Альбеда 1/94, 266; 9/439, 456; 12/26

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́ДА (ад лац. albus светлы),

велічыня, якая характарызуе адбівальную здольнасць паверхні цела. Вымяраецца адносінамі колькасці адбітага паверхняй святла да колькасці святла, якое падае на яе. Выражаецца ў працэнтах ці долях адзінкі. Альбеда натуральных паверхняў вымяраецца альбедаметрам, вывучаецца актынаметрыяй. Характарызуе адбівальную здольнасць нябеснага цела, якое само не свеціцца.

Адрозніваюць інтэгральнае альбеда — для ўсяго патоку выпрамянення, монахраматычнае — для пэўнай даўжыні хваляў, спектральнае — для розных участкаў спектра (ультрафіялетавае, бачнае, інфрачырв. і інш.). Інтэгральнае альбеда планеты Зямля (з атмасферай) каля 35%, у бачнай частцы спектра 40%. Залежыць ад геагр. шыраты, пары года, часу сутак, стану расліннага покрыва, воднай паверхні і інш. Альбеда вільготнай глебы 5—10%, лесу 5—20%, травянога покрыва 20—25%. свежага снегу 70—90%. Ад велічыні альбеда залежыць радыяцыйны баланс паверхні Зямлі.

М.​А.​Гольберг.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕДАМЕ́ТР (ад альбеда + ...метр),

метэаралагічная прылада для вымярэння альбеда. Працуе на прынцыпе інтэгральнага шаравога фатометра. Альбеда зямной паверхні вымяраюць паходным альбеда — спалучэнне двух піранометраў; прыёмная паверхня аднаго з іх павернута да Зямлі і ўспрымае рассеянае святло, другога — да неба і рэгіструе падаючае выпрамяненне. Карыстаюцца і адным піранометрам, прыёмная паверхня якога паварочваецца то ўніз, то ўгару.

Альбедаметр.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛАСО́ІД (ад грэч. thalassoeidēs падобны на мора),

буйное кальцавое ўтварэнне на паверхні Месяца. Па памерах блізкае да круглых т. зв. месяцавых мораў. Паводле альбеда і структуры парод, што ўкрываюць яго паверхню, падобнае на месяцавы мацярык.

т. 15, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́БАС (грэч. phobos страх),

спадарожнік планеты Марс. Адлегласць ад планеты 9380 км (бліжэйшы да Марса). Мае няправільную форму, найб. папярочнік каля 27 км. Паверхня складаецца з цёмных мінералаў з нізкім альбеда, пакрытая шматлікімі кратэрамі і тоўстым слоем пылу. Перыяд абарачэння вакол Марса 7 гадз 39 мін 27 с (на працягу марсіянскіх сутак двойчы ўзыходзіць і заходзіць). З прычыны вял. вуглавой скорасці Ф. апярэджвае восевае абарачэнне планеты і, у адрозненне ад інш. нябесных цел, узыходзіць на З, а заходзіць на У. Рухаецца амаль у плоскасці экватара Марса і павернуты да планеты заўсёды адным і тым жа бокам. Адкрыты амер. астраномам А.​Холам (1877).

А.​А.​Шымбалёў.

т. 16, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАРКТЫ́ЧНЫ КЛІ́МАТ,

клімат Антарктыды і прылеглых да яе акіянскіх прастораў (Антарктыкі). Над мацерыком надзвычай суровы. Т-ра паветра на працягу года адмоўная: летам у студз. да -13,6 °C, зімой у ліп. -60...-70 °C, на полюсе холаду (ст. Усход) самая нізкая на Зямлі — каля -90 °C. Ападкаў за год менш за 100 мм. Надвор’е вызначаецца Антарктычным антыцыклонам. Большая частка сонечнай радыяцыі адбіваецца снегавым покрывам (альбеда каля 85%), вял. страты цяпла даўгахвалевым выпрамяненнем з-за высокага становішча паверхні над узр. мора. На ўзбярэжжы т-ра паветра летам павышаецца да 0, +5 °C, гадавая сума ападкаў да 700—1000 мм, моцныя сцёкавыя і ўраганныя (40—60 м/с) вятры. Клімат акіянскіх прастораў Антарктыкі характарызуецца рэзкімі ваганнямі ціску, частымі цыклонамі, параўнальна аднароднымі т-рамі паветра.

