі 1981.
Літ.:
Зейфас Н. Симфонии Гии Канчели // Композиторы союзных республик. М., 1980. Вып. 3.
т. 8, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭРД ((Baird) Тадэвуш) (26.7.1928, г. Гродзіск-Мазавецкі, Польшча — 2.9.1981),
польскі кампазітар, прадстаўнік польскага авангардызму. Чл. АМ ГДР (1979). Праф. (1977). Вучыўся ў Дзярж. вышэйшай муз. школе ў Варшаве (1947—51), Варшаўскім ун-це (1948—50). У 1949 засн. (з К.Сяроцкім і Я.Крэнцам) творчую суполку «Група-49». Творчую дзейнасць пачынаў пад уплывам неакласіцызму. З 1956 новую кампазіцыйную тэхніку (серыйная тэхніка, санорыка, пуантылізм) спалучаў з традыцыйнай. Сярод тв.: опера «Заўтра» (муз. драма, 1966); З сімфоніі (1950, 1952, 1969); канцэрты з арк., у т. л. «Журботны» для альта (1975); «Эротыка» для сапрана і арк.; «Эцюд» для «вакальнага арк.», ударных і фп.; Варыяцыі без тэмы; камерна-інстр. і вак. творы. Адзін з заснавальнікаў міжнар. муз. фестываляў «Варшаўская восень» (з 1956). Дзярж. прэміі Польшчы 1951, 1964, 1970.
Н.К.Мазоўка.
т. 3, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)