АЛЕ́ШНІКІ,

тое, што альховыя лясы.

т. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬХО́ВЫЯ ЛЯСЫ́,

алешнікі, драбналістыя лясы, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду вольха. Пашыраны ва ўмеранай паласе паўн. паўшар’я, асн. масівы ў Паўн. Амерыцы, пераважна вольха чырвоная (A. rubra), Усх. Азіі — вольха пушыстая (A. hirsuta) і інш., гарах Цэнтр. Еўропы. На Беларусі пашыраны чорнаалешнікі, лясы з вольхі чорнай, або клейкай (A. glutinosa), і шэраалешнікі — вольхі шэрай (A. incana); агульная пл. 623,4 тыс. га; з іх чорнаалешнікаў 551,7, шэраалешнікаў 71,7 тыс. га (1994).

Чорнаалешнікі належаць да карэнных занальна абумоўленых лясоў Беларусі. Найб. пашыраны асакова-травяныя чорнаалешнікі — тыповыя фітацэнозы лясных нізінных балот (займаюць пераўвільготненыя экатопы з багатай глебай). Шэраалешнікі належаць да другасных (вытворных) драбналістых лясоў, што ўзнікаюць на месцы высечаных шыракаліста-яловых або на с.-г. землях, якія не выкарыстоўваюцца. Найб. пашыраны кіслічны і сніткавы тыпы шэраалешнікаў (займаюць пераважна ўрадлівыя свежыя і ўвільготненыя дзярнова-падзолістыя сугліністыя і супясчаныя глебы). Паўд. мяжа шэраалешнікаў праходзіць уздоўж паўд. адгор’яў Бел. Грады.

Г.У.Вынаеў.

т. 1, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЯНЁМАНСКАЯ НІЗІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі, у Гродзенскай і на З Мінскай абласцей, уздоўж р. Нёман ад г. Стоўбцы да г. Гродна. Мяжуе на Пн з Сярэднянёманскай нізінай і Лідскай раўнінай, на ПнУ з Ашмянскім і Мінскім узвышшамі, на У і ПдУ з Капыльскай градой і прылеглымі раўнінамі, на Пд і З з Навагрудскім, Слонімскім, Ваўкавыскім і Гродзенскім узвышшамі Паўд.-Зах. адгалінавання Бел. грады (гл. карту да арт. Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі). Працягнулася з З на У на 160 км, з Пн на Пд ад 15 да 55 км. Вышыні рэльефу вагаюцца ад 160 м на У да 94 м на З.

Верхнянёманская нізіна прымеркавана да Цэнтральнабеларускага масіву. Крышт. фундамент перакрыты адкладамі верхняга пратэразою, мелу, палеагену, неагену і антрапагену. Магутнасць тоўшчы антрапагенавых адкладаў пераважна 70—120 м, у ледавіковых лагчынах да 180—200 м, найб. развіты ледавіковыя ўтварэнні бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў, адклады александрыйскага і муравінскага міжледавікоўяў. У ледавіковыя эпохі на Верхнянёманскай нізіне існавалі вял. прыледавіковыя азёры. У час паазерскага зледзянення было Скідзельскае прыледавіковае возера, пасля спуску якога Нёман атрымаў сцёк у Балтыйскае мора.