т. 1, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СНЕГАВО́Е ПО́КРЫВА,

слой снегу на паверхні Зямлі, які ўтвараецца ад снегападаў. Бывае часовае (растае за некалькі гадзін або дзён) і ўстойлівае (ляжыць на працягу ўсёй зімы або з невял. перапынкамі). Характарызуецца вышынёй і шчыльнасцю (вымяраецца снегамерам). Моцна адбівае сонечную радыяцыю (гл. Альбеда), істотна ўплывае на водна-цеплавы рэжым глебы, садзейнічае затрыманню цяпла, ахоўвае расліны ад вымярзання. Аказвае ўздзеянне на клімат, рэльеф, гідралагічныя і глебаўтваральныя працэсы, жыццё расл. і жывёльнага свету. Макс. плошчы на Зямлі С.п. займае ў канцы зімы Паўн. паўшар’я (99 млн. км²), мінім. — у канцы зімы Паўд. паўшар’я (47 млн. км²). Каля 30% снегу, які ўтвараецца штогод, служыць крыніцай жыўлення ледавікоў. На Беларусі ўстойлівае С.п. трымаецца ў сярэднім 100—110 сут на ПнУ і 70—80 сут па ПдЗ, утвараецца звычайна на ПнУ у пач., а на ПдЗ у канцы снежня, разбураецца ў сак., канчаткова сыходзіць праз 9—20 сут. Найб. выш. С.п. ў канцы лютага — пач. сак. — ад 15—20 см на Пд да 20—45 см на Пн. Шчыльнасць С.п. ў першыя месяцы зімы на адкрытых участках 0,1—0,15 г/см³, у канцы яе да 0,3—0,4 г/см³ (у лесе меншая). Гл. таксама Снегавая лінія, Снегазатрыманне.

т. 15, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРА́Н,

сёмая па парадку ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, знак ⛢. Адносіцца да класа планет-гігантаў. Адкрыты ў 1781 У.Гершэлем.

Сярэдняя адлегласць ад Сонца 2,871 млрд. км. Перыяд абарачэння вакол Сонца 84,068 зямнога года, вакол восі 17 гадз 14 мін. Экватарыяльны дыяметр 51 118 км. Плоскасць экватара нахілена да плоскасці арбіты на 98° (вось вярчэння ляжыць амаль у гэтай плоскасці). Напрамак сутачнага вярчэння адваротны. Маса 8,686 10​25 кг (14,5 масы Зямлі). Сярэдняя шчыльнасць 1290 кг/м³, што сведчыць аб значным каменным ядры планеты. Састаў атмасферы: малекулярны вадарод (84%), гелій (14%), метан (2%). Альбеда атмасферы вялікае; паглынанне чырвоных прамянёў метанам у верхняй частцы атмасферы абумоўлівае сіне-зялёны колер У. пры візуальным назіранні. У. не мае магутных унутр. крыніц энергіі. Т-ра воблакаў у вобласці, дзе ціск роўны нармальнаму атмасфернаму на Зямлі (10​5 Па), каля -193 °C. Адсутнасць воблакаў у высокіх слаях атмасферы, у адрозненне ад інш. планет-гігантаў, абумоўлівае роўны колер без палос і віхраў. Магн. поле слабае. У. мае 21 спадарожнік (гл. Спадарожнікі планет). Выяўлены 10 кольцаў рознай шырыні і колеру на адлегласці ад 41 да 52 тыс. км ад цэнтра планеты.

Літ.:

Тейфель В.Г. Уран и Нептун — далекие планеты-гиганты. М., 1982;

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984;

Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;

Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.

А.​А.​Шымбалёў.

Планета Уран.

т. 16, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭАРАЛОГІЯ І КЛІМАТАЛОГІЯ

Фарміраванне сеткі метэаралагічных станцый на тэр. Беларусі пачалося ў пач. 19 ст. У ліку першых станцыі створаны ў Магілёве (1809), Віцебску (1810), Брэсце (1834), Бабруйску і Свіслачы (1836), Горках (1841), Мінску (1849). Матэрыялы іх назіранняў публікаваліся ў штогодніках Гал. фіз. абсерваторыі (з 1924 Гал. геафіз. абсерваторыя). У выніку зах. экспедыцыі па асушэнні балот на Палессі арганізаваны станцыі ў Пінску (1871) і Васілевічах (1878). Па ініцыятыве Паўн.-Зах. аддзела Геагр. т-ва створаны метэаралаг. станцыі ў Маладзечне (1870), Слоніме (1872), Полацку (1885), Гомелі (1891). Даныя назіранняў гэтых станцый абагульнены ў працах А.​І.​Ваейкава («Клімат Палесся», 1899). У канцы 19 ст. створаны метэастанцыі ў Баранавічах, Барысаве, Мазыры, Калінкавічах, Лепелі, Сянне, Дрысе (зараз Верхнядзвінск), Мар’інай Горцы, Стоўбцах, Чэрыкаве, Чачэрску, Асіповічах, Лідзе, Пружанах. У 1-й пал. 20 ст. амаль уся тэр. Беларусі пакрыта сеткай метэастанцый. На шматгадовых матэрыялах іх даследаванняў А.​І.​Кайгарадавым закладзены асновы кліматалогіі, метэаралогіі і службы надвор’я Беларусі, складзены «Кліматычны атлас Беларусі» (1927). У пасляваенныя гады ў Мінскай гідраметэаралагічнай абсерваторыі створаны аддзелы клімату, аграметэаралогіі, актынаметрыі, атмасфернай оптыкі, гідралогіі і сіноптыкі; вывучана размеркаванне паступлення сонечнай радыяцыі і радыяцыйнага балансу на тэр. рэспублікі, альбеда с.-г. культур, радыяцыйны рэжым у лесе, асветленасць і паступленне фотасінтэтычна актыўнай сонечнай радыяцыі, даследаваны клімат абл. гарадоў, выдадзены кліматычныя і агракліматычныя даведнікі і інш.

