АЛКІ́Л,

абагульненая назва аднавалентных радыкалаў насычаных аліфатычных вуглевадародаў. Напр., метыл — астатак метану (CH3), этыл — астатак этану (C2H5), прапіл — астатак прапану [CH3∙(CH2)2], ізапрапіл — астатак ізапрапану — [(CH3)2CH].

т. 1, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМО́НІЙ, амонію катыён,

складаны катыён агульнай формулы [RR​1NR​2R​3]​+, дзе R, R​1, R​2, R​3 — вадарод, алкіл, арыл. Катыён [NH4]​+, які існуе ў водных растворах аміяку, у саставе малекул неарган. і арган. злучэнняў адыгрывае ролю аднавалентнага металу, напр. гідраксід амонію (NH4OH), сульфат амонію [(NH4)2SO4], ацэтат амонію (CH3COONH4) і інш. Амоній з алкіл- і арыл-радыкаламі — катыён амоніевых соляў (гл. Амонію злучэнні).

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНІ́ЛАВЫЯ ЭФІ́РЫ,

ненасычаныя эфіры, простыя CH2=CHOR і складаныя CH2==CH—OCOR (R — алкіл ці арыл). Бясколерныя вадкасці, добра раствараюцца ў арган. растваральніках, дрэнна — у вадзе. Хімічна актыўныя злучэнні, лёгка далучаюць галагены, галагенавадароды і інш. Атрымліваюць узаемадзеяннем ацэтылену са спіртамі і карбонавымі кіслотамі. Выкарыстоўваюцца як манамеры ў вытв-сці палімераў (напр., полівінілацэтат) і супалімераў.

т. 4, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЭТА́ТЫ,

вытворныя воцатнай кіслаты, солі CH3COOM (M-метал) і эфіры CH3COOR (R-алкіл). Солі — крышталічныя рэчывы, растваральныя ў вадзе, выкарыстоўваюцца як каталізатары ў арган. сінтэзе. Эфіры — лятучыя вадкасці з фруктовым ці кветкавым пахам. Выкарыстоўваюць як растваральнікі нітрацэлюлозных лакаў, поліэфірных і гліфталевых смолаў, у вытв-сці цэлулоіду, кінаплёнак, у парфумернай і харч. прам-сці. Гл. таксама Амілацэтаты, Вінілацэтат, Этылацэтат.

т. 2, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛКІЛФАСФА́ТЫ,

паверхнева-актыўныя рэчывы аніённай прыроды, ROPO(OM)2 і (RO)2POOM, дзе R — алкіл, M — метал, амоній. Пастападобныя рэчывы крэмавага колеру, растваральныя ў вадзе, маюць высокую мыйную ўласцівасць, устойлівыя пры t да 220 °C, біяраскладальныя да 90%. Атрымліваюць узаемадзеяннем вышэйшых спіртоў ці монаалкілполіэтыленгліколяў з пентаксідам або трыхлораксідам фосфару і наступнай нейтралізацыяй прадуктаў шчолачамі ці аміякам. Выкарыстоўваюцца [пераважна алкілфасфаты, у якіх R=CnH2n+1; CnH2n+1(OC2H4)m (n=6-20; m=4 і 6), M — калій, натрый, амоній] як эмульгатары, кампаненты мыйных і ачышчальных сродкаў, тэкстыльна-дапаможных рэчываў (антыстатыкаў, замаслівальнікаў і інш.).

т. 1, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЕНАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

рэчывы, якія маюць у малекуле сувязь вуглярод — селен. Асн. тыпы: селеніды, дыселеніды, селенолы, селенаксіды, селеноны, селенінавыя і селенонавыя к-ты, селеноніевыя солі, алкіл(арыл)селенгалагеніды, селеністыя гетэрацыклы. Па хім. уласцівасцях аналагічныя сераарганічным злучэнням, але больш рэакцыйназдольныя (напр., селенонавыя к-ты — моцныя акісляльнікі). Маюць высокую біял. актыўнасць, паскараюць метабалічныя працэсы ў арганізме (напр., 6-селенапурын выкарыстоўваецца пры дыягностыцы пухлінных захворванняў, селенацыстын аказвае антывіруснае ўздзеянне). На аснове С.з. атрымліваюць палімерныя матэрыялы.

