Альпінізм 1/272—273

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІНІ́ЗМ,

від спорту, узыходжанне на цяжкадаступныя горныя вяршыні ў спартыўных ці інш. мэтах.

Афіц. гісторыя альпінізму пачынаецца з 1786 (узыходжанне швейцарцаў Ж.​Бальмы і М.​Пакара на Манблан у Альпах). З 2-й пал. 19 ст. ўзнікаюць альпінісцкія клубы ў Англіі, Аўстрыі, Італіі, Швейцарыі, Расіі і інш. Да канца 19 ст. ў Альпах былі адолены многія вяршыні, пракладзены складаныя маршруты. Па меры вывучэння і даследавання інш. горных сістэм, удасканалення сродкаў зносін пашыралася геаграфія альпінізму, які актыўна развіваецца з 1950-х г. пасля пакарэння найвышэйшых вяршыняў свету (гл. табл.).

Альпінізм патрабуе добрай фізічнай і спец. падрыхтоўкі, спец. адзення, абутку, харчавання для жыццезабеспячэння ва ўмовах высакагор’я і адпаведнага рыштунку (вяроўкі, ледарубы, скальныя і лёдавыя кручкі, карабіны і інш.) для страхоўкі спартсменаў. Пры ўзыходжанні на вяршыні вышынёй больш за 8 000 м часта выкарыстоўваюць кіслародныя апараты. У альпінізме прынята класіфікацыя маршрутаў паводле іх складанасці (усяго 6 катэгорый). Альпінісцкую падрыхтоўку атрымліваюць у спец. альплагерах ці школах. Узыходжанні робяць, як правіла, у складзе групы, з інструктарам або гідам-правадніком (на пач. этапе) ці самастойна. У горных раёнах дзейнічае спец. горнавыратавальная служба. Нац. федэрацыі і альпінісцкія саюзы розных краін аб’яднаны (з 1932) у Міжнар. саюз альпінісцкіх асацыяцый (УІАА). Праводзяцца альпініяды.

На Беларусі альпінізм развіваецца з 1950-х г. Дзейнічае (з 1955) федэрацыя альпінізму і скалалажання. З 1973 праводзіцца першынство краіны па альпінізму. Бел. альпіністы — удзельнікі і прызёры чэмпіянатаў СССР і СНД па альпінізму. Імі зроблены ўзыходжанні на вышэйшыя (больш за 8000 м) вяршыні свету ў Гімалаях: Э.​Ліпень (Джамалунгма, 1990, 1993, Шыша-Пангма, 1992, разам з І.​Велянковай), В.​Кульбачэнка (Канчэнджанга, 1994). Восенню 1994 адбылася першая бел. экспедыцыя (з удзелам рас. і балг. альпіністаў) у Гімалаі.

Літ.:

Хубер Г. Альпинизм сегодня: Пер. с нем. М., 1980.

Г.​К.​Кісялёў.

Першаўзыходжанні на вышэйшыя вяршыні свету
Вяршыня, яе вышыня (м), назва горнай сістэмы Альпіністы Год узыходжання
Анапурна, 8078 (Гімалаі) М.​Эрцог, Л.​Лашэнель (Францыя) 1950
Джамалунгма (Эверэст), 8848 (Гімалаі) Э.​Хілары, Тэнцынг Наргэй (Вялікабрытанія) 1953
Нангапарбат, 8125 (Гімалаі) Г.​Буль (Аўстрыя) 1953
Чагары (К-2), 8611 (Каракарум) Л.​Лачадэлі, А.​Кампаньёні (Італія) 1954
Чо-Аю, 8153 (Гімалаі) Г.​Ціхі, С.​Іохлер (Аўстрыя) Пасанг Дава Лама 1954
Макалу, 8481 (Гімалаі) Ж.​Франко са спадарожнікамі (8 чал., Францыя) 1955
Канчэнджанга, 8597 (Гімалаі) М.​Бенд, Н.​Хардзі, Д.​Браўн, Т.​Стрэчэр (Вялікабрытанія) 1955
Манаслу, 8156 (Гімалаі) Т.​Дманісі, К.​Като, М.​Сігета (Японія), Гіяльцэн Нурбу 1956
Лхацзе, 8545 (Гімалаі) Э.​Рэйс, Ф.​Лусінгер (Швейцарыя) 1956
Гашэрбрум, 8035 (Каракарум) Ф.​Моравец, Г.​Віленпарт, С.​Ларх (Аўстрыя) 1956
Броўд-пік, 8047 (Каракарум) М.​Шмук, К.​Дзімбергер, Г.​Буль, К.​Вінтэршталер (Аўстрыя) 1957
Хідэн-пік, 8068 (Каракарум) П.​Шоенінг, А.​Каўфман (ЗША) 1958
Дхаўлагіры, 8172 (Гімалаі) А.​Шэльберт, К.​Дзімбергер і інш. (8 чал., Швейцарыя) 1960
Шыша-Пангма (Гасаінтан), 8013 (Гімалаі) Шу Чын, Ван Фучжоу і інш. (10 чал., Кітай) 1964
Да арт. Альпінізм. Удзельнікі беларускай экспедыцыі у Гімалаі. 1994.