Найб. поўнае і глыбокае абагульненне дадзеных метэаназіранняў ажыццявіў А.​Х.​Шкляр, які прааналізаваў умовы ўвільгатнення на тэр. Беларусі ў перыяд вегетацыі культурных раслін, распрацаваў аптымальныя тэрміны сяўбы с.-г. культур, зрабіў агракліматычнае раянаванне і інш.

У 1970—90-я г. распрацавана методыка арганізацыі і правядзення мікракліматычных даследаванняў прыродных і прыродна-антрапагенных геасістэм. Вывучаны фітаклімат, клімат глебы і прыземнага слоя паветра, цепла- і вільгацеабмен паміж імі, распрацавана методыка пабудовы буйнамаштабных мікракліматычных карт, выкарыстанне якіх дазваляе вырошчваць с.-г. культуры ў адпаведнасці з асаблівасцямі мікраклімату гаспадаркі і канкрэтнага поля (П.​А.​Каўрыга).

Фундаментальнае абагульненне матэрыялаў метэаралагічных назіранняў на аснове сучасных метадаў аналізу праведзена пад кіраўніцтвам В.​Ф.​Логінава. Даследавана выкарыстанне колькасных і матэматычных метадаў, камп’ютэрнага мадэліравання пры аналізе структуры гідраметэаралагічнага рэжыму Беларусі (Р.​І.​Сачок), аграэкалагічнае даследаванне клімату і кліматычных рэсурсаў (А.​М.​Вітчанка), метэаралагічныя асновы фарміравання экалагічных умоў (Л.​М.​Ражкоў). Шматбаковая характарыстыка клімату і яго рэсурснага патэнцыялу адлюстравана на 100 кліматычных і агракліматычных картах Нац. атласа Беларусі (2002).

Метэаралагічныя звесткі збіраюць і аналізуюць рэсп. цэнтры: гідраметэаралагічны, цэнтр радыяцыйнага кантролю і маніторынгу прыроднага асяроддзя, авіяцыйна-метэаралагічны, у складзе якіх 9 авіяметэаралагічных станцый, 6 абласных гідраметэастанцый, 33 метэастанцыі, 5 аграметэастанцый, 3 гідралагічныя станцыі, 137 гідралагічных пастоў, станцыя фонавага маніторынгу («Бярэзінскі біясферны запаведнік»), азёрная станцыя «Нарач», балотная станцыя «Палеская». Каардынуюцца даследаванні Дэпартаментам гідраметэаралогіі Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Шкляр А.Х. Климатические ресурсы Белоруссии и использование их в сельском хозяйстве. Мн., 1973;

Ковриго П.А. Микроклимат болотных экосистем и его оптимизация. Мн., 1995;

Климат Беларуси. Мн., 1996;

Изменение климата и использование климатических ресурсов. Мн., 2001;

Изменение климата и его последствия. Мн., 2003.

П.​А.​Каўрыга.

т. 18, кн. 2, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНАЯ НАВУ́КА,

комплекс навуковых ведаў пра метады, спосабы, мерапрыемствы, канструкцыі і прыстасаванні, што забяспечваюць паляпшэнне кампанентаў прыроднага асяроддзя, якія фарміруюць умовы жыццядзейнасці і жыццезабеспячэння чалавека. У залежнасці ад аб’екта вывучэння М.н. мае кірункі, звязаныя: са зменай клімату праз уздзеянне на яго састаўныя элементы (метэаралагічныя, водныя, раслінныя і інш.; гл. Меліярацыя клімату); з паляпшэннем умоў жыцця чалавека шляхам уздзеяння на навакольнае асяроддзе (акультурванне ландшафтаў, рэкрэацыя, барацьба з затапленнямі, эрозіяй глебы і інш.; гл. Ландшафтная архітэктура, Агралесамеліярацыя); з павышэннем урадлівасці глебы для павелічэння вытв-сці харч. прадуктаў і с.-г. сыравіны. Найб. значэнне мае навука пра с.-г. меліярацыю, якая займаецца распрацоўкай і абгрунтаваннем прыёмаў паляпшэння фіз. уласцівасцей, воднага, паветранага, цеплавога і пажыўнага рэжымаў глебы з мэтай фарміравання высокіх і ўстойлівых ураджаяў с.-г. культур.

