АЛЬТ (італьян. alto ад лац. altus высокі),
1) нізкі жаночы ці дзіцячы голас у хоры; 2-я па вышыні партыя ў харавой партытуры. Да 18 ст. назва высокага тэнара.
2) Муз. інструмент класа хардафонаў тыпу смыковых. Мае тую ж канструкцыю, што і скрыпка, але большых памераў, густы, насычаны гук, строй квінтай ніжэй. Мяркуюць, створаны на мяжы 15—16 ст. На Беларусі вядомы з 18 ст., выкарыстоўваўся ў ансамблях і з аркестрам; нар. назва «альтоўка».
3) Разнавіднасці многіх аркестравых інструментаў: духавых (флейта-альт, габой-альт, кларнет-альт, труба-альт, трамбон-альт), струнных (цымбалы-альт, мандаліна-альт, балалайка-альт, домра-альт).
І.Дз.Назіна.
т. 1, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Альт (муз. інструмент) 1/275, 432
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗАВА (Валянціна Васільеўна) (1.12.1935, Мінск —8.11.1990),
бел. спявачка (нізкі альт). Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыла БДУ (1966). У 1952—79 салістка Дзярж. нар. хору Беларусі, удзельніца створаных пры хоры вак. актэта і квартэта «Купалінка». Спявала ў нар. і акад. манеры, выконвала сольныя партыі.
т. 10, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ СМЫКО́ВЫ КВАРТЭ́Т БССР.
Існаваў у 1930-я г. Створаны ў Мінску ў 1934, з 1937 у Бел. філармоніі. У складзе калектыву: А.Бяссмертны. С.Жыў (адпаведна 1-я і 2-я скрыпкі), І.Гуральнік (альт), М.Арлоў (віяланчэль). Паводле хадайніцтва ЦВК БССР калектыў атрымаў у карыстанне інструменты з дзярж. калекцыі муз. інструментаў у Маскве: скрыпкі Амаці і Альбані, альт Дэразэ, віяланчэль Клоца. Выступленні адбываліся пераважна ў рабочых і чырвонаармейскіх клубах, навук. і навуч. установах рэспублікі. Аснову рэпертуару складалі творы рус. і зарубежнай класікі. Дзейнасць сталага калектыву спрыяла стварэнню бел. кампазітарамі шэрагу квартэтаў (М.Аладаў, У.Алоўнікаў, М.Крошнер, П.Падкавыраў. В.Яфімаў і інш.).
Літ.:
Мастацтва Савецкай Беларусі. Мн., 1976. Т. 1. С. 270.
А.Л.Капілаў.
т. 6, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎДЗЕ́ЕНКА (Ганна Васілеўна) (н. 23.2.1927, в. Валокі Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. спявачка. Засл. арт. Беларусі (1966). У 1952—82 салістка (нізкі альт) Дзярж. нар. хору БССР. Тонка адчувала і перадавала стылявыя асаблівасці палескіх нар. песень. Выступала ў складзе вак. актэта, у дуэце з М.Адамейка.
т. 2, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬЁМ, Віём (Vuillaume) Жан Батыст (7.10.1798, г. Мірэкур, Францыя — 19.3.1875), французскі майстар смычковых інструментаў. У 1828 адкрыў у Парыжы ўласную майстэрню, дзе з 1835 вырабляў скрыпкі, альты, віяланчэлі паводле ўзораў А.Страдывары, Дж.Гварнеры дэль Джэзу і інш., з 1865 — інструменты ўласных мадэлей; вырабляў і смычкі. Яму належаць некалькі эксперым. інструментаў: актабас (вял. кантрабас, даўж. 345 см), кантральта (альт, 413 мм, амаль удвая шырэйшы за звычайны). У 1867 вынайшаў мех. педаль-сурдзіну (прымацоўвалася да падгрыфка).
т. 4, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНКО́ВІЧ (Ніна Несцераўна) (н. 18.11.1951, в. Хрыса Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. спявачка (альт). Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыла Брэсцкае муз. вучылішча (1973). З 1974 у квартэце «Купалінка» (з 1976 у складзе фалькл.-харэагр. ансамбля «Харошкі»), у 1987—96 у Бел. філармоніі. Манеры выканання спявачкі найб. блізкія бел. нар. песні лірычнага плана («Каля майго церама», «Павей, ветрык», «Шумяць вербы», «Зялёны гай», «Купалялё»). У складзе квартэта зрабіла шмат запісаў на радыё і грампласцінкі, у т. л. кампакт-дыск (Парыж, 1995).
т. 3, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАРТЭ́Т (італьян. quartetto ад лац. quartus чацвёрты),
1) ансамбль з 4 выканаўцаў (інструменталістаў ці вакалістаў). Можа быць аднароднага складу (струнны смыковы, драўляных духавых інструментаў, вак. мужчынскі або жаночы) і мяшанага (т. зв. фартэпіянны К. — фп., скрыпка, альт, віяланчэль). З інстр. К. найб. пашыраны струнны смыковы (2 скрыпкі, альт, віяланчэль). Як самаст. тып выканальніцкага калектыву сфарміраваўся ў 2-й пал. 18 ст. На Беларусі вядомы Гарадзецкі прыгонны квартэт У.Г.Кастрыёта-Скандэрбека, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, Квартэт Саюза кампазітараў БССР, вакальныя Беларускі вакальны квартэт, «Купалінка» і інш. 2) Муз. твор для ансамбля з 4 інструментаў або пеўчых галасоў. Струнны смыковы К. з канца 18 ст. — адзін з асн. жанраў камернай музыкі. Яго вызначаюць індывідуалізацыя партый, поліфанічная фактура, санатная цыклічная форма. Класічныя ўзоры К. стварылі І.Гайдн, В.А.Моцарт, Л.Бетховен, Ф.Шуберт, П.Чайкоўскі, А.Барадзін, Б.Бартак, П.Хіндэміт, Дз.Шастаковіч і інш. У бел. музыцы да К. звярталіся М.Аладаў, У.Алоўнікаў, В.Войцік, Г.Гарэлава, С.Картэс, П.Падкавыраў, А.Туранкоў, К.Цесакоў, М.Чуркін, Л.Шлег, В.Яфімаў. Менш пашыраны ў сусв. музыцы фп. К. Вакальныя К. часта ўваходзяць у оперы, кантаты, араторыі. Шэраг нар. песень апрацавалі для вак. К. бел. кампазітары.
Р.М.Аладава.
т. 8, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАРТЭ́Т САЮ́ЗА КАМПАЗІ́ТАРАЎ БССР,
ансамбль інструменталістаў. Існаваў у Мінску ў 1962—90. У першы склад уваходзілі В.Сарока (1-я скрыпка), П.Валадарскі (2-я скрыпка), Л.Ластаўка (альт), М.Шчарбакоў (віяланчэль), у другі — Ю.Гершовіч (з 1965), Т.Боднева, В.Баткіна, Шчарбакоў. У рэпертуары большасць квартэтаў бел. кампазітараў (М.Аладава, В.Войціка, В.Залатарова, Дз.Лукаса, І.Лучанка, П.Падкавырава, Э.Ханка, К.Цесакова, М.Чуркіна), а таксама творы сусв. квартэтнай класікі, сучасных замежных кампазітараў. Выкананне квартэта вызначалі ансамблевая зладжанасць, пачуццё стылю.
Р.М.Аладава.
т. 8, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)