Рэльеф Верхнянёманскай нізіны пераважна эразійна-акумулятыўны. Пашыраны ледавікова-азёрная нізіна паазерскага веку (на Скідзельскім участку) і водна-ледавіковая нізіна сожскага веку (на Любчанскім участку). Спадзіста-хвалістая паверхня нізіны мае эолавыя формы выш. да 5—10 м (грады, пагоркі, дзюны), лагчыны сцёку, каля рэк — яры і лагчыны, абразійныя ўступы былых берагоў прыледавіковых азёр; месцамі забалочаныя, з азёрнымі катлавінамі. Ёсць участкі азёрна-алювіяльнай нізіны (пры ўпадзенні р. Бярэзіна ў р. Нёман) і марэннай раўніны. Вылучаюцца глыбока ўрэзаныя даліны Нёмана (да 20—45 м) і яго прытокаў з шырокімі забалочанымі поймамі, шматлікімі старыцамі, тэрасамі, з якіх найб. выразныя 2 узроўні — выш. 4—9 м і 8—12 м. Карысныя выкапні: легкаплаўкія і цэментныя гліны, мел, торф. Сярэдняя т-ра студз. ад -5,1 °C на З да -6,5 °C на У, ліп. 17,7—18 °C, ападкаў 540—613 мм за год. Гал. рака — Нёман з прытокамі Сула, Уса, Бярэзіна, Гаўя, Дзітва, Лебяда, Котра і інш. (справа), Уша, Сэрвач, Моўчадзь, Шчара, Зальвянка, Рось, Свіслач і інш. (злева). Найб. воз. Кромань. Глебы дзярнова-слабаападзоленыя пясчаныя і супясчаныя ў спалучэнні з тарфяна-балотнымі і поймава-лугавымі. Верхнянёманская нізіна ў межах падзоны грабава-дубова-цемнахвойных лясоў. Лясістасць 35%, хваёвыя, ялова-хваёвыя і мяшаныя лясы, дубровы. У поймах алешнікі і хмызняковыя зараснікі чаргуюцца з лугамі і забалочанымі ўчасткамі. На тэр. Верхнянёманскай нізіны біял. заказнікі Налібоцкі і Ліпічанская пушча.

В.Р.Сінякова.

т. 4, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

Ашмянскія грады, фізіка-геагр. раён Беларускай грады. На ПнУ Гродзенскайі З Мінскай абласцей. Мяжуе з Нарачана-Вілейскай нізінай на Пн, Мінскім узв. на У, Верхнянёманскай ніз. на Пд, Лідскай раўнінай на ПдЗ. Выцягнута з ПнЗ на ПдУ да 110 км (заходзіць у Літву як Мядзінінкскае ўзв.), шыр. да 40—50 км. Далінай Зах. Бярэзіны аддзяляецца ад Мінскага ўзв., з якім генетычна звязана. Над суседнімі нізінамі ўзнімаецца на 75—150 м. Найб. выш. 320 м над узр. м.г. Мілідаўская (за 2 км на ПнУ ад в. Крэва Смаргонскага р-на). Пл. каля 4 тыс. км². Ашмянскае ўзвышша — франтальныя ледавіковыя грады і вуглавы масіў, якія ўзніклі пры шматразовым насоўванні краю ледавіка вілейскай і мяркінскай лопасцяў у час Ашмянскага стадыяла перадапошняга зледзянення; зах. галіна адзінага амфітэатра канцавых марэнных утварэнняў, якія прадаўжаюцца на Пн па зах. перыферыі Мінскага ўзв. (да Докшыц). Прымеркавана да Валожынскага грабена і паўтарае яго арыенціроўку.

У будове ўзвышша пераважаюць адклады ніжняга і сярэдняга (1/2 магутнасці) антрапагену. З паверхні складзена з пяскоў, супескаў і суглінкаў з уключэннямі жвіру, галькі і валуноў (трапляюцца вельмі буйныя, гл. «Асілак») дняпроўскага зледзянення, з лёсападобных і зандравых адкладаў паазерскага зледзянення, азёрных, алювіяльных і балотных утварэнняў паазерскага і галацэнавага часу. Карысныя выкапні: цагельна-чарапічныя гліны, буд. пяскі і пясчана-жвіровы матэрыял, торф.