С.-г. М.н. мае аб’ектам вывучэння: гідратэхн. (водныя) меліярацыі, звязаныя з паляпшэннем умоў водазабеспячэння с.-г. культур; фіз. (структурныя) меліярацыі, якія паляпшаюць водна-фіз. ўласцівасці глеб, цеплаправоднасць, пажарную і эразійную бяспеку, альбеда і інш.; агратэхн. прыёмы, якія забяспечваюць паляпшэнне воднага рэжыму глеб; культуртэхн. мерапрыемствы, накіраваныя на стварэнне найб. прыдатных палёў для выкарыстання с.-г. тэхнікі (гл. Культуртэхнічныя работы); аграхім. метады, што забяспечваюць павышэнне глебавай урадлівасці і ахову раслін (гл. Аграхімія). М.н. выкарыстоўвае вынікі аграметэаралогіі, агратэхнікі, аграфізікі, аграэкалогіі, балотазнаўства, гідралогіі, гідратэхнікі, глебазнаўства, грунтазнаўства, кліматалогіі, ландшафтазнаўства і інш.

Вывучэнне ўздзеяння чалавека на навакольнае асяроддзе пры яго гасп. дзейнасці пачалося з развіццём цывілізацыі, з пачаткам культ. земляробства. Першыя тэхналогіі ірыгацыі з’явіліся ў 4—3-м тыс. да н.э. ў Егіпце, Індыі, Кітаі, Персіі. Развіццё М.н. стымулявалася неабходнасцю абагульнення набытых ведаў і атрымання рэкамендацый для эфектыўнага ўтаймавання прыроднай стыхіі вады, паляпшэння воднага рэжыму глеб, павелічэння плошчы апрацоўваемых зямель. Найб. дасягненні М.н. набыла ў эканамічна моцных дзяржавах, дзе на яе вылучаліся значныя сродкі (Вялікабрытанія, Германія, Ізраіль, Нідэрланды, ЗША і інш.). Высокапрадукцыйная сельская гаспадарка ў рэгіёнах з залішнім увільгатненнем створана дзякуючы даследаванням і мерапрыемствам па асушэнні, а ў засушлівых рэгіёнах — па арашэнні зямель. Напр., у Нідэрландах з іх пераважна нізіннымі тэрыторыямі прыярытэтным кірункам М.н. з’яўляецца развіццё польдэрных асушальных сістэм, у Ізраілі з яго дэфіцытам водных рэсурсаў — удасканаленне кропельнага арашэння. У Расіі аснову М.н. заклалі працы В.В.Дакучаева і А.М.Касцякова.

На Беларусі пачатак развіцця М.н. звязаны з працамі праф. Горы-Горацкага земляробчага ін-та А.​М.​Казлоўскага (1832—90?), які для асушэння глебы заклаў адзін з першых ва Усх. Еўропе дрэнаж (1856—62). Вял. значэнне мела Заходняя экспедыцыя па асушэнні балот пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Развіццю М.н. паспрыяла стварэнне ў 1911 Мінскай балотнай станцыі, на базе якой у 1930 арганізаваны Усесаюзны НДІ балотнай гаспадаркі (з 1956 Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, з 1992 меліярацыі і лугаводства Беларускі НДІ). У апошнім канцэнтраваліся даследаванні па інж. (гідрамеліярацыйным) і агранамічным (аграмеліярацыйным) кірунках М.н. Н.-д. работы па воднай, агратэхн., хім. меліярацыях вядуцца таксама ў БСГА, Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Брэсцкім політэхн. ін-це, БПА, НДІ глебазнаўства і аграхіміі і інш. Бел. М.н. мае прыярытэт у даследаваннях генезісу балот, вывучэнні водна-фіз. і хім. уласцівасцей тарфяна-балотных глеб, метадаў павышэння іх урадлівасці, засваення і эфектыўнага с.-г. выкарыстання, у распрацоўцы і абгрунтаванні метадаў і спосабаў паляпшэння воднага рэжыму глеб ва ўмовах няўстойлівага ўвільгатнення, у стварэнні перспектыўных канструкцый гідрамеліярацыйных сістэм.

Літ.:

Костяков А.Н. Основы мелиорации. 6 изд. М., 1960;

Орошение и осушение в странах мира. М., 1974;

Сельскохозяйственные гидротехнические мелиорации. М., 1981;

Использование мелиорированных земель: Справ. пособие. Мн., 1986.

А.​П.​Ліхацэвіч.

т. 10, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)