т. 1, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСАЛА́,

вяршыня ў гарах Рыла, у Балгарыі, найб. высокая на Балканскім п-ве (2925 м). Горналедавіковы рэльеф. Складзена з гранітаў. Метэастанцыя. Турызм, альпінізм.

т. 11, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́ШБА, Ужба,

двухгаловая стромасхілавая вяршыня ў цэнтр. ч. Вял. Каўказа, на ПдУ ад Эльбруса, у Грузіі. Выш. да 4700 м. Складзена з гранітаў. Ледавікі (Гуль, Ушбінскі). Альпінізм.

т. 16, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫХТА́У,

адна з гал. вяршынь Бакавога хр. ў цэнтр. частцы Вял. Каўказа, у Кабардзіна-Балкарыі, паблізу мяжы з Грузіяй. Выш. 5203 м. Складзена з крышт. парод. Ледавік. Альпінізм.

т. 6, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́НГФРАЎ (Jungfrau),

вяршыня ў Бернскіх Альпах, у Швейцарыі. Выш. 4158 м. Складзена з юрскіх сланцаў і гнейсаў. Ледавікі, фірнавыя палі. Турызм (чыгунка да выш. 3450 м), альпінізм.

т. 18, кн. 1, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШХЕ́ЛЬДА,

горны масіў у цэнтр. ч. Вял. Каўказа, на ПдУ ад Эльбруса, у бас. р. Адылсу. Мае 5 вяршынь (выш. ад 4200 м да 4332 м). Складзены пераважна з гранітаў. З паўн. схілу спускаецца ледавік Шхельда даўж. каля 9 км. Альпінізм.

т. 17, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́НТЭ-РО́ЗА (Monte Rosa),

горны масіў у Пенінскіх Альпах, на мяжы Італіі і Швейцарыі. Выш. да 4634 м (пік Дзюфур). Складзены з гранітаў і гнейсаў. Ледавікі, у т. л. Горнер (даўж. 14 км). Хваёвыя лясы, субальпійскія і альпійскія лугі і хмызнякі. Турызм, альпінізм.

т. 10, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́СНЕР (Messner) Рэйнхальд (н. 17.9.1944, г. Бальцана, Італія),

італьянскі спартсмен (альпінізм), падарожнік, пісьменнік. Першы з альпіністаў у 1970—86 зрабіў узыходжанні на ўсе 14 горных вяршынь вышэй за 8000 м у Гімалаях, у т. л. без кіслародных прыбораў (напр., на Джамалунгму). У 1989—90 пешшу перасек Антарктыду (2740 км). Аўтар больш за 20 кніг і альбомаў.

т. 10, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНБЛА́Н (франц. Mont Blanc, італьян. Monte Bianco),

горны масіў і вяршыня ў Зах. Альпах, на мяжы Францыі, Італіі і Швейцарыі, самая высокая ў Еўропе (4807 м). Даўж. масіву 50 км. Складзены з гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў. Рэльеф альпійскага тыпу. Пл. зледзянення больш за 200 км², самы буйны ледавік Мер-дэ-Глас (даўж. 15 км). Частка водападзелу паміж рэкамі По і Рона. Альпінізм, турызм. Астранамічная абсерваторыя. Пад М. аўтамаб. тунэль (даўж. 11,6 км) і шаша з Францыі ў Італію.

т. 10, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)