АЛЕУ́ЦКІ ЖО́ЛАБ,

глыбакаводны краявы жолаб у паўн. ч. Ціхага ак., уздоўж паўд. падводных схілаў Алеуцкіх а-воў. Даўж. больш за 4 тыс. км, сярэдняя шыр. больш за 60 км, глыб. да 7855 м. Грунт — чырв. гліны.

т. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕУ́ЦКІ ХРЫБЕ́Т,

на п-ве Аляска, у Ціхаакіянскім поясе Кардыльераў Паўн. Амерыкі; тэр. ЗША. Даўж. каля 850 км. Ланцуг вулканічных конусаў выш. 2500—3000 м. Найб. вяршыня — г. Рэдаут (3108 м). 10 дзеючых вулканаў (Іліямна, Катмай, Паўлава і інш.). На схілах субарктычныя лугі, горная тундра. На вяршынях шматгадовыя снягі і ледавікі.

т. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯ́СКА (Alaska),

паўвостраў на ПнЗ Паўн. Амерыкі (ЗША, штат Аляска), паміж Брыстольскім зал. Берынгава м. і Ціхім акіянам. Даўж. каля 700 км, шыр. да 170 км. Найб. выш. 2507 м (вулкан Веніямінава). Гарысты Алеуцкі хр. з дзеючым (Катмай, 2047 м) і патухлымі вулканамі. Горныя тундры, невял. ледавікі. Уздоўж паўн.-зах. ўзбярэжжа нізіны са шматлікімі азёрамі, субарктычныя лугі.

Тундра Аляскі.

т. 1, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЛАБ АКІЯНІ́ЧНЫ, глыбакаводны жолаб,

вузкае доўгае паніжэнне дна акіяна, элемент рэльефу пераходнай зоны паміж мацерыком і акіянам. Даўжыня дасягае некалькіх тысяч кіламетраў, шырыня — дзесяткаў і соцень кіламетраў, глыб. больш за 5000 км, сярэдняя стромкасць схілаў каля 5°, у месцах глыбінных разломаў схілы бываюць вельмі стромкія. Размяшчаюцца ўздоўж горных узбярэжжаў мацерыкоў (напр., Перуанскі і Чылійскі жалабы каля зах. берагоў Паўд. Амерыкі) або са знешняга боку астраўных дуг (Алеуцкі, Курыла-Камчацкі, Японскі, Філіпінскі жалабы). З Ж.а. звязаны макс. глыбіні Сусветнага ак., у т. л. найб. на Зямлі глыб. 11022 м (у Марыянскім жолабе Ціхага ак.).

т. 6, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЫЛЬЕ́РЫ ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫКІ,

паўночная частка горнай сістэмы Кардыльераў на З Паўн. Амерыкі. Выцягнутыя у мерыдыянальным напрамку ўздоўж берагоў Ціхага ак. ад Аляскі да Панамскага перашыйка на тэр. ЗША, Канады і Мексікі. Даўж. больш за 9 тыс. км, шыр. ад 800 км (у Канадзе) да 1600 км (у ЗША). У іх вылучаюцца 3 падоўжныя араграфічныя паясы: зах., унутр. і ўсходні. Заходні, або Ціхаакіянскі, пояс складаецца з ланцуга высокіх горных хрыбтоў. Найб. значныя: Аляскінскі хрыбетнайвыш. пунктам мацерыка г. Мак-Кінлі — 6193 м), Алеуцкі, Берагавы хрыбет, Каскадныя горы, Сьера-Невада, Зах. Сьера-Мадрэ, Папярочная Вулканічная Сьера, Паўд. Сьера-Мадрэ. Уздоўж берага цягнецца раздроблены Астраўны хр. (архіпелаг Аляксандра, Каралевы Шарлоты астравы, в-аў Ванкувер). Усходні, або пояс Скалістых гор, утварылі масіўныя хрыбты: Брукса хрыбет, Рычардсан, горы Макензі, уласна Скалістыя горы (г. Элберг — 4399 м) і Усх. Сьера-Мадрэ. Да ўнутранага пояса належаць: на Алясцы — шырокія тэктанічныя ўпадзіны, якія чаргуюцца з плоскавяршыннымі горнымі масівамі выш. да 1500—1700 м (горы Кілбак, Кускаквім, Рэй); у Канадзе — шматлікія высокія плато (Юкан, Стыкін, Фрэйзер), горныя масівы і хрыбты (горы Касіяр—Омінека, 2590 м; Калумбійскія горы, да 3581 м); у ЗША і Мексіцы — высакагорныя масівы ў вобласці пашыранага развіцця баталітаў у штаце Айдаха (выш. да 3857 м), вулканічныя плато Снейк і Калумбійскае плато, нагор’е Вялікі Басейн, ступеньчатае плато Каларада і Мексіканскае нагор’е. Кардыльеры Цэнтр. Амерыкі складаюцца з 3 дуг: 2 з іх працягваюць ланцугі К.П.А. — Усх. Сьера-Мадрэ і Паўд. Сьера-Мадрэ, трэцяя — Вулканічная Сьера (вулкан Тахумулька, 4217 м, — найвыш. пункт Цэнтр. Амерыкі) працягваецца ад тэр. Гватэмалы да Панамы і злучаецца з Андамі Паўд. Амерыкі.