т. 14, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІАКРЫЛА́ТЫ,

сінтэтычныя палімеры, прадукты полімерызацыі складаных эфіраў акрылавай к-ты (акрылатаў). Агульная ф-ла [—CH2—CH(COOR)—]n.

Найважн. П. — поліалкілакрылаты, у якіх R — алкільны радыкал нармальнай будовы (CH3, C2H5 і інш.). Бясколерныя каўчукападобныя ці цвёрдыя рэчывы. Раствараюцца ва ўласных манамерах, араматычных вуглевадародах, ніжэйшыя гамолагі (R — алкіл з 1—6 атамамі вугляроду) — у ацэтоне. Хімічна ўстойлівыя, устойлівыя да ўздзеяння святла і кіслароду. Выкарыстоўваюць у вытв-сці ліставых і плёначных матэрыялаў, лакаў (гл. Акрылавыя лакі), кляёў (гл. Акрылавыя клеі), у стаматалогіі (для вырабу пратэзаў зубоў).

т. 12, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІ́ДЫ,

хімічныя злучэнні, вытворныя азоціставадароднай кіслаты HN3. Неарганічныя азіды — X(N3)n, дзе Х — метал, n — ступень яго акіслення, пры трэнні, награванні раскладаюцца з выбухам (акрамя азідаў шчолачных і шчолачна-зямельных металаў). Атрымліваюць узаемадзеяннем соляў металаў з NaN3. Арганічныя азіды — алкіл- і арылазіды RN3 і ацылазіды RC(O)N3 узрываюцца пры награванні, лёгка адшчэпліваюць азот, пры гэтым ацылазіды перагрупоўваюцца ў ізацыянаты. Атрымліваюць узаемадзеяннем NaN3 з галагенвытворнымі аліфатычных і араматычных злучэнняў. Неарган. азіды цяжкіх металаў выкарыстоўваюцца як ініцыіруючыя выбуховыя рэчывы, арган. азіды — паўпрадукты арган. сінтэзу, гербіцыды (азіпратрын).

т. 1, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІЭТЫЛЕНТЭРЭФТАЛА́Т,

сінтэтычны палімер, складаны поліэфір тэрэфталевай (n-бензолдыкарбонавай) к-ты і этыленгліколю [—O(O)CC6H4C(O)OCH2CH2—]n, мал. м. (2—5)∙10​4. Цвёрдае бясколернае рэчыва, шчыльн. 1380—1400 кг/м³, tпл255—265 °C. Тэрмапласт. Не раствараецца ў вадзе, пры награванні да 40—150 °C раствараецца ў фенолах і іх алкіл- ці хлорвытворных. Характарызуецца высокай тэрмаўстойлівасцю расплаву (каля 290 °C), нізкай гіграскапічнасцю. Трывалы, зносаўстойлівы, добры дыэлектрык. Выкарыстоўваюць пераважна для вытв-сці валокнаў і нітак (гл. Поліэфірныя валокны), бутэлек для безалкагольных напіткаў і алею, а таксама плёнак, радыёдэталей, хім. абсталявання і інш.

т. 12, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫШ’ЯКАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у малекулах якіх ёсць сувязь мыш’як — вуглярод (As—C). Сінтэзаваны ў 1760 Л.​Кадэ дэ Гасікурам.

Найпрасцейшыя М.з. — арганаарсіны з агульнай ф-лай RnAsH3-n (R — арган. радыкал, n=1—3) — вадкасці (метыларсін CH3AsH2 — газ), раствараюцца ў арган. растваральніках, устойлівыя пры награванні. З інш. М.з. найб. даследаваныя алкіл- і арыларсонавыя к-ты агульнай ф-лы RAs(O)(OH)2, крышт. рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе і этаноле. Выкарыстоўваюць М.з. як лек. сродкі (напр., асарсол 3-ацэтаміна-4-гідроксіфенілорсонавая к-та процісіфілісны сродак), рэагенты ў аналіт. хіміі. Многія М.з. і іх вытворныя атрутныя рэчывы (напр., адамсіт, люізіт).

т. 11, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)