У рэльефе вылучаецца не менш як 5 кулісападобных градаў шыр. ад 1—1,5 да 5—7 км, якія складзены з гляцыядыслакаваных пародаў са шматлікімі адорвенямі і маюць скібава-складкавую структуру. Градава-ўзгоркавы і ўзгоркава-ўвалісты рэльеф са стромкімі (пераважна паўд.-зах.) схіламі мае адносныя вышыні ад 15—20 да 50—60 м (найб. выразны на ПнУ ад г. Ашмяны). Міжградавыя паніжэнні заняты даліннымі зандрамі і азёрна-алювіяльным рэльефам паазерскага зледзянення. Трапляюцца асобныя камы і лімнакамы, озавыя грады (найчасцей у паніжэннях). На стромкіх схілах развіты яры глыб. 3 м, даўж. 0,5 км. Узвышша пераразаюць скразныя даліны Бярэзіны паміж в. Гародзькі і Сакаўшчына Валожынскага р-на Мінскай вобл., Ашмянкі на ўчастку ад г. Ашмяны да в. Солы Смаргонскага р-на Гродзенскай вобласці і інш. Вярхоўі рэк Ашмянка і Альшанка звязаны затарфаванай далінай прарыву шыр. 11 км. Рэкі адносяцца да бас. Нёмана. Прытокі Віліі дрэніруюць паўн.-ўсх. (Ашмянка і Уша) і зах. (Мяркіс) схілы, на паўд.-зах. схіле пачынаюцца р. Гаўя з прытокамі Жыжма і Клява, Альшанка і інш. прытокі Зах. Бярэзіны. Т-ра студз. -6,6 °C, ліп. 17,1 °C, ападкаў 650—700 мм за год. Глебы найб. урадлівыя ва ўсх. ч. — дзярнова-палева-падзолістыя на лёсападобных суглінках, на астатняй тэр. дзярнова-падзолістыя на марэнных супесках і водна-ледавіковых пясках, у поймах алювіяльныя, у міжградавых паніжэннях і на месцы былых азёраў тарфяна-балотныя. Лясы (36% тэр.) захаваліся на невял. участках, найб. на З у вярхоўях Мяркіса і Альшанкі, — субары, яловыя, бярозава-асінавыя і алешнікі. Лугавая расліннасць (каля 25% тэр.) злакава-разнатраўная, разнатраўная і асаковая. Разарана каля 32% тэрыторыі. Ашмянскае ўзвышша мае адметныя краявіды, асабліва каля в. Кушляны Смаргонскага р-на і в. Жупраны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл.

М.Я.Камароўскі.

т. 2, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,

фізіка-геаграфічная падправінцыя Палескай правінцыі на б.ч. Брэсцкай і Гомельскай, невялікіх ч. на Пд Мінскай і крайнім ПдЗ Магілёўскай абласцей. Мяжуе на Пн з Заходне-Беларускай правінцыяй і Перадпалескай правінцыяй, на Пд — з Украінскім Палессем. Працягнулася з З на У больш як на 500 км, з Пн на Пд каля 200 км. Пл. 60 тыс. км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Брэсцкае Палессе, Загароддзе, Прыпяцкае Палессе, Гомельскае Палессе, Мазырскае Палессе (гл. карту да арт. Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).

У тэктанічных адносінах прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны, Палескай седлавіны, Прыпяцкага прагіну, Брагінска-Лоеўскай седлавіны і частак інш. структур. Крышталічны фундамент залягае на глыб. 0,4—1,7 км на З, 0,4—6 км на У, на Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступе — на глыб. 20—50 м, на Пд выходзіць на паверхню (каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.). У платформавым чахле найб. пашыраны адклады верхняга пратэразою, палеазою (дэвону і інш.), мезазою і кайназою (больш поўна, у параўнанні з астатняй тэр. Беларусі, развіты адклады палеагенавай і неагенавай сістэм). Пароды антрапагену ствараюць покрыва магутнасцю 20—100 м, у ледавіковых лагчынах да 200 м. Пераважаюць ледавіковыя, азёрна-алювіяльныя, алювіяльныя і балотныя адклады. Карысныя выкапні: нафта, гаручыя сланцы, буры вугаль, торф, калійныя і каменная солі, рэдкія металы, даўсаніт, буд. і абліцовачны камень, буд., шкловыя і фармовачныя пяскі, жвір, вогнетрывалыя і цагельныя гліны, мінералізаваныя і тэрмальныя воды, расолы і інш.