К.П.А сфарміраваны ў мезакайназоі з рознаўзроставых геал. структур: дакембрыйскіх (плато Каларада, некат. хрыбты Скалістых гор), крышт. палеазойскіх утварэнняў (плато Юкан, хрыбты Брукса, Макензі), мезазойскіх баталітаў (Берагавы хр., Сьера-Невада), складкавых асадкавых і вулканагенных тоўшчаў (хрыбты зах. пояса), кайназойскіх вывергнутых парод (Папярочная Вулканічная Сьера, Аляскінскі хр). Радовішчы свінцова-цынкавых, медна-малібдэнавых руд, вальфраму, урану, золата, нафты і інш. Ледавікі больш развіты ў паўн. частцы К.П.А. Агульная пл. зледзянення каля 67 тыс. км². Найб. нізкая (300—450 м) снегавая мяжа апускаецца на ціхаакіянскім схіле гор Паўд. Аляскі, месцамі зніжана да ўзроўню акіяна; найб. высока (больш за 4500 м) размешчана ў Мексіцы.

На схілах К.П.А. бяруць пачатак рэкі басейнаў Місуры, Юкана, Калумбіі, Каларада, Фрэйзера і інш. Найб. паўнаводныя горныя рэкі з вял. падзеннем і зарэгуляваным азёрамі вадасцёкам маюць вял. гідраэнергапатэнцыял, шырока выкарыстоўваюцца для атрымання электраэнергіі і на арашэнне. У К.П.А. назіраецца паслядоўная змена клімату ад арктычнага да трапічнага. Найб. амплітуды сярэднегадавых тэмператур адзначаліся на ўнутр. плато. Сярэдняя т-ра студз. на плато Юкан каля -30 °C, ліп. 15 °C. На нагор’і Вял. Басейн адпаведна 0 °C і 24 °C. К.П.А. працягваюцца перпендыкулярна пераносу паветр. мас, таму вільготнасць клімату крайніх паясоў і ўнутр. адрозніваецца. Ва ўмераным поясе больш вільготны крайні З (у Берагавым хр. ападкаў 4000—6000 мм за год), у трапічным — крайні У (на Мексіканскім нагор’і ападкаў 2000 мм за год). На ўнутр. пласкагор’ях — 200—400 мм, у пустыні Махаве — 50 мм за год. Паўн. частка К.П.А. занята хвойнымі лясамі. Яны цягнуцца ўздоўж Ціхаакіянскага ўзбярэжжа ад Паўд. Аляскі да штата Каліфорнія. Лясы таежнага тыпу растуць таксама на наветраных схілах Скалістых гор і ўнутр. плато да 50° паўн. ш. Далей на Пд сухія стэпы, паўпустыні і пустыні з палынова-лебядовай і сукулентнай (кактусы, агавы, юкі) расліннасцю. Вонкавыя схілы Мексіканскага нагор’я ўкрыты вільготна-трапічнымі лясамі. На Ціхаакіянскім узбярэжжы Цэнтр. Амерыкі пераважна лістападныя трапічныя лясы. Міжгорныя катлавіны заняты рэдкалессямі і другаснымі саваннамі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: шэры і чорны мядзведзі, горны карыбу, снежная каза, віларогая антылопа, пума, рысь, воўк, грызуны, паўзуны і птушкі. Стэпавыя землі далін апрацоўваюцца, лесастэпы выкарыстоўваюцца пад пашу; у субтропіках на арашальных землях рачных далін — садаводства; у тропіках вял. плошчы пад плантацыямі трапічных культур і пасевамі збожжавых. Заселена ў асноўным узбярэжжа.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 8, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)