АЛЬМАНДЗІ́Н,

мінерал групы гранатаў Fe3Al2(SiO4)3. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі, суцэльныя масы. Колер фіялетава-чырвоны, густа-чырвоны да карычнявата-чорнага. Цв. 7—7,5. Шчыльн. 3,8—4,3 г/см³. Тыповы мінерал рэгіянальна метамарфізаваных гліністых горных парод, а таксама ў гранулітах і зонах кантактавага метамарфізму. Пашыраны абломкавы мінерал. Радовішчы — элювіяльныя, алювіяльныя і прыбярэжна-марскія россыпы з разбураных гранатзмяшчальных крышт. сланцаў (Шры-Ланка, Індыя, Бразілія, ЗША, Расія). Абразіўны матэрыял. Празрыстыя, прыгожа афарбаваныя крышталі — каштоўныя камяні.

Альмандзін.

т. 1, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНА́ТЫ

(ад лац. granatus зярністы),

група мінералаў падкласа астраўных сілікатаў з агульнай формулай R​2+R​3+ [Sio4]3, дзе R​2+ — Са, Fe, Mg, Mn, а R​3+ — Al, Fe, Cr. Утвараюць ізаморфныя рады, канцавыя члены якіх — піроп (цёмна-ружавата-чырвоны, чорны), альмандзін (чырвоны, бура-шэры, чорны), спесарцін (аранжава-жоўты, буры, цёмна-чырвоны), грасуляр (мядова-жоўты, бледна-зялёны, буры), андрадыт (жоўты, зеленаваты, буравата-чырвоны), шарламіт (чорны), уваравіт (ізумрудна-зялёны). Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае асобныя крышталі, трапляецца і ў выглядзе зярністай масы. Бляск шкляны. Цв. 6—7,5. Шчыльн. 3,2—4,3 г/см³. Метамарфічнага, кантактава-метасаматычнага і магматычнага паходжання. Выкарыстоўваюцца як каштоўныя камяні (празрыстыя і прыгожа афарбаваныя), абразіўныя матэрыялы, у пошукавай геалогіі.

У.Я.Бардон.

т. 5, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)