Асн. формы рэльефу ўтвораны дняпроўскім ледавіком і расталымі водамі сожскага ледавіка. Значная рэльефаўтваральная роля належыць эразійна-акумулятыўнай дзейнасці Прыпяці і яе прытокаў, стараж. і сучасных азёраў, балотаўтваральным і эолавым працэсам. Тэрыторыя Беларускага Палесся ахоплівае б.ч. Палескай і Прыдняпроўскай нізіны, на паверхні якіх пераважаюць водна-ледавіковыя (зандравыя), азёрна-алювіяльныя і алювіяльныя пясчаныя формы рэльефу. Трапляюцца марэнныя раўніны і канцова-марэнны градава-ўваліста-ўзгорысты рэльеф. Рачныя даліны Беларускага Палесся маюць шырокія поймы і тэрасы. Адзнакі паверхні вагаюцца ад 105 м над узр. м. (урэз вады ў р. Прыпяць пры выхадзе з тэр. Беларускага Палесся) да 220 м (за 5 км на Пд ад Мазыра на Мазырскай градзе), найб. пашыраны 120—150 м. У паніжаных ч. рэльефа — балоты (найб. масівы Паддубічы, Вялікі Лес, Выганашчанскае балота, Грычын, Загальскі масіў і інш.) і забалочаныя ўчасткі з азёрнымі катлавінамі. На рачных тэрасах і зандрах дзюны. Канцова-марэнныя ледавіковыя ўтварэнні (Загароддзе, Мазырская града, Юравіцкае ўзвышша, Хойніцка-Брагінскія вышыні і інш.) уздымаюцца над нізінамі да 40—80 м.

Клімат умерана кантынентальны (найб. цёплы на Беларусі), няўстойліва вільготны. Сярэднія т-ры студз. ад -4,4 °C на З да -7 °C на У (мінім. -36 °C), ліп. 18—19 °C (макс. 38 °C), ападкаў 540—645 мм за год (макс. 1115 мм). Вегетацыйны перыяд 193—208 дзён. Рэкі Дняпро і яго прытокі Сож, Бярэзіна і Прыпяць (гал. рака Беларускага Палесся) належаць да бас. Чорнага мора, Зах. Буг з Мухаўцом, Лясной і інш. — да бас. Балтыйскага мора. Суднаходныя каналы: Дняпроўска-Бугскі, Мікашэвіцкі і Агінскі (не дзейнічае); густая сетка меліярацыйных каналаў і канаў. Азёры Беларускага Палесся пераважна мелкаводныя, найб. з іх Чырвонае, Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае, Арэхаўскае. Шмат азёраў-старыц у поймах рэк. Пабудаваны вадасховішчы Салігорскае, Лактышы, Пагост і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя на пясках, да ўзвышшаў і раўнін прымеркаваны дзярнова-падзолістыя глебы на марэнных і лёсападобных супесках. Значную ч. тэрыторыі займаюць дзярновыя забалочаныя (глеевыя і глеяватыя), тарфяна-балотныя і алювіяльныя (поймавыя) глебы. Банітэт глебаў с.-г. угоддзяў на б. ч. Беларускага Палесся 45—50 балаў. Лясы займаюць 43%, належаць да Бугска-Палескай і Палеска-Прыдняпроўскай геабат. акруг падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. На водападзелах і рачных тэрасах пашыраны хваёвыя і шыракаліста-хваёвыя лясы (трапляюцца невял. ўчасткі шыракаліста-яловых), на марэнных узвышшах, раўнінах і тэрасах шыракалістыя лясы, пераважна дубовыя, ясянёва-дубовыя і ясянёвыя, на нізінных балотах чорнаалешнікавыя і пушыста-бярозавыя, у поймах рэк дубровы і алешнікі. У флоры шмат рэліктаў — вадзяны арэх, сальвінія плаваючая, альдраванда пухіраватая, рададэндран жоўты і інш. Больш за 1,2 млн. га зямель асушаны і ператвораны ў с.-г. ўгоддзі, пад ворывам каля 21% тэрыторыі. У межах Беларускага Палесся Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік; заказнікі ландшафтныя Белае, Прастыр, Альманскія балоты, Церабень, Мазырскія Яры, Смычок, Стрэльскі, гідралагічныя Выганашчанскае, Падвялікі Мох, біялагічныя Вусце Лані, Селяхі, Веткаўскі, Жыткавіцкі, Радастаўскі, Шабрынскі, Ленінскі, Борскі, Букчанскі, Чырковіцкі, Ялоўскі і інш. Значная ч. тэрыторыі Беларускага Палесся забруджана радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986.

Літ.:

Рельеф Белорусского Полесья. Мн., 1982;

Неотектоника и полезные скопаемые Белорусского Полесья. Мн., 1984;

Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.

А.В.Мацвееў, Э.А.Крутавус.

т. 